Ці праўда, што па трэску дроў можна прадказаць надвор’е?

Па тым, як дровы гарэлі ў печы, нашы продкі сапраўды прадказвалі надвор’е.

Па тым, як дровы гарэлі ў печы, нашы продкі сапраўды  прадказвалі надвор’е: гараць з трэскам — чакай маразоў; дрэнна распальваюцца, шыпяць, дымяць — чакай адлігі. Існуюць у народнай традыцыі і іншыя павер’і наконт дроў, іх нарыхтоўкі і распальвання.

  • Лічылася: той, хто адправіўся ў лес па дровы на зіму, раней за іншых трапіць у лес і ссячэ першае дрэва, у таго “жыццё будзе цяплейшым і багацейшым”.
  • Час, на працягу якога займаліся нарыхтоўкай дроў, у народзе называлі “дрывасекам”. Пачыналіся “дрывасечныя тыдні” ў сакавіку—красавіку, а заканчваліся на Якава-дрывасека — ахоўніка дрывасекаў (22 кастрычніка).
  • На працягу года былі дні, калі забаранялася займацца нарыхтоўкай дроў: на Каляды, на Саракі, у Вялікую пятніцу, у чацвер на Траецкім тыдні, у Градавую сераду, у нядзелю і святочныя дні.
  • Катэгарычна забаранялася секчы дровы пасля заходу сонца.
  • Дровы раілі нарыхтоўваць на збыта. Лічылася: дровы, нарыхтаваныя на поўню, хутка гніюць.
  • Забаранялася калоць дровы ці складаць іх на парозе хаты — такія непаважлівыя адносіны да продкаў выклікаюць хваробу ці смерць сваякоў.
  • На дровы бралі не ўсе дрэвы. Катэгарычна забаранялася секчы рабіну, бузіну, асіну, шыпшыну, вішню, а таксама дрэва, у якое трапіла маланка ці якое было вывернута з коранем у час буры. Лічылася, што парушэнне гэтай забароны выклікае хваробу ці смерць кагосьці з сям’і.
  • Месца, дзе секлі і захоўвалі дровы, лічылася “нячыстым”, таму імкнуліся не заходзіць туды ўначы. У той жа час варожбы, рытуальныя дзеянні лячэбнай магіі выконвалі менавіта ў такім месцы. Напрыклад, на Каляды незамужнія дзяўчаты наўздагад хапалі некалькі паленаў і неслі ў хату, дзе пералічвалі іх: цотная колькасць дроваў прадказвала хуткае вяселле.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter