Ці стане іпатэка панацэяй? Нягледзячы на змяншэнне дзяржаўнага фiнансавання, аб’ёмы жыллёвага будаўнiцтва ў рэспублiцы павялiчваюцца.

Асноўнымi каталiзатарамi наваселляў у блiжэйшыя пяць гадоў стануць, як плануюць у беларускiм урадзе, новыя для нашай краiны сiстэмы будаўнiчых зберажэнняў i iпатэчнага крэдытавання.
Прырастаем метрамi
З 1995 да 2004 года аб’ём жыллёвага будаўнiцтва ў рэспублiцы павялiчыўся з 1,9 мiльёна квадратных метраў да 3,5 мiльёна. На кожнага жыхара рэспублiкi, як сведчыць статыстыка, сёння прыходзiцца па 22,6 “квадрата”. Тым не менш попыт на новыя кватэры не памяншаецца. Каб хоць часткова задаволiць яго, сёлета плануецца ўзвесцi каля 4 мiльёнаў квадратных метраў. А гэта значыць, што ўзровень забяспечанасцi павялiчыцца да 23 квадратных метраў.
Але аб’ём дзяржаўнай падтрымкi паступова будзе змяншацца. Большасцi патэнцыяльных навасёлаў прыйдзецца выкарыстоўваць уласныя сродкi, банкаўскiя крэдыты, рэсурсы прадпрыемстваў i арганізацый.
Зберажы сам
Шырокамаштабнае выдзяленне бясплатных кватэр тым, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, засталося ў мiнулым. У краiне ажыццяўляецца паступовы пераход да прадастаўлення дзяржаўнай дыферэнцыраванай адраснай дапамогi грамадзянам, якiя будуюць з выкарыстаннем уласных сродкаў. Гэта значыць, ты пачынай, а дзяржава цябе падтрымае. Новыя сiстэмы будзберажэнняў i iпатэчнага крэдытавання, як плануецца, працягнуць такi эвалюцыйны пераход.
Сiстэма будаўнiчых зберажэнняў распрацоўваецца ўжо некалькi гадоў. Асобныя яе элементы былi адпрацаваны ў праграме “Рацыянальны дом”. Новая сiстэма ўключае два этапы — накапляльны i крэдытны. На першым этапе грамадзяне будуць паступова назапашваць на спецыяльным банкаўскiм рахунку палову кошту будучай кватэры. На другiм — атрымаюць дзяржсубсiдыю, банкаўскi крэдыт на астатнiя 50 працэнтаў кошту кватэры i наступныя некалькi гадоў будуць вяртаць пазычаныя сродкi. Пасля завяршэння першага этапа можна будзе спраўляць наваселле. Такiм чынам, час чакання кватэры паменшыцца ўдвая i складзе, па папярэднiх прагнозах, 6—8 гадоў.
Закон аб будаўнiчых зберажэннях, як прагназуецца, можа быць прыняты ў наступным годзе. Важным плюсам новай сiстэмы будзе тое, што скарыстацца ёю змогуць не толькi тыя, хто адстаяў свае 10—15 гадоў у чарзе, але i ўсе астатнiя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter