Ці на самай справе беларусы такія ціхмяныя і сціплыя, як гэта прынята думаць?

Давялося мне неяк патрымаць у руках збор фальклору Барысаўскага раёна. Птушкі, кветачкі, рабінка... Вы ж і самі ведаеце, як любілі нашы продкі ўславіць беларускую прыроду. І раптам натрапіла на такі тэкст, што, не паверыце, — нават пачырванела.

Давялося мне неяк патрымаць у руках збор фальклору Барысаўскага раёна. Птушкі, кветачкі, рабінка... І раптам натрапіла на такі тэкст, што, не паверыце, — нават пачырванела. Там вам і “трэцяя нага, хоць кароткая, але салодкая”, і д’ябал, які “шукае дзіркі”... І адразу ў мяне ўзнікла пытанне: “ці на самай справе беларусы такія ціхмяныя і сціплыя, як гэта прынята думаць?”

Памятаеце, чым звычайна заканчваліся беларускія народныя казкі? Правільна, вяселлем. Бо адным з жалезных правіл чалавека тады, як, дарэчы, і сёння, быў працяг роду. А значыць — без “гэтага” абысціся нашым продкам было проста немагчыма. Аднак існаваў шэраг правілаў і норм.
— Па-першае, у традыцыі вылучаўся вельмі катэгарычны падзел жыццёвых этапаў. Тое, што дазвалялася, скажам, дарослым, забаранялася дзецям, — распавядае доктар філалагічных навук Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — А па-другое, досыць рэзка размяжоўвалася святочнае і будзённае.
Кірунак на стварэнне сямейнай пары і будучага дзетараджэння закладваўся са з’яўлення маленькага чалавечка на свет. Пупавіну дзяўчынкі перавязвалі жаночымі пасмачкамі канапель, каб яна была плоднай. Прымалі малую ў бацькоўскія штаны ці кашулю, каб у будучым на яе заглядаліся хлопцы. А на хрэсьбіны звычайна разбівалі гаршчок з бабінай кашай — каб за гэту дзяўчынку біліся хлопцы. Такім чынам, ужо ад нараджэння фарміравалася роля будучай жанчыны як жонкі і маці.
Вядома, дзіцячыя гульні не мелі нават намёку на нейкі эратызм ці распушчанасць. Праз гульні малых хлопчыкаў і дзяўчынак рыхтавалі да таго, каб яны станавіліся дбайнымі гаспадарамі і клапатлівымі гаспадынькамі. Затое ўжо падчас маладзёжных гулянак беларусы вучыліся адносінам паміж хлопцам і дзяўчынай: як весці гаворку, як выказаць сваю сімпатыю і гэтак далей.
У часе “Жаніцьбы Цярэшкі”, да прыкладу, дзяўчына магла праспяваць накшталт “Смачная рыбка язёк, / цалуй яшчэ разок” і пацалаваць хлопца ў шчаку. Але толькі падчас гульні! Як расказваюць старэнькія бабулі, выказваць свае пачуцці на людзях было нягожа. Калі хлопец з дзяўчынай употай паціскалі адзін аднаму рукі, гэта было знакам вялікай прыязні. Было і такое: калі дзяўчыне падабаўся хлопец, яна вышывала яму хусцінку з птушкай ці кветачкай, а той карыстаўся яе падарункам на людзях. Тады ў вёсцы казалі, што яны “ходзюць”, ці гуляюць.

Пра “гэта” — у святы

Як бачым, маладзёжная культура была вельмі стрыманай і цнатлівай. І пэўныя адступленні ад правілаў дазваляліся толькі ў святочныя дні. Дарослыя, зыходзячы з багатага эратычнага фальклору, былі далёкімі ад аскетычных ідэалаў.
— Казаць, што беларусы былі ціхонямі ці нечага не ведалі, няправільна, — лічыць Таццяна Валодзіна. — Эратычны пласт фальклору дэманструе самакаштоўнасць інтымных адносін. Блізкасць з каханым чалавекам была не апошняй уцехай зямнога жыцця. Аднак гаварыць пра “гэта” ў паўсядзённым жыцці было непрыгожа, сорамна і недапушчальна. Затое “раскрываліся” беларусы на святы — у песнях, загадках, прыпеўках.
— Эратычны фальклор — гэта месца смеху. Ніжняя частка цела смех выклікае ва ўсіх народаў, — гаворыць кандыдат мастацтвазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Тамара Варфаламеева. — Канешне, існуе шмат забарон. Ну, нельга нам хадзіць без штаноў. Хоць у некаторых краінах норма — хадзіць аголенымі. Але ні ў якім разе не трэба рабіць з народнай культуры феціш маральны — там, як у ва ўсіх народаў, было і тое, і другое...
Праўда, у адрозненне ад іншых беларусы “пра гэта” гавораць і спяваюць больш сціпла і завуаліравана. У беларускім фальклоры зрэдку знойдзеш ненарматыўную лексіку. Няма тут і прамых найменняў органаў цялеснага нізу. Нездарма называюць адносіны мужчыны і жанчыны патаемным жыццём. Вось і хавае яго беларус за безліччу вобразаў і сімвалаў. Не адразу і ў галаву прыйдзе, пра што ідзе гаворка.

Агурок з капусткай

Усё навакольнае ў нашых продкаў дзялілася па прыкмеце мужчынскае — жаночае. У першую чаргу зыходзячы са сваёй формы. Прадаўгаватае, выцягнутае ў нашых продкаў набывала значэнне мужчынскага пачатку: агурок, таўкач, шыла... А круглае з адтулінамі цi паглыбленнямі — жаночага: пярсцёнак, вянок, ступа, гаршчок, капуста...
— Самы эратычны фальклор — гэта радзінныя песні, — гаворыць Таццяна Валодзіна. — Яны проста іскраць фрывольнасцямі. Як больш вольнымі, так і вельмі прыгожа зашыфраванымі. Аднак трэба сказаць, што на радзіны дапускаліся толькі дарослыя жанатыя людзі. Ні дзецям, ні нават моладзі там месца не было.

А кум кумку разуваў,
Пад падолік паглядаў.
“А, кумачка, што за звер?
Баюся, каб не з’еў”.

Эратычнай сімволікай пранізана і вясельная паэзія — ад провадаў маладых у клець на шлюбную ноч да заўтрашняй раніцы. Асабліва радаснымі былі песні, калі нявеста аказвалася “чэснай”. На ўсю вёску спявалі пра зберажоную “калінку”. Бацькі маладога адорвалі сватоў багатымі падарункамі, пасылалі бутэльку, напоўненую жытам і перавязаную чырвоным бантам. Калі ж здаралася адваротнае і дзяўчына не даношвала свайго “вянка” да вяселля, вінавацілі і маладую, і бацькоў. Справай і песняй: “Пад елкаю спала, / не дзеўкаю ўстала”.
Вядома, за сталом такія песні не выконваліся — там маглі знаходзіцца дзеці. А ім рана было чуць пра “гэта”. Затое існаваў такі цікавы пласт загадак і прыпевак, якія маглі выконвацца і пры малых.

Ой, бабка мая,
У цябе карытца.
У мяне ёсць парсючок,
Дай яму парыцца.

Дзіця і не зразумее, пра што ідзе гаворка. Вельмі мудра. Нядрэнна было б і нам, сучасным беларусам, павучыцца гэтай мудрасці ў продкаў. Каб не хадзілі дзеці па вуліцы, спяваючы: “Я на все согласна, / все предельно ясно”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter