У Астраўцы жыццё кіпіць. Куды ні глянь, усюды растуць новыя дамы

Трывалы план

У Астраўцы жыццё кіпіць. Усяго некалькі гадоў назад гэта быў невялікі райцэнтр, які сёння дарос да горада
Усяго некалькі гадоў назад гэта быў невялікі райцэнтр, які сёння дарос да горада. На гербе адлюстраваны дуб — ён сімвалізуе даўгалецце і славу, унізе плыве велічэзная фарэль — урадлівасць, здзяйсненне жаданняў і справядлівасць.


Генеральны дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў: — Будоўля ідзе ўдарна. Расія свае абавязкі выконвае ў поўным аб`ёме. Пабудуем у тэрмін
Іду напрасткі ў інфармацыйны цэнтр атамнай электрастанцыі. Не хаваю здзіўлення — дарога прывяла да... звычайнага кінатэатра. Аказалася, атамшчыкі арандавалі памяшканне пад дахам культурна-кінаканцэртнай залы “Астравец”. Хітры ход — ішоў чалавек на канцэрт або ў кіно, а тут раз — і трапіў на лекцыю ў залу. Унутры цэнтра — плакаты, вялікая карта на сцяне з чырвонымі святлодыёдамі, на ёй адзначаныя месцы, дзе на ўсю моц працуе мірны атам.

— У гэтым цэнтры ўжо пабывала восем тысяч чалавек, — расказаў адзін з лектараў. — Усім растлумачылі і наглядна паказалі, што праект самы сучасны, усе працэсы пад поўным кантролем.

— Праціўнікі будаўніцтва таксама не сядзелі склаўшы рукі...

— Яшчэ як спрабавалі нагнаць паніку! Расклейвалі плакаты з надпісам “Фукусіма”. Бабуль палохалі, што вёскі знясуць, палі затопяць, кароў патравяць. Мы выязджалі на месцы, размаўлялі з народам.

Жыхароў стане больш у тры разы

У Астраўцы жыццё кіпіць. Куды ні глянь, усюды растуць новыя дамы. Жыллём забяспечаныя ўсе ўдзельнікі будоўлі — ад інжынернага персаналу да рабочых. Па дарозе разам з генеральным дырэктарам РУП “Беларуская атамная электрастанцыя” Міхаілам Філімонавым зазірнулі ў дзіцячы сад. Якраз была ціхая гадзіна, дзеткі мірна спалі. Разважаю ўслых:

— Праект разлічаны на 60 гадоў. Спяць малыя і не ведаюць, што некаторым з іх, магчыма, прыйдзецца працаваць на станцыі.

— Працаваць на АЭС камусьці з іх сапраўды давядзецца, — усміхнуўся ў адказ Міхаіл Філімонаў. — Думаю, станцыя праслужыць значна больш. Такіх прыкладаў шмат.

Гэтай зімой у Астраўцы адкрылі гімназію. Да 2020 года плануюць, што насельніцтва горада павялічыцца прыкладна ў тры разы — да 35 тысяч чалавек. Мясцовыя ўлады ўжо плануюць, што трэба пабудаваць у будучыні. А дамы, клубы, гімназія, бальніца, садкі запатрабаваныя ўжо цяпер.

Выбар пляцоўкі для будаўніцтва АЭС інспектаваўся спецыяльна місіяй МАГАТЭ. Нацыянальная акадэмія навук вызначыла больш за семдзесят патэнцыйных пляцовак. У 2008 годзе выбралі Астравецкую. Крытэрыі пры выбары былі самымі жорсткімі. Навукоўцы нават паднімалі запісы мінулага стагоддзя, у якіх было сказана, што ў Астравецкім раёне ў 1908 годзе адбылося землетрасенне. Сказаць дакладна, якой сілы яно было, сёння складана. Сучасныя спецыялісты сцвярджаюць, што калі на тэрыторыі Беларусі землетрасенне і здарыцца, то ў прынцыпе не можа быць з магнітудай вышэйшай за 4,5 бала. Атамная станцыя лёгка гэта перанясе — парагенератар, рэактар і іншае абсталяванне паставяць на амартызатарах.

Усё ідзе па графіку

На станцыю можна трапіць толькі па спецдазволе. Гатова ўжо многае: вытворчыя і дапаможныя карпусы, сталовая, адміністрацыйныя памяшканні, цэхі па зборцы абсталявання, будынкі ўпраўлення першага і другога энергаблокаў. Асноўнае абсталяванне для БелАЭС вырабляецца ў Расіі, Беларусі і ў трэціх краінах. За якасцю ўстаноўлены вельмі жорсткі кантроль.

— Жалезабетонная канструкцыя энергаблока павінна вытрымаць падзенне самалёта вагой 20 тон з хуткасцю 100 метраў у секунду, — растлумачыў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

На пляцоўцы — больш за чатыры тысячы рабочых. У наступным годзе тут будзе сапраўдны “мурашнік” — на будоўлі плануецца заняць каля васьмі тысяч чалавек. Беларуская атамная будуецца па расійскім праекце “АЭС-2006” новага пакалення “тры плюс” з сістэмай абароны, якая актывуецца без удзелу чалавека нават пры адключаных крыніцах сілкавання. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў строй у 2018 годзе, другі — у 2020-м. Намінальная магутнасць кожнага энергаблока складзе 1194 МВт. Усё ідзе па графіку: у бліжэйшы час пачнецца мантаж абсталявання. Потым павінна адбыцца самае складанае — пусканаладачныя работы. Досвед усіх краін паказвае, што “падводныя камяні” праяўляюцца менавіта на гэтым этапе.  

Міхаіл Міхадзюк запэўніў, што ніякіх затрымак не будзе: “Станцыя павінна быць уведзена дакладна ў тэрмін”.



Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

Лепшая ў свеце станцыя будуецца. І Расія, і Беларусь хочуць на яе прыкладзе паказаць, якія павінны быць АЭС у будучыні. Там будуць працаваць у асноўным беларусы — нашы людзі, за выключэннем ключавых спецыялістаў, якіх мы маем намер запрашаць.

Мы іх запрашаем падчас будаўніцтва з-за мяжы, у асноўным з Расіі, паколькі гэта ўзор расійскай станцыі. Пры падрыхтоўцы беларусаў мы павінны арыентавацца на расійскі, вельмі добры, перадавы досвед у свеце. Нашы ВНУ вядуць падрыхтоўку спецыялістаў, але аспірантаў, магістраў мы рыхтаваць не можам. У нас пакуль такіх людзей
або няма, або адзінкі. Таму мы павінны арыентавацца на навучанне кадраў у Расійскай Федэрацыі.

Дзмітрый Нератаў

Фота Уладзіміра Карабіцына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter