Трывалы падмурак будучыні. Наколькі багатая гістарычная даўніна Магілёва, настолькі цікавая і сучаснасць.

Сведкам усяму — плынь сівога Дняпра, які нібы бацькоўскай пяшчотай ахінае горад. Шмат чаго давялося яму пабачыць: барацьбу і злачынствы, радасці і трагедыі, падзенні і веліч. Асабліва імклівае развіццё атрымаў Магілёў у апошнія гады. Значна змянілася яго аблічча. Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы. Але заўсёды ёсць у ім нешта, што прываблівае па-асабліваму, адзначана і часам, і людзьмі, успрымаецца як цудоўнае.

Храм верай моцны
Свята-Нікольскі ансамбль жаночага манастыра — самы старажытны царкоўны будынак, які захаваўся да нашых часоў. Пабудаваны ён у 1672 годзе ў стылі барока. Складаецца з Мікалаеўскай і “цёплай” зімовай Ануфрыеўскай цэркваў. Адметны тым, што скляпенні царкоўнага будынка распісаны фрэскамі, што складаюць кампазіцыю “Тройца новазапаветная”. На сценах між аконнымі праёмамі роспісы на рэлігійныя сюжэты. Самы каштоўны з пункту гледжання гісторыі твор — чатырохярусны іканастас, выкананы мясцовымі майстрамі ў XVII ст. Пры гэтым выкарыстана тэхніка скразной драўлянай разьбы з пазалотай. Амаль дваццаць гадоў назад скончана рэстаўрацыя ўсяго манастырскага комплексу. Зараз ён дзейнічае. У ім знаходзіцца рэзідэнцыя епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага.

Высокі сімвал велічы
Сімвалам Магдэбургскага права, якое было падаравана Магілёву, лічылася ратуша. Узведзена яна была ў канцы ХVII ст. Вежа побач з двухпавярховым будынкам ратушы мела вышыню 38 метраў. Тут размяшчаўся магістрат, які і ажыццяўляў кіраўніцтва Магілёвам. Пазней гэты адміністрацыйны будынак упрыгожыў Губернатарскую (цяпер Савецкую) плошчу. Узарвалі ратушу ў 1957 годзе.
Зараз акрамя выставачных экспазіцый тут знаходзіцца зала, у якой кіраўніцтва горада прымае ганаровых гасцей, вядзе афіцыйныя перамовы. І на высокай белай вежы гадзіннік адлічвае новы час памаладзелага Магілёва.

Пра што расказвае легенда
Магчыма, яна і не зусім легенда, а дастасуецца да яе толькі таму, што не мае дакументальных пацвярджэнняў. А расказвае паданне аб тым, як пан Зянковіч, што меў маёнтак у Любужы (прыгарад Магілёва), са слугамі напаў на магіляўчан. Многіх пастраляў, на рынку раскідаў і растаптаў коньмі тавары. Гараджане далі нахабнаму шляхціцу адпор. Войска яго разагналі, а самога выцягнулі з капліцы, якая стаяла на месцы цяперашняга драмтэатра і дзе той хаваўся, і забілі. За тое, што просты люд узняў руку на вяльможную асобу, кароль польскі (а справа адбывалася ў 30-я гады ХVIII ст.) загадаў побач з месцам забойства пабудаваць касцёл, а для будаўніцтва разабраць усе каменныя гарадскія пабудовы. Так у сярэдзіне стагоддзя з’явіўся касцёл імя Прасвятой Дзевы Марыі, які зараз называюць касцёлам Св. Станіслава. У савецкія часы ў ім размяшчаліся архіўныя ўстановы, таму касцёл так добра захаваўся. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя яго перадалі вернікам. І зараз гэта не толькі прыгожы будынак, але і цэнтр духоўнай каталіцкай культуры. Тут праходзяць богаслужэнні, наладжваецца штогадовы міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”.

На правінцыяльных падмостках
Адным са знакавых будынкаў другой паловы XIX ст. у губернскім Магілёве стаў драматычны тэатр. Узведзены ён на сродкі, што сабралі купцы і простыя магіляўчане, літаральна за два гады, у 1888-м. Аўтар праекта вядомы архітэктар Пётр Камбураў. Будаўнікі папрацавалі на славу. І не толькі таму, што зрабілі справу хутка. Яны заклалі такі глыбокі і трывалы падмурак, што будынак моцна стаіць і зараз. А пасля рэстаўрацыйнах работ, што праводзіліся некалькі гадоў назад, выглядае як новабудоўля.

Мемарыял мужнасці
Так ужо складвалася ў гісторыі, што гэтыя мясціны пад Магілёвам у часы варожай навалы заўсёды станавіліся рубяжамі мужнасці. У ходзе Паўночнай вайны са шведамі, перад тым як напасці на горад, тут стаялі войскі Карла ХII. Тады і пачалі яго называць Карлавай Далінай. У перыяд напалеонаўскага нашэсця паблізу Буйніцкага поля з войскамі маршала Даву па-геройску змагаўся ар’ергард пад камандаваннем Баграціёна.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на гэтым полі неўміручай славай пакрылі сябе абаронцы Магілёва, якія 24 дні і ночы стрымлівалі фашысцкія танкавыя часці генерала Гудэрыяна. І гэты цуд стойкасці, мужнасці і адвагі апісаў у сваім вядомым рамане “Жывыя і мёртвыя” Канстанцін Сіманаў, які ў якасці ваеннага карэспандэнта пабываў тут у перыяд самых напружаных баёў.

Па галоўнай плошчы з аркестрам
На галоўнай плошчы абласнога цэнтра, якая з пачатку існавання носіць імя Леніна, праходзяць асноўныя ўрачыстасці: парады, дэманстрацыі. Тут маршыруюць воіны, звонкай меддзю гучаць аркестры. Але не гэта галоўная прывабнасць плошчы. Яна — адна з асноўных частак унікальнага архітэктурнага ансамбля, у які ўваходзяць Дом Саветаў, будынак былой школы НКУС, дзе зараз размешчаны адзін з карпусоў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Створаны гэты цуд архітэктарам Лангбардам і вельмі добра захаваўся. Дарэчы, Дом Саветаў, дзе размяшчаецца кіраўніцтва вобласці, — копія Дома ўрада ў Мінску.

Няспешнаю хадою
Вядомы эстрадны спявак і кампазітар прапануе прайсціся па вуліцы “Абрыкосавай, звярнуць на Вінаградную...” А ў магіляўчан і гасцей горада такая прагулка, праўда, па вуліцы Ветранай, якая пераходзіць у Вялікую Садовую (гістарычныя назвы), стала сапраўдным рытуалам, без якога і не зразумееш хараство і веліч горада. Прычым вуліцы гэтыя толькі пешаходныя. А размешчаны на іх знакавыя гістарычныя будынкі. З імі звязаны і вядомыя імёны. Тут знаходзіцца дом купца Аношкі, дзе зараз музей мастака В.К.Бялыніцкага-Бірулі і дзе імператрыца Кацярына II вяла перамовы з некаторымі еўрапейскімі каранаванымі асобамі, сярод якіх былі знакамітыя дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі, кампазітары. Зараз на пешаходнай вуліцы перад кінатэатрам “Радзіма” накшталт Галівуда закладзена Плошча Зорак, дзе ўвекавечаны імёны ганаровых грамадзян Магілёва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter