Дыстанцыйная адукацыя. Колькасць жадаючых атрымаць дыплом на адлегласці толькі ў рамках адной ВНУ за 15 год вырасла ў 40 разоў

Трымайся на дыстанцыi!

За выключэннем некаторых устаноў, у ліку якіх БДУІР, дыстанцыйныя магчымасці адукацыі амаль не выкарыстоўваюцца. І гэта пры тым, што студэнты ў адзін голас сцвярджаюць пра карысць уключэння інфармацыйных тэхналогій у навучальны працэс. Чаму? Ды таму што можна самому вызначаць графік, месца такіх «сустрэч». Гэта магчымасць удзелу ў навучанні з любой кропкі, у тым ліку з іншага кантынента. Магчымасць слухаць лекцыі іншых выкладчыкаў з розных краін, знаходзячыся пры гэтым у камфортных умовах, напрыклад, дамашнім крэсле і тапачках.

Якасць дыстанцыйнай адукацыі ў многім залежыць ад самаарганізацыі самога студэнта
фота Interview-skills.co.uk

Дагнаць і пераздаць

Аб стварэнні нацыянальнай адукацыйнай платформы па прынцыпе тых, якія ёсць у многіх краінах свету і якія дазваляюць студэнту даздаваць некаторыя дысцыпліны пры пераходзе са спецыяльнасці на спецыяльнасць, аднаўляцца або пераводзіцца з іншых ВНУ, рэктар БДУІР Міхаіл Батура гаворыць не першы год. Усе гэтыя магчымасці студэнты  яго ўніверсітэта даўно атрымалі і актыўна імі карыстаюцца. У ліку такіх, напрыклад, студэнт 4-га курса Мікіта Грышкевіч, які не толькі даздаў некаторыя прадметы пры пераходзе на іншую спецыяльнасць, але і зрабіў выбар на карысць дыстанцыйнага навучання. Сярод відавочных пераваг дыстанцыёнкі малады чалавек называе магчымасць будаваць свае планы самастойна, бо зайсці на сайт і атрымаць інфармацыю можна ў любы час.

Магчымасць атрымаць дыплом дыстанцыйна ва ўніверсітэце таксама ёсць. Колькасць тых, хто ёю скарыстаўся, за 15 гадоў вырасла ў дзясяткі разоў: з 17 да больш чым 700. Хоць, вядома, на фоне агульнай колькасці студэнтаў ВНУ гэта не так ужо і многа. Хто гэтыя людзі? «Частка з іх іншаземцы, якія навучаюцца ў чыкагскім філіяле БДУІР, яшчэ частка тыя, хто вучыўся вочна, але, знайшоўшы працу сваёй мары, не паспявае давучыцца», — кажа дэкан факультэта інавацыйнай бесперапыннай адукацыі (ФІБА) БДУІР Ігар Цыральчук. Але, напэўна, самае галоўнае, што дыстанцыйнае навучанне стала выратаваннем для інвалідаў, бо ўвайсці ў аўдыторыю і нават даехаць да ўніверсітэта, на жаль, пад сілу не кожнаму.

Прамы кантакт 

Абмежаванняў ні па тэрмінах здачы, ні па колькасці курсаў там няма, распавядае прарэктар па вучэбнай працы БДУІР Барыс Нікульшын. Гэта могуць быць некалькі курсаў паралельна. Але кантроль і атэстацыя будуць жорсткімі. Здаюцца іспыты вочна, хаця магчымасці здачы анлайн таксама ёсць — сучасныя тэхналогіі дазваляюць. Як? Уключаецца сістэма ідэнтыфікацыі, якая дазваляе вызначыць, што здае экзамен менавіта гэты чалавек, плюс праграма ацэньвае становішча, каб ніхто побач не сядзеў.

Сістэма аддаленай здачы экзаменаў выкарыстоўваецца і ў БДУІР. Напрыклад, студэнт 6-га курса Уладзіслаў Майсееў здае так экзамены з першай сесіі, тэрытарыяльна будучы ў родным Салігорску. Праўда, шэсць гадоў таму дазвол атэстоўвацца дома трэба было атрымліваць у Мінадукацыі. На шчасце, хлопцу, які пакутуе ад мукавісцыдозу, з-за якога звычайная прастуда з лёгкасцю перарастае ў праблему з ускладненнямі, гэта дазволілі. 

Вектар руху 

У цэлым, па словах Ула­дзіслава Майсеева, вучыцца яму камфортна, хоць выбар магчымасцей з дыстанцыйным навучаннем ў ВНУ краіны даволі малы. Ёсць некаторыя рэчы, якія б хацелася змяніць:

— Напрыклад, пытанні да якасці навучальных матэ­рыялаў. Па-першае, галіна IT-тэхналогій такая, што ўсе матэрыялы хутка старэюць. Па-другое, няма магчымасці прамога кантакту, які ёсць у іншых студэнтаў, каб, напрыклад, падчас лекцыі задаць хвалюючае пытанне. Можа, у будучыні гэта можна будзе рэалізаваць праз анлайн-лекцыі.

На думку хлопца, гэта важна, таму што адсутнасць дыялогу, калі ўменне зразумець матэрыял лекцыі ўскладаецца толькі на студэнта, можа дэмаралізаваць. З гэтым трэба навучыцца спраўляцца. І, вядома, вучыцца працаваць самастойна. А гэта развіццё мэтанакіраванасці і сілы волі. Сам Уладзіслаў шчыра прызнаецца, што раней бы сябе арганізаваным не назваў, але ён імкнецца да гэтага.

Падтрымлівае яго ў гэтай думцы і Мікіта Грышкевіч:

— Якасць адукацыі залежыць ад самога студэнта: які ў яго ўзровень самакантролю і адказнасці за сваё навучанне.

Заўваг і прапаноў многа, але відавочна адно: патрэба ў такім відзе адукацыі існуе. Акрамя таго, яго трэба развіваць, удасканальваць, а яшчэ пашыраць пералік ВНУ, дзе можна вучыцца аддалена. Бо інакш студэнты, якія маюць патрэбу вучыцца дыстанцыйна, будуць шукаць такія магчымасці няхай і ў блізкім, але замежжы.

veraart14@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter