Тры жыццi

Гэтыя замалёўкi  аб’яднаны адзiнай iдэяй. Галоўныя героi iх – людзi, якiя прайшлi праз жыццёвыя выпрабаваннi, звязаныя  са стратай блiзкiх...

Гэтыя кароткiя замалёўкi  з натуры аб’яднаны адзiнай iдэяй. Галоўныя героi iх – людзi, якiя прайшлi праз жыццёвыя выпрабаваннi, звязаныя  са стратай блiзкiх. Тым не менш яны годна нясуць свой крыж. I гэтым заслугоўваюць павагу.

Саломенскi  Рабiнзон

Гэтак  я кажу пра Генадзя, якi жыве ў дачным кааператыве паблiзу вёскi Саломенка. Зiмой i летам ён тут. Раней бываў наездамi, а потым асеў на пастаяннае жыхарства. З дзесятак гадоў, мусiць. Аднак жа нiякi яшчэ не пенсiянер. Узначальваў дачны кааператыў, а потым, калi пакiнуў свой пост, уладкаваўся працаваць на адно з прадпрыемстваў у гора­дзе. Праз двое сутак на трэцiя. Улетку дабiраецца на сваiм жыгулёнку, а ўзiмку, калi замяце дарогi, тупае да аўтобуснага прыпынку вярсты дзве. Цяжкавата, але прызвычаiўся да такiх пераходаў. Любiць свой куток. “Нiякi горад, — кажа, — мне не патрэбны!”

I ўсё ж чаму Генадзь пакiнуў гарадское жытло? Была прычына, пра  якую ён не надта любiць распавядаць: страцiў адзiнага сына... У доме на вiдным месцы ягоны партрэт: гэткi прыгажун хлапчына, жыць ды жыць. Вось запяклося ў бацькi, таму i з’ехаў далей ад вачэй, каб пабыць у адзiноце.

Працай забываецца. Ну а што ўмелец, дык казаць не даводзiцца. Драўляны дом, мiж iншым у тры паверхi, сам збудаваў, з першага калка да апошняга. Ён што тая лялька, люба-дорага глядзець! Такi ж дагледжаны ўчастак, акуратная агароджа, летам патанае ў кветках. Падыходзiш да дачы – бачыш, што тут жыве дбайны гаспадар.

Але ж не зусiм адзiн. Чатырохногiя сябры – сабакi — побач. Нярэдка наведваюцца жонка, бацька. Здараецца, завiтае якi звер: з ваўком аднойчы ледзь нос у нос не сутыкнуўся, зайку сабакi загналi ў двор, дык давялося яго баранiць...

– Ну а вось так змярканнем выходзiш на ганак, узiраешся ў зорнае неба – увесь сусвет перад табой! А вясной, калi ажывае прырода, якое хараство! Мне здаецца, я першы на ўсёй планеце яе сустракаю. Ды, увогуле, неяк па-iншаму пачаў разумець прыроду i ўсё, што з ёю звязана, самога сябе, — кажа ён.

«Кветкi – мае  дзеткi...»

Калi мы пераехалi ў новы раён, я часта праходзiў каля гэтай блочнай пяцiпавярхоўкi. З двароў яна нiбыта да­гледжана, а звонку даўно нечапаная. Скрозь паўз яе ўдзервянелая, мурожыстая трава. I толькi пад адным балконам гэткiм прамавугольнiкам — палiсаднiк, агароджаны нятоўстымi, акуратнымi планкамi. Кветкi ў iм аж буяюць. Iдзеш, любуешся: хто гэты кветкавод?

I вось аднаго разу бачу: нехта завiхаецца ў палiсаднiку, вiдаць, гаспадыня! Так i ёсць.

— Цётка Нiна, — прадставiлася яна. – Жыву во на першым паверсе. Кветкамi з маленства захапляюся, ад мацi перадалося. Я сама з Глускага раёна. Дык у нас, дзе якi лапiк, засаджвалi кветкамi. Даставалi iх дзе толькi маглi. Дзялiлiся з суседзямi, усiмi, хто папросiць. Вось i ў гэтым доме, калi атрымалi кватэру, я пачала наглядваць мястэчка, дзе б садзiць кветкi. А мой Мiкола дый кажа: “Што тут доўга выбiраць – пад балконам, усё роўна зямля пустуе”. Дапамагаў мне палiсаднiк разбiваць. “Паглядзi, — казаў, — кветкi ўсмiхаюцца, яны жывыя!” Дачасна пайшоў на той свет. Не даў Бог нам дзетак, адна я засталася... А цi адна? З кветкамi! Кветкi – мае дзеткi! Во, бачыце, як хаджу ля iх, даглядаю. Нават размаўляю, бо яны душу маюць, — расказвае Нiна, напэўна, ёй трэба выказацца, з кiмсьцi падзялiцца, а я слухаю, прыглядаюся да яе. Прыгожая з твару, усмiхаецца, а ў вачах — незатоены смутак.

Хачу Нiне сказаць нешта прыемнае, суцешыць яе, але яна апярэджвае мяне:

— А вы дзе жывяце?

— Тут непадалёк, у дваццаць пятым доме.

— Дык я многiх там ведаю, з Хведзькавай Нiнай у адным магазiне працавала. Цяпер i вас буду ведаць.

— I я вас таксама буду ўспамiнаць. Каб кожны вось так, як вы, любiў кветкi, у нас была б краiна кветак.

Iшоў дамоў, а з галавы не выходзiла: “Кветкi – мае дзеткi...”

Бацька  першы  i  бацька  другi

З Iванам Iванавiчам я знаёмы даўно. Вельмi прыстойны чалавек, мае дзяцей, унукаў. “Ды ўжо назбiралася гадоў, — казаў у шчырай гаворцы, — а я ўсё поглядам на маленства...” Своеасаб­лiвым адпраўным пунктам з’явiлася смерць ягонага айчыма. Адбылося гэта гадоў колькi таму. Ён быў на пахаваннi, аддаў, як кажуць, шанаванне. I помнiк дапамог паставiць. Усё як мае быць. Айчыма вельмi паважаў, татам называў. I той да яго заўжды з ласкай, далiкатна. У школу праводзiў i са школы сустракаў. “Вучыся, сынок, гэта табе спатрэбiцца ў жыццi”. Iван iмкнуўся не падводзiць бацькоў. Скончыў дзесяць класаў, пасля армii – Ленiнградскае вышэйшае  полiтэхнiчнае вучылiшча МУС СССР. Прайшоў шлях ад лейтэнанта да падпалкоўнiка.

Iван Iванавiч насiў прозвiшча айчыма, а ў яго было iншае, ад бацькi роднага... Ён, як потым даведаўся, быў ваенным, служыў на аэрадроме непадалёку ад Пружан. распiсаўся з мацi, а тут – вайна, ён пайшоў i не вярнуўся... Мацi чакала ўсю вайну i пасля яшчэ. Жанiхоў было нямала, але яна не адказвала на iх заляцаннi. I толькi калi зразумела, што чакаць ужо марна, у другi раз выйшла замуж. Ды i хлапчуку тата патрэбны быў.

Пра бацьку Iван амаль нiчога не ведаў. Нiбы той з Горкага, цяперашняга Нiжняга Ноўгарада. Звяртаўся ў архiвы, але адпiсвалi: няма звестак... Пачуе дарагое яму прозвiшча – Лапшын, i быццам што ўнутры перавернецца. Можа, у яго ёсць дзядзькi, цёткi, стрыечныя браты,  сёстры. Вось бы пабачыцца, хоць бы якiя бацькавы рысачкi ўлавiць. Тут ужо дзецi падключылiся: “Давай, тата, напiшам у праграму “Чакай мяне”. Няўжо нiхто не адгукнецца?”

А я вось думаю: якая гэта сiла – сыноўнiя пачуццi, як, дарэчы, i бацькоўскiя, рана цi позна яны абудзяцца, узнiмуцца, бы тая хваля, аднекуль знутры, i тады iх будзе не стрымаць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter