Ці з’явіцца ў Віцебску Алея зорак?

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” чакаюць амаль што кардынальныя зменыФестываль, які штогод у горадзе на Дзвіне збірае лепшых артыстаў, майстроў самадзейнай і народнай творчасці, за шаснаццаць гадоў свайго існавання стаў візітнай карткай Віцебшчыны. Але шмат у чым Славянскі базар яшчэ недасканалы. Такое меркаванне выказвае намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Косінец.

Фестываль з года ў год праходзіць даволі аднатыпна. Неабходна мяняць падыход да рэжысуры, а таксама запрашаць на фестываль толькі цікавых гледачу артыстаў, персон, якія сапраўды нясуць сабой культуру і зрабілі вялікі ўклад у развіццё фестывалю, адзначае намеснік прэм’ер-міністра. Акрамя таго, Аляксандр Косінец прапанаваў закласці ў Віцебску Алею зорак, арганізаваць, акрамя дзіцячага і дарослага конкурсаў эстрадных выканаўцаў, яшчэ і юнацкі. У цэлым у “Славянскім базары” павінны прымаць удзел выключна зоркі. Гэта, на думку Аляксандра Косінца, і дапаможа вывесці фестываль на самаакупнасць. “Адзін канцэрт Тото Кутуньо абыходзіцца ў 600 мільёнаў рублёў, — сказаў ён. — Запрасіце 5—7 такіх выканаўцаў”.
Бюджэт фестывалю з кожным годам расце. Cёлета на арганізацыю “Славянскага базару” плануецца выкарыстаць каля 4 мільярдаў. Аляксандр Косінец адзначыў, што будзе нелагічна атрымаць ад яго прыбытку ўсяго 2 мільярды 783 мільёны рублёў, як запланавана.
Сёння яшчэ пакуль што не створаны бізнес-план фестывалю і мерапрыемстваў, якія павінны праводзіцца ў летні час на пляцоўцы Амфітэатра. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што сцэна Амфітэатра не эксплуатуецца на належным узроўні.
— Работа над стварэннем Алеі зорак у Віцебску ідзе, — расказаў карэспандэнту “НГ” начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. — Ёсць артысты, без якіх складана ўявіць “Славянскі базар”. Ала Пугачова, Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў... Думалі Алею зорак зрабіць часткай прысвечанай фестывалю экспазіцыі, якая ўжо створана, аднак прыйшлі да высновы, што будзе лепш увасобіць яе на дарожцы з граніту ці мармуру. Для таго каб зрабіць яе эфектнай, патрэбны немалыя грошы. Запрасіць сусветна вядомых зорак на фестываль мы можам — ужо сёння вядуцца перамовы з артыстамі з Францыі, Англіі. Але калі паклічам самых высокааплатных спевакоў, то прыйдзецца пасля адкрыцця фестывалю адразу ж рабіць закрыццё... Лучана Павароцці, напрыклад, за тры выкананыя песні ў Маскве некалі заплацілі 1 мільён долараў. І тая ж Патрысія Каас, якая ўжо не так запатрабавана на Захадзе, за канцэрт бярэ 130 тысяч долараў. Зрабіць фестываль самаакупным можна, павысіўшы кошт білетаў да 300 долараў. Але ці збярэм тады поўную залу?
Адзіны спосаб зрабіць фестываль незвычайным Мікалай Пашынскі бачыць у нетыповай рэжысуры канцэртаў. Так, XVII Міжнародны фестываль мастацтваў будуць “ставіць” маладыя рэжысёры з Санкт-Пецярбурга. “Жывых” канцэртаў на фестывалі, што значыць без “плюсавой” фанаграмы, чакаць не прыйдзецца. На “Славянскім базары” “жывыя” канцэрты даюць толькі Іосіф Кабзон, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга, Надзея Бабкіна, ансамбль “Песняры”; спрабуе без “фанеры” спяваць Крысціна Арбакайтэ. “Справа ў тым, што для эстрады прасцей выкарыстоўваць запіс адразу з голасам, бо можна, не баючыся, што сфальшывіш, пахадзіць па зале, сабраць кветкі ад гледачоў”, — гаворыць Мікалай Пятровіч. Ідэя правесці юнацкі конкурс выканаўцаў, па яго словах, зараз распрацоўваецца. Але зрабіць гэта будзе складана, бо ў дзяцей у гэтым узросце адбываецца мутацыя голасу, і спяваць у гэты час непажадана.

Бліцапытанне

На канцэрт якога артыста ці гурта вы паехалі б на “Славянскі базар у Віцебску”?
Наталля АЛЯШКЕВІЧ, памочнік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі:
— Групы “Тодэс”. Мне больш падабаюцца танцы, чым песні.
Вольга КУЛЯКА, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Карэліцкага райвыканкама:
— Аляксандра Разенбаўма. З задавальненнем паехала б на “Дыскатэку 80-х”.
Вольга КАСАТКІНА, прэс-сакратар РУП “Белпошта”:
— Таркана ці пераможцы “Еўрабачання-2003” турчанкі Сертаб.
Сяргей КІРПІЧОЎ, старшы майстар Беларускага аўтамабільнага завода:
— Пелагеі, гурта “Сплін”.
Алена ЛЯЎКО, журналіст:
— Вельмі падабаецца зорка “Нотр Дам дэ Пары” — Garou.
Святлана ЗЫЧЛІВАЯ, студэнтка:
— Мадонны, Валерыя Меладзе, гуртоў “DDT”, “Sсorpions”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter