Цікавае супадзенне. Часам здаецца, што жыццё гарэзліва жартуе з табой.

То зусім выпадкова сутыкне цябе на вуліцы з чалавекам, якога не бачыў ужо няведама колькі гадоў. То ажыццявіць твой сённяшні сон, у якім табе сніўся мяккі, пушысты, белы снег, а раніцай ты прачнулася — і ўбачыла за акном свой сон. З радасцю хочацца расказаць яшчэ пра адно цікавае супадзенне ў маім жыцці.
Гэты год, аб’яўлены ААН Міжнародным годам біялагічнай разнастайнасці, стаў асабіста для мяне такім жа. Дзіўная рэч адбылася, і незнарок пачынаеш думаць: ці то ААН падбірала зручны момант і абвясціла менавіта гэты год, а не які-небудзь іншы, ці то маё асабістае “Я” чакала пэўнага штуршка, каб зняць з вачэй тую заслону, якая замінала мне бачыць прыродную разнастайнасць вакол сябе. Ці проста супадзенне. Але ж, згадзіцеся, незвычайнае.
Пачалося ўсё з зімовага захаплення фотапаляваннем на птушак — на звыклых для нас сінічак ды снегіроў. Першыя поспехі вельмі натхнялі. Прыйшла вясна. Абуджэнне прыроды закранула і мяне. Раней я заўважала першых веснікаў вясны, калі хто-небудзь (часцей за ўсё маці) звяртаў увагу на тое, што “Вунь жаўрук заліваецца ў небе” або “Шпакі ўжо прыляцелі...” Я прыкмячала сказанае, аднак сама не магла з упэўненасцю сказаць, што вось гэта — шпак. Для мяне ўсе маленькія чорненькія птушкі былі шпакамі, а шэрыя — вераб’ямі. Вясной неяк непрыкметна для сябе пачала заўважаць, што ў ранейшых “шпакоў” ды “вераб’ёў” з’явіліся белыя, рудзенькія, чырвоныя плямкі, доўгія хвосцікі, закручаныя дзюбкі. І заспявалі яны рознымі галасамі. Перада мной адкрыўся зусім іншы свет! Цікавы і такі разнастайны!
І хоць я амаль што не ведаю назваў птушак, цяпер заўважаю іх адметныя прыкметы, а потым, калі дзесьці ўбачу фотаздымак ці малюнак, магу з упэўненасцю сказаць, бачыла я такую птушку ці не. Дарэчы, шмат у чым мне дапамагае рубрыка “Пернатый мир”, якая выходзіць у кожным нумары часопіса “Родная прырода”.
Я пачала бачыць не толькі птушак, але і розных насякомых, матылькоў, жучкоў, чарвячкоў. Пачала прыглядацца да жывёл і раслін. Пачала заўважаць не толькі прыгажосць, але і разнастайнасць нашай роднай прыроды. І зноў жа ў гэтым мне дапамагае часопіс “Родная прырода”. Для мяне вельмі цікавымі з’яўляюцца спецыяльныя дадаткі да яго — пра кветкі, матылькоў, грыбы, ягады, лекавыя расліны, рыб. Гэта сапраўдная энцыклапедыя для “чайнікаў”. А якія цудоўныя фотаздымкі! Імі можна любавацца і любавацца!
Наступны, 2011 год ААН адсвяткуе пад новым знакам. Аднак, мяркую, грош цана ўсім праведзеным мерапрыемствам па захаванні і павелічэнні біялагічнай разнастайнасці, калі ніхто яе не будзе заўважаць і бачыць. Бачыць, які разнастайны і прыгожы наш свет!
Жадаю ўсім чытачам “Роднай прыроды” навучыцца бачыць прыродную разнастайнасць і атрымліваць толькі пазітыўныя эмоцыі ад гэтага!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter