Доцент кафедры белорусского языкознания БГУ — о языке, качестве образования и преемственности поколений

Трывала звязвае ўсе пакаленні

Напярэдадні Дня роднай мовы пагутарылі пра мову, якасць адукацыі і пераемнасць пакаленняў з Георгіем ЧАХОЎСКІМ, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 


— Георгій Канстанцінавіч, што для вас родная мова? 
— Мова — гэта генатып роднага краю, яго душа. Чалавек можа валодаць некалькімі мовамі ў залежнасці ад яго здольнасцей, схільнасцей і імкненняў. Але стаўленне да роднай мовы — асаблівае: яна аб'ядноўвае паміж сабой прадстаўнікоў народа ў часе і прасторы. 
— Ведаю, што вы — аўтар больш за 200 навуковых прац, усё ваша жыццё звязана з выкладаннем беларускай мовы, вы — аўтарытэт для тых, хто робіць першыя крокі у беларускім мовазнаўстве. Якім быў ваш шлях ад студэнта да выкладчыка?

— Калі стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ, то быў захоплены арганізацыяй вучэбнай, навуковай і выхаваўчай дзейнасці. І мне заўсёды хацелася далучыцца да гэтай унікальнай супольнасці. Атрымалася. З часам дадаваліся новыя курсы і вучэбныя дысцыпліны, прымаў удзел у арганізацыі імпрэз, сустрэч. З часам сфера маёй дзейнасці пашырылася, стала больш шматграннай, але адна яе грань засталася нязменнай — выкладанне роднай беларускай мовы. Мне заўсёды хацелася быць карысным, і цяпер такім я сябе адчуваю, бо бачу вынікі старанняў студэнтаў. Многія з нашых выпускнікоў паспяхова ўладкоўваюцца на працу на самыя розныя ўстановы, у тым ліку ў школы, СМІ, займаюцца літаратурнай і навуковай дзейнасцю. 

Хацелася б арыентаваць сучасных студэнтаў на тое, каб яны карысталіся не толькі загадзя вызначанымі шаблонамі і пракладзенымі шляхамі, а праяўлялі ініцыятыву, выкарыстоўвалі магчымасці сучасных тэхналогій, у тым ліку ў падрыхтоўцы навуковых прац, арыентаваных на папулярызацыю беларускай мовы. Галоўнае, да ўсяго, што ты робіш, падыходзіць творча і з цікавасцю.

— Якасная адукацыя — выгадная інвестыцыя ў будучыню. Якая праца па павышэнню ўзроўня якасці адукацыі праводзіцца кафедрай, што робіцца для павелічэння колькасці студэнтаў?

— Якасць адукацыі — гэта складанае, шматпланавае паняцце, якое ахоплівае самыя розныя бакі адукацыйнага працэсу. У тэорыі і практыцы да вызначэння паняцця «якасць адукацыі» існуе некалькі падыходаў. Як нядаўна адзначыла кіраўніцтва БДУ, прыярытэтная задача на 2024 год для вуза — праца па захаванні і паляпшэнні якасці адукацыі. Галоўны вынік яе — запатрабаванасць нашых выпускнікоў. Вядучая роля ў гэтым працэсе, несумненна, належыць выкладчыкам. Я і мае калегі робім усё магчымае, каб даступна, змястоўна і цікава даносіць якасныя матэрыялы і прывіваць студэнтам павагу да беларускай мовы. 

— Як адзначаецца Дзень роднай мовы на філалагічным факультэце БДУ?

— На факультэце традыцыйна праходзіць тыдзень роднай мовы. Сёлета ён пачнецца з інтэлектуальна-пазнавальнай гульні «Філалогія і Я» для першакурснікаў і дня адкрытых дзвярэй кафедры беларускага мовазнаўства. Запланавана сустрэча з навучэнцамі Школы юнага філолага, выстава-прэзентацыя выданняў кафедры і шмат цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне багатай моўнай, літаратурнай і духоўнай спадчыны. Нягледзячы на вялікую колькасць працы і хуткаплыннасць часу, хочацца працягваць рабіць усё магчымае для папулярызацыі беларускай мовы, бо менавіта яна забяспечвае трывалую сувязь, якая злучае ўсе пакаленні народа ў адно вялікае гістарычнае жывое цэлае.

СКАЗАНА:

Людміла СІНЬКОВА, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ:

— Адметна, што ў свой час на базе нашага факультэта былі створаны знакавыя літаратурныя аб'яднанні, якія ўзгадавалі шмат вядомых майстроў слова. Так, славуты «Узлёт» у свой час адкрыў імёны Рыгора Барадуліна і Яўгеніі Янішчыц, cпадчынніца мінулых літаратурных асяродкаў «Альтанка» працягвае традыцыю працы з талентамі, якія пішуць не толькі на беларускай і рускай мовах, але і макаранічныя творы, пераклады з класічных і сучасных еўрапейскіх моў. Адметнасць сучасных літаратараў яшчэ ў тым, што ў сваёй большасці яны свабодна валодаюць рознымі тэхнічнымі прыладамі. Так, напрыклад, апошні выпуск «Альтанкі» быў аздоблены з дапамогай штучнага інтэлекту.

rovdo@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter