Цімохава навука

Самай крыклівай жанчынай у нашай вёсцы была Кацярына. Як раскрычыцца, бывала, на мужа, дык хоць вушы затыкай. Дзіву даваліся людзі: як толькі бедны Сцяпан трывае? Кроплю гарэлкі глыне, а ляманту — на ўсю вёску.

Але цяпер Кацярыну быццам падмянілі. Нідзе не чуваць яе пагрозлівага голасу. І Сцяпан прыкметна пасмялеў, ходзіць з горда ўзнятай галавой і толькі ў вус пасміхаецца.

— Давай у бар зазірнём, — прапаноўвае мне нядаўна.

— Ты што, хочаш, каб мяне твая Кацярына са свету зжыла? — пачаў я аднеквацца.

— Кажу табе, пайшлі ў бар! — і пацягнуў мяне за сабою.

Ужо ў бары захмялелы Сцяпан выдаў мне сакрэт:

— Ведаеш, чаго жонка маўчыць? Гэта ж мне Цімох Лявончыкаў дапамог. Чысцілі мы з ім неяк восенню ў калгасным свірне ячмень. Пустазелля хоць і нямнога, але ж набралася. «Бяры ў кішэні колькі ўлезе», — шэпча мне Цімох. «Навошта мне тое смецце, яго ж і куры дзяўбці не будуць», — запярэчыў я. «Курам яно, вядома, непрыгоднае, — згаджаецца Цімох, — а вось на «лекі» для жонкі — тое, што трэба. Каб менш сварылася. Рассееш па агародзе — усё лета твая Кацярына будзе на градках шчыраваць, не да лаянкі ёй будзе!..»

Як у ваду Цімох глядзеў! Восенню я ціхенька тое пустазелле на гародзе рассеяў — і мая Кацярына ад ранняй вясны з град не вылазіць. Не паспее скончыць праполку, як зноў трэба пачынаць. Ды я ўжо і забыўся, які ў яе голас… Словам, няма такога злога, каб не выйшла на добрае. Затое я цяпер — вольны казак! А калі раптам твая жонка ўздумае лаяцца без дай прычыны — ведаеш, што рабіць…

Аляксей КАЎКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter