С начала охотничьего сезона инспекторы-природоохранники задержали уже десятки браконьеров

Трымалi патрон за пазухай

З адкрыццём сезона палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну актывізаваліся і тыя, хто не цураецца браканьерства — відаць, спадзяюцца схавацца пасярод законапаслухмяных паляўнічых. Усе гэтыя дні Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзiдэнце працуе ва ўзмоцненым рэжыме, штодня выязджаючы ў рэйды. Далучылася да яе супрацоўнікаў і карэспандэнт «Рэспублікі».Як і заўсёды, пункт прызначэння да апошняга трымаецца ў сакрэце. Толькі калі машына ціхенька заязджае на лясную сцежку і спыняецца, Мікалай Самец, намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, прызнаецца, што мы знаходзімся недзе ля Дворацкай паляўнічай дачы:

Па прымятай траве, слядам шын, кінутым недакурку інспектары лёгка вызначаюць, дзе нядаўна былі людзі
Фота аўтара

— Гэта папулярнае месца сярод мінчан-паляўнічых, сюды часта бяруць пуцёўкі: угоддзі добрыя, качак шмат, ад горада недалёка.

Па прымятай траве, слядах шын на дорозе, кінутым недакурку інспектары не горш за індзейскіх следапытаў вызначаюць, што тут нядаўна былі людзі. Паляваць, як кажуць, «на пяро» можна толькі ў светлы час сутак. Сонца яшчэ не села, а значыць, паляўнiчыя дзесьцi побач. 

Вуха ловіць гук матора аўтамабіля. Мікалай Мікалаевіч у форменнай вопратцы выходзіць на дарогу, каб спыніць машыну для праверкі. Нават здалёк відаць, што вадзіцель моцна захваляваўся, пачаў вырабляць адной рукой падазроныя маніпуляцыі ўнізе. 

Аказваецца, паміж сядзеннямі ў машыне ляжыць зараджаная стрэльба. На хаду паляўнічы спрабаваў разрадзіць яе. Таму што ведаў: гэта сур’ёзнае парушэнне правілаў бяспекі, штраф за якое можа дасягаць 40 базавых велічынь, а то і права на паляванне можна страцiць.  
Стрэльбы былi зарэгiстраванымi, а вось палова патронаў — забароненымi для палявання на вадаплаўных птушак

Вадзіцеля просяць выйсці з аўто, каб задакументаваць парушэнне. Заадно прапануюць выдаць, калi ёсць, забароненыя прадметы. Мужчына запэўнівае, што нічога такога ў яго няма. Інспектары пачынаюць агляд машыны. У ёй шмат куртак, у кішэні амаль кожнай — нож. Патроны, патроны... Сярод звычайных шротавых, з якімі можна паляваць на вадаплаўных птушак, раптам сустракаецца сур’ёзны, зараджаны куляй. Гэта даволі распаўсюджанае парушэнне сярод паляўнічых — прыхапіць «на ўсякі выпадак» патрон, якім можна застрэліць буйную жывёлу. 

Вопытныя інспектары перакладваюць правераныя рэчы на пярэдняе сядзенне. Вадзіцель зноў пачынае рабіць нейкія маніпуляцыі — ды гэта ж ён спрабуе падсунуць туды патранташ! А ў ім — поўна патронаў з кулямі. 

У машыне паляўнічага знайшліся дзве зарэгістраваныя стрэльбы, адна з якіх была зараджана падчас руху, і 20 патронаў з кулямі рознага калібру. Гэта пры тым, што пуцёўка ў яго — на птушку i з кулямi ў паляўнічых угоддзях ён знаходзіцца ўвогуле права не меў.

— Забыўся, — апускае галаву няўрымслівы паляўнічы. — З мінулых паездак засталіся... 

— Гэты чалавек будзе прыцягнуты да адказнасці па дзвюх частках артыкула 15.37 КаАП «Парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання», — тлумачыць Мікалай Самец. — Частка першая прадугледжвае пакаранне за паляванне з забароненымі прыладамі, у дадзеным выпадку — патронамі з куляй. Парушальнік можа атрымаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй зброі і з пазбаўленнем права на паляванне. Канчатковае рашэнне прыме суд. А вось адміністрацыйны працэс за перавозку зараджанай стрэльбы мае права весці інспекцыя. Пакаранне за парушэнне правілаў бяспекі на паляванні — штраф да 40 базавых велічынь або зноў жа пазбаўленне спецыяльнага права. 

За парушэннi правілаў палявання з 11 жніўня — ад пачатку сезона «на пяро» — атрымалi пратаколы 23 паляўнічыя. 

Дарэчы, тым, хто жадае здабываць капытных, трэба было пачакаць зусім нямнога — на сённяшні дзень ужо дазволена паляваць на лася, аленя высакароднага, плямістага і казулю.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter