ХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» завершаны

Трыумф мовы кіно

ХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» завершаны. На працягу тыдня горад быў ахутаны магіяй кіно — паказы конкурсныя, пазаконкурсныя, начныя сеансы. На экранах некалькіх кінатэатраў — фільмы ігравыя, дакументальныя, анімацыйныя. У афішах — стужкі для дарослай, дзіцячай, юнацкай аўдыторый, глядацкія і інтэлектуальныя, жанравыя і аўтарскія. Усяго — больш за 160 карцін з 47 краін свету. «Такое рознае кіно!» – сёлетні слоган фестывалю, і ў гэтай разнастайнасці сучаснага кінематографа сапраўды маглі пераканацца гледачы. 


Цырымонія закрыцця форуму прайшла ў кінатэатры «Масква».

Яе галоўнай падзеяй, якой з хваляваннем чакалі ўдзельнікі і госці, стала абвяшчэнне вынікаў асноўнага конкурсу ігравога кіно і фільмаў — уладальнікаў галоўных прызоў фестывалю, інтрыгу вакол якіх «Лістапад» захоўваў да апошніх гадзін работы.

Міжнароднае журы на чале з вядомым расійскім рэжысёрам, сцэнарыстам і прадзюсарам Валерыем Тадароўскім прысудзіла Гран-пры «Золата Лістапада» ўкраінскай карціне «Племя» Міраслава Слабашпіцкага. Гэта першая поўнаметражная работа 30-гадовага рэжысёра, дарэчы, адзінага з украінскіх аўтараў, фільмы якога два гады запар удзельнічалі ў Берлінскім кінафестывалі. «Золата Лістапада» – чацвёрты па ліку Гран-пры, атрыманы «Племем».

Карціна — сапраўдны трыумф мовы кіно, яна створана без адзінага слова. Дзве гадзіны дзеяння разгортваюцца ў спецыялізаванай школе-інтэрнаце для глуханямых. Галоўную жаночую ролю ў фільме выконвае наша суайчынніца маладая актрыса Яна Новікава.

 Дарэчы, можна меркаваць, што цікавасць да «Племя» з боку старшыні журы Валерыя Тадароўскага першапачаткова была асаблівай. У яго фільмаграфіі – знакамітая карціна «Краіна глухіх», галоўная гераіня якой таксама глуханямая дзяўчына. Дарэчы, за гэты фільм у свой час і ён атрымаў «Золата Лістапада».
 
«Серабро Лістапада» – таксама ў фільма «Племя», такое рашэнне прыняло міжнароднае журы кінапрэсы.

Лідар сярод прэтэндэнтаў на «Бронзу Лістапада» па выніках глядацкага галасавання —  амерыканская стужка «Апантанасць».

Прызам за лепшую рэжысуру адзначана расійская карціна «Дурань» рэжысёра Юрыя Быкава. Лепшай жаночай роллю прызнана работа Дар’і Савельевай у фільме «Камбінат «Надзея» (Расія). Выканаўца лепшай мужчынскай ролі – Эмір Хаджыхафізбегавіч у фільме «Такія правілы» (Харватыя, Францыя, Сербія, Македонія).

Карціна з удзелам нашай краіны «Я не вярнуся» (Расія, Эстонія, Беларусь, Казахстан, Фінляндыя) эстонскага рэжысёра Ільмара Раага адзначана толькі прызам за лепшую жаночую ролю актрысы Вікторыі Лабачовай.

Адмысловую музычную атмасферу цырымоніі закрыцця фестывалю стварала самабытная грузінская група Asea Sool — хэдлайнер вечара. Група часта выступае ў Еўропе, але ў нас – упершыню. У яе творчасці спалучаюцца рок-н-рол, блюз, шансон і грузінскія народныя мелодыі, традыцыі і андэграунд. Маюць удзельнікі Asea Sool дачыненне і да кіно. Яны напісалі саўндтрэк да мастацкага фільма «Мая русалка, мая Ларэляй», новай работы рэжысёра Наны Джарджадзе, прызёра Канскага фестывалю 1987 года, паказанай у сёлетняй пазаконкурснай праграме «Лістапада».

Фільмам закрыцця форума стала стужка «Тры сэрцы» – апошняя па часе работа вядомага французскага рэжысёра Бенуа Жако, яе сусветная прэм’ера адбылася сёлета ў канцы жніўня.

 У  ТЭМУ 

Сёлета ўпершыню на фестывалі ў асобны конкурс быў вынесены агляд нацыянальных фільмаў, прымеркаваны да 90-годдзя беларускага кіно. Удзел у ім прынялі 24 карціны, у ліку якіх сем ігравых, сем анімацыйных і дзесяць дакументальных стужак. Гэта работы як Беларусьфільма, так і прыватных студый. Ацэньвала якасць міжнароднае журы на чале з армянскім рэжысёрам, дырэктарам Ерэванскага міжнароднага кінафестывалю «Залаты абрыкос» Аруцюнам Хачатранам.

Вынікі конкурсу аб’ектыўна адлюстроўваюць стан айчыннага кінематографа, а яны не надта суцяшальныя. Па-ранейшаму моцнымі звеннямі застаюцца дакументалістыка і анімацыя. Ігравое кіно – зноў у пройгрышы, пра што сведчыць і яго адсутнасць у праграме асноўнага конкурсу. Гэта засведчылі і адзнакі журы. Сярод ігравых стужак пераможцы няма. Элегантны выхад са становішча – два лепшыя фільмы названы ў дакументальным кіно. Гэта стужкі «Скрыжаванне» (Беларусь-Швецыя, рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка) і «Афганістан. Я памятаю» (Беларусь, рэжысёр Халіма Хасанава). Прыза за лепшы анімацыйны фільм ўдастоена «Ронда-капрычыёза» (Беларусь, рэжысёр Ігар Волчак).


isvirko@mail.ru

ФОТА Вiталiя ГIЛЯ.
 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter