Ці часта вы тэлефануеце бацькам?

Шчымлівае “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем. Каб душою не ачарсцвець, каб святое не страціць штосьці” паэт напісаў у зусім іншую эпоху. Тады і сапраўды падтрымліваць сувязь з роднымі можна было праз паездкі, лісты ды тэлефонныя размовы на перагаворным пункце. Іншая справа — цяпер. Дастаеш з кішэні ці сумачкі мабільнік... і чуеш родны голас. Як часта беларусы размаўляюць па тэлефоне з самымі блізкімі людзьмі, пацікавілася “НГ” у жыхароў і гасцей сталіцы.

Шчымлівае “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем. Каб душою не ачарсцвець, каб святое не страціць штосьці” паэт напісаў у зусім іншую эпоху. Тады і сапраўды падтрымліваць сувязь з роднымі можна было праз паездкі, лісты ды тэлефонныя размовы на перагаворным пункце. Іншая справа — цяпер. Дастаеш з кішэні ці сумачкі мабільнік... і чуеш родны голас. Як часта беларусы размаўляюць па тэлефоне з самымі блізкімі людзьмі, пацікавілася “НГ” у жыхароў і гасцей сталіцы.

Ігар МАНОЦКАЎ, студэнт-завочнік БНТУ:
— Звычайна разы чатыры на дзень я звязваюся з бацькамі. У мамы і таты ёсць мабільныя тэлефоны, таму зрабіць гэта нескладана. І яны мне тэлефануюць. Не скажу, што кантралююць, мне ж ужо 20 гадоў, але цікавяцца маімі справамі. Я абавязкова папярэджваю, калі затрымліваюся дзесьці. Навошта прыносіць блізкім лішнія хваляванні.

 

Аляксандра ВАШКЕВІЧ, студэнтка:
— Раблю гэта нячаста. Я жыву палову тыдня з бацькамі,  палову — са сваім маладым чалавекам, мы збіраемся пажаніцца. Калі была маленькай, званіла часта. А цяпер лічу, што кожны тэлефонны званок  — гэта падстава для хваляванняў, таму і тэлефаную толькі, як наспее нейкая важная справа. Калі трэба штосьці дэталёва абмеркаваць, то лепш сесці побач і, гледзячы вочы ў вочы, пра ўсё пагаварыць.

Уладзімір СКАЛАЗУБАЎ,  супрацоўнік УП “ЦНТУС”:
— На жаль, маіх бацькоў ужо няма. Часам так хочацца пагаварыць, але што зробіш... Малодшая дачка жыве з намі, кватэра старэйшай знаходзіцца побач, так што неабходнасці ў частых тэлефонных размовах няма. А ў прынцыпе мы не лічым, хто колькі пазваніў, хто гэта зрабіў першым. Зараз я спяшаюся на працу ў сваю фірму. Старэйшая дачка паехала сёння ў камандзіроўку, ды штосьці прыхварэла. Толькі што пазваніў ёй, пацікавіўся, як сябе адчувае.

Вольга БУРСКАЯ, працуе ў гандлёвай фірме “Электрабум”:
— Вельмі добра, што зараз ёсць мабільныя тэлефоны, у любы час можна адшукаць патрэбнага чалавека, дапамагчы, калі што здарылася, і самой звярнуцца па параду. Паколькі мне ўжо 24 гады, лічу, што дастаткова сазвоньвацца з бацькамі 3—4 разы на дзень. Яны маю свабоду таксама паважаюць. Не адрываюць лішні раз ад спраў, не дакучаюць званкамі. Ды ў гэтым і патрэбы няма, мы ж жывём у адным доме.

Кацярына ГУРЫН, г.Клецк:
— Як жа бацькоў не шанаваць... Заўсёды падтрымаюць, падзеляцца апошнім. Вось мне тата, Віктар Паўлавіч Тарашчык, дапамог прывезці Арцёмку на кансультацыю да кардыёлага. Не так даўно мы купілі кватэру ў адным доме з бацькамі. Здавалася б, і пагаварыць нам не будзе пра што, усё ж навідавоку. Але гэта не так. І звонім штодня, і ў госці ходзім. Калі ў вёсцы жылі, таксама часта званілі маме і тату. Яны ж самыя лепшыя людзі для нас.

Марыя ТРОШКА, курсант акадэміі МУС:
— Часта, разы па чатыры ў дзень, тэлефаную маме ў Лельчыцы. Дзялюся сваімі навінамі, цікаўлюся, як ў яе справы, у малодшага брата. Размаўляю з мамай падоўгу. Заўсёды прыслухоўваюся да яе парад, яна ж не проста мудрая жанчына, а яшчэ і педагог. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter