Ці праўда, што за мяжой існуюць цэлыя беларускія вёскі?

Немагчыма развіваць нацыянальную культуру, не асэнсаваўшы ўклад беларускай дыяспары ў сусветную цывілізацыю.

Напэўна, вам даводзілася чуць ад людзей, вострых на язык, нібы беларусы жывуць самі па сабе, пра іх мала ведаюць у свеце ды і наогул наша нацыя нічым не адметная сярод іншых. Значыць, ім проста невядома, што карпарацыю Metro-Goldwin-Mayer, якая ў 1930-х гадах была найбуйнейшай кінакампаніяй Галівуда, заснаваў выхадзец з Мінска Луіс Маер. Што магутнейшую сетку ўнівермагаў у Аўстраліі стварыў ураджэнец Крычава Сімха Баеўскі. А першым прэзідэнтам Ізраіля стаў ураджэнец беларускага мястэчка Моталь Хаім Вейцман. А самі вы чулі пра гэтых людзей? “Народная газета” сумесна з Інстытутам культуры Беларусі распачынае рубрыку “Беларусы свету”, у якой будзе расказваць пра знакамітых ураджэнцаў Беларусі, зрабіўшых значны ўнёсак у сусветную культуру. Штомесяц на старонках газеты вы зможаце адкрываць для сябе імены знакамітых выхадцаў з Беларусі, якія сталі вядомымі за мяжой. А сёння вы даведаецеся, наколькі вялікая беларуская дыяспара, у якіх куточках свету найбольш праславіліся беларусы і ці праўда, што за мяжой існуюць цэлыя беларускія вёскі.

Можа, і цяжка паверыць, але міграцыйныя працэсы з беларускіх земляў ажыццяўляюцца ўжо больш за тысячу гадоў. Да прыкладу, яшчэ ў VI—VIIІ стагоддзях дрыгавічы з’явіліся ў Грэцыі і кампактна аселі для пражывання ў наваколлях Салонікаў.

— Аднак фарміраванне дыяспары як масавага пражывання  значнай часткі беларускага народа за межамі Бацькаўшчыны пачалося толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, — тлумачыць метадыст аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Галіна Івуць. — У Сібіры і сёння можна трапіць ў сапраўдныя беларускія вёскі, якія ўзніклі яшчэ ў часы сталыпінскіх рэформаў. Тады многія беларускія сем’і паехалі ў Сібір ў пошуках зямлі і лепшай долі. Выязджалі цэлымі вёскамі. Да гэтай пары ў іх жыхароў захаваліся звычкі, мова, песні, абрады, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

За стагоддзі беларуская дыяспара павялічылася прыкладна да 3—3,5 мільёна чалавек. Уявіце сабе — чвэрць нацыі!

— Гэта прыблізныя звесткі, — гаворыць Галіна Фёдараўна. — Сказаць дакладна, колькі ў свеце пражывае беларусаў, немагчыма, бо ў кожнай краіне існуюць свае прынцыпы ўліку насельніцтва: па гутарковай мове, грамадзянстве, краіне паходжання, самавызначэнні, канфесійнай прыналежнасці. Але неабходна адзначыць, што ў апошні час па розных прычынах назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці беларусаў замежжа. Таму так востра паўстала сёння праблема вывучэння і захавання культурнай спадчыны беларускай эміграцыі.

Цяжка пералічыць, колькі таленавітых  навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў дала Беларусь свету. Сярод іх — нацыянальны герой ЗША Тадэвуш Касцюшка; рэлігійны дзеяч Францішак Дзеружынскі; лекар і грамадскі дзеяч, прэзідэнт парламента на Гаваях Мікалай Судзілоўскі; вучоныя Ігнацій Дамейка, Жарэс Алфёраў; дзеячы культуры Тамара Стагановіч, Міхал Забэйда-Суміцкі,  Майсей Сяднёў і многія іншыя.

— Сістэматычна, на працягу двух стагоддзяў з Беларусі ў замежжа адыходзілі і найбольш свядомыя і адукаваныя людзі, выдатныя сыны сваёй зямлі, — расказвае Галіна Івуць. — На жаль, доўгі час у выніку нацыянальнага нігілізму, ігнаравання навуковай і культурнай спадчыны яны пераважна былі вядомыя як прадстаўнікі іншых краін.

Толькі з 90-х гадоў пачалі ўсталёўвацца кантакты паміж Беларуссю і яе дыяспарай. Але і сёння на Бацькаўшчыне  яшчэ зусім мала ведаюць пра сваіх суродзічаў у замежжы. Між іншым без асэнсавання ўкладу беларускай дыяспары ў сусветную цывілізацыю немагчыма развіваць нацыянальную культуру.

— Беларусы, рассеяныя па ўсім свеце, нібы тыя зярняткі, не могуць не даваць плёну, — разважае Галіна Фёдараўна. — Бо не страцілі яны ў іншых краінах родную мову, размаўляюць на ёй, пішуць вершы, кнігі. Не забыліся пра родныя краявіды, бо пішуць іх на карцінах. Не адракліся ад нацыянальнай культуры, бо спяваюць і танцуюць у беларускіх ансамблях у Бельгіі, Польшчы, Расіі, Украіне.

З 2012 года Інстытут культуры Беларусі Міністэрства культуры аднавіў працу па фарміраванні картатэкі, базы дадзеных, збору артыкулаў і кніг, розных матэрыялаў, звязаных з жыццём, навуковай і культурнай дзейнасцю ўраджэнцаў Беларусі, якая ў свой час вялася ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны. Узначаліў справу Адам Мальдзіс, які і быў роданачальнікам гэтай пачэснай працы. У многім дзякуючы яму, а таксама  дзейнасці аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі  і стала магчымым расказаць пра вядомых беларусаў свету ў “Народнай газеце”.

— Неабходна вярнуць Беларусі імёны тых, хто нарадзіўся на беларускай зямлі і працаваў на яе карысць па-за межамі нашай краіны, — гаворыць Галіна Івуць. — І далучыць гэтую спадчыну да беларускай культуры і навукі як яе арганічную неад’емную частку.

 Зусім хутка на старонках “Народнай газеты” вы сустрэнецеся з сусветна вядомым фізікам родам з Беларусі  Мікалаем РУСАКОВІЧАМ, які ўдзельнічаў у стварэнні  Вялікага гадроннага калайдэра ў Швейцарыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter