Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларуская суполка ў літоўскай Клайпедзе “Крыніца” арганізавала для ахвотных экскурсійную паездку ў Беларусь

Тры вандроўныя дні

Тры дні ў гасціннай краіне праляцелі непрыкметна. Удзельніца турпаездкі ў Беларусь Святлана Дзямідава дзялілася ўражаннямі: “Краіна здзіўляе — і чысцінёй гарадоў, і ветлівымі людзьмі, якія лёгка і з задавальненнем ідуць на кантакт, і магазінамі з якаснай прадукцыяй, і выдатным станам гістарычных помнікаў... З найвялікшым задавальненнем прыеду сюды яшчэ не раз!”

Беларусь уразіла падарожнікаў сваімі храмамі
Знаёмства з краінай пачалося з горада Ліды. Там сустрэла нас гід Алена Борыс, яна й суправаджала на працягу ўсёй вандроўкі. Мы даведаліся: гісторыя горада пачалася з будаўніцтва абарончага замка, ініцыятарам узвядзення якога яшчэ ў 1323 годзе стаў князь Вялікага Княства Літоўскага Гедымін. Сёння замак цалкам адноўлены звонку, а ў вежы хутка пераедуць багатыя калекцыі мясцовага краязнаўчага музея. Прадставілі нам анімацыйную праграму “Вяселле караля Ягайлы”, частавалі прысмакамі, рэцэпты якіх дайшлі з той далёкай пары. Мы з задавальненнем пакаштавалі глінтвейн і гарбату, згатаваныя на вогнішчы.

Вядома, што ў Лідзе раней было развіта каля 200 рамёстваў. Сёння мясцовыя энтузіясты адрадзілі каля 40 з іх. Імкнуцца вытрымліваць аўтэнтыку, гэта значыць выкарыстоўваць тэхніку продкаў. А пры гарадскім Цэнтры рамёстваў адноўлены і дзейнічае старадаўні лялечны тэатр “Батлейка”. Наведалі мы і знакаміты Лідскі піўзавод, заснаваны ў 1876 годзе. З цікавасцю даведаліся, што ваду для вытворчасці здабываюць прама на тэрыторыі завода з дзвюх свідравін.

Выкарыстоўваюцца на заводзе старадаўнія рэцэпты: піва і квас — гэта натуральным чынам зброджаныя напоі. Дарэчы, вытворцы пастаўляюць прадукцыю і ў Літву. Магчыма, у некаторых клайпедскіх экскурсантаў Ліда застанецца ў памяці менавіта як сталіца беларускага піваварства: там ужо болей за 300 гадоў робяць гэты напой з хмеля і соладу. І дасягнулі ў далікатнай справе высокага майстэрства.

Моцна пацярпела Ліда пад час Вялікай Айчыннай вайны. І памяць пра мінулае там захоўваюць і берагуць. Ад гісторыі ў Беларусі не адмаўляюцца: яе не пераробліваюць ва ўгоду новых павеваў, назвы вуліц і будынкаў не зменьваюць, помнікі не зносяць…

На другі дзень мы наведалі шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы, заснаваны ў 1883 годзе. Для мястэчка, у якім звыш 2000 жыхароў, гэта жыццёва неабходнае прадпрыемства. Яно апошнім часам пашырае асартымент: там падступаюцца да багемскага шкла, наладжаны выпуск будаўнічай шклаваты. Мы пазнаёміліся з тэхналогіяй вырабу каляровага шкла і хрусталю. Паназіралі, як майстры апрацоўваюць вырабы. Пабывалі ў завадскім музеі — гэта сапраўдная чароўная хрустальная казка. Кожны з нас атрымаў у падарунак хрустальную цукерніцу.

Далей шлях ляжаў у мястэчка Мір. Каталіцкі касцёл, праваслаўная царква, іудзейская сінагога фарміруюць ансамбль яго Рынкавай плошчы. А над мястэчкам узвышаецца велічны Мірскі замак. Ён сустракае гасцей магутнымі каменнымі сценамі ды вежамі. Занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, і ўсе зборы ад наведвання яго турыстамі ідуць на аднаўленне іншых замкаў Беларусі.

Госці з Клайпеды пабывалі ў Мірскім замку

Канешне, завіталі мы ў Мінск. Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўразіў не толькі маштабамі, але й сучасным спосабам падачы матэрыялу. Экспазіцыя ёміста распавядае пра 1100 трагічных дзён і начэй акупацыі фашыстамі Беларусі ды гераічную барацьбу народа за вызваленне.

Візітнай карткай горада стаў сучасны будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта не толькі багаты збор кніг, але і велізарны мультыфункцыянальны цэнтр. У бібліятэцы выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі. Нават лямпы ў чытальных залах такія, што іх святло не разбурае старонкі кніг. З агляднай пляцоўкі, на 23 паверсе будынка, мы любаваліся цудоўным панарамным выглядам сталіцы. Каля ўваходу ў бібліятэку стаіць помнік першадрукару Францыску Скарыну, друкарня якога была і ў Вільні.

Пад час паездкі ў Беларусь мы зразумелі, што багатая краіна дабрынёй і гасціннасцю жыхароў. Вось што кажуць удзельнікі паездкі:

Наталля і Аляксей Рэпіны: “Выдатныя людзі жывуць у Беларусі. Берагуць родную зямлю. Праграма была выдатная. Чакаем новых запрашэнняў”.

Алег Зіноўеў, школьнік: “Мне вельмі спадабалася Беларусь сваімі малымі гарадамі. А самая цікавая экскурсія была ў Мінску. Гэта сапраўдны сучасны горад. Шмат гандлёвых цэнтраў, рэстаранаў і высокіх будынкаў — усё, што трэба вялікаму гораду. Уражваюць і музеі. Паездка назаўсёды застанецца ў мяне ў памяці”.

Сяргей Салянскі: “Памятаю Беларусь з дзяцінства і бачу, што краіна мяняецца ў лепшы бок. Менавіта ў такіх вандроўках пазнаецца родны край. Уразілі душэўнасць і цеплыня жыхароў. Дзякуй арганізатарам і гідам!”

Ірына Бяляева, г. Клайпеда

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter