Ці надзейны «замок»?

У Гомелі сустрэліся кіраўнікі пагранведамстваў Беларусі і Украіны

Кіраўнікі пагранічных ведамстваў Беларусі і Украіны абмеркавалі ў Гомелі актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння

«Граніца на замку». Гэты ўстойлівы выраз не сёння ўвайшоў у наш побыт. Тым не менш у час рабочай сустрэчы кіраўнікоў пагра-нічных ведамстваў Беларусі і Украіны Аляксандра Баечкі і Мікалая Ліцвіна, якая адбылася ў Гомелі, размова ішла ў больш шырокім кантэксце.

А менавіта аб тым, як не толькі захаваць непарушнасць дзяржаўных меж, сумеснымі намаганнямі выяўляць і прадухіляць на памежжы супрацьпраўныя дзеянні, супрацьстаяць незаконнай міграцыі і кантрабандным праяўленням, але і адначасова прадпрымаць крокі, каб межы не з’яўляліся сур’ёзнай перашкодай для добрасуседскіх стасункаў славянскіх народаў, дапамагалі ў развіцці эканомік суседніх краін. Наколькі гэтыя задачы, вызначаныя кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў, рэалізаваліся ў паўсядзённай службе пагранічнікаў у мінулым годзе?

Калі перайсці на мову лічбаў, то сітуацыя выглядае так. У мінулым годзе праз мяжу нашай краіны з Украінай прайшлі і праехалі 12 мільёнаў чалавек і каля двух з паловай мільёнаў транспартных адзінак. Пагранічнікі выявілі каля 12 тысяч дакументальных парушэнняў, з іх у сямі тысячах выпадкаў грамадзяне ехалі праз граніцу з падробнымі і чужымі пашпартамі. За гэты прамежак часу зафіксавана каля 5,5 тысячы адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з перасячэннем граніцы і захаваннем рэжыму прыгранічнай тэрыторыі, 544 выпадкі затрымання кантрабандных таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш 39 мільярдаў рублёў. Адзначаны і спробы перамяшчэння праз пагранічную тэрыторыю зброі і боепрыпасаў (выяўлена іх адпаведна 75 і 870 адзінак), а таксама наркатычных рэчываў. На думку кіраўнікоў пагранведамстваў, паставіць надзейны заслон крымінальным памкненням дапамагалі ў мінулым годзе своечасовы абмен аператыўнай інфармацыяй і каардынацыя дзеянняў пагранічных падраздзяленняў дзвюх краін.

Пратакол аб далейшым супрацоўніцтве на 2013—2014 гады прадугледжвае, апроч іншых крокаў, сумеснае патруляванне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы беларускімі і ўкраінскімі ахоўнікамі. Атрымала ў час рабочай сустрэчы вырашэнне і праблема пэўнай напружанасці, што перыядычна ўзнікала на памежжы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі і Ракітнаўскага Ровенскай вобласці Украіны, асаб-ліва ў час масавага збору лясных дароў. Інцыдэнты, звязаныя з затрыманнем украінцаў у беларускіх лясах і, адпаведна, беларусаў на ўкраінскай тэрыторыі, цяпер можна лічыць вычарпанымі. Пад пагадненнямі ўрада Беларусі і Кабінета Міністраў Украіны аб спрошчаным перасячэнні мяжы грамадзянамі ў адзначаны перыяд паставілі подпісы кіраўнікі пагранічных службаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter