Тры пытанні Галоўнаму рэдактару газеты “Звязда” Алесю КАРЛЮКЕВІЧУ

Сёння “Звязда” — гэта: Грамадска-палітычнае выданне на беларускай мове для чытачоў нашай краіны.

— Сёння “Звязда” — гэта...

— Грамадска-палітычнае выданне на беларускай мове для чытачоў нашай краіны. Газета для тых, хто жыве і ў вёсцы, і ў горадзе. Для тых, хто цікавіцца не толькі гісторыяй, культурай, асветніцтвам у нашай краіне, але і ўсімі падзеямі. Для тых, хто хоча быць інфармацыйна насычаным. “Звязда” — гэта газета беларускай інтэлігенцыі. Пад словам “інтэлігенцыя” мы маем на ўвазе рысу характару людзей, якія належаць да розных сацыяльных груп, іх пэўныя суадносіны з навакольным светам, не размяжоўваючы іх па класах ці месцах пражывання. Інтэлігента, нашага чытача, можна знайсці і сярод вясковых рабочых, і сярод сталічных пісьменнікаў і вучоных.

— “Звязда” з’яўляецца найстарэйшым выданнем у Беларусі. Наколькі лёгка ці складана выконваць адначасова ролю газетнага патрыярха і сучаснага медыя ХХІ стагоддзя?

— Зыходзячы з таго, што ў “Звязды” такі багаты вопыт, ёсць вялікая адказнасць за тое, каб адбывалася пэўнае развіццё газеты, каб традыцыі, назапашаныя журналістамі старэйшага пакалення, набывалі новае афармленне і ішлі наперад. Спадзяёмся, у нас гэта атрымліваецца.

— Газета сапраўды развіваецца на вачах. Гэта заўважаюць і чытачы, і калегі. А што чакае “Звязду” ў бліжэйшы час — на шляху да 100-годдзя?

— Кіраўніцтвам краіны прынята рашэнне аб стварэнні рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. Новае прадпрыемства, акрамя газеты “Звязда”, аб’яднае рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і культуралагічных часопісаў, газету “ЛіМ”, кніжны праект — рэдакцыю, дзе будуць выдавацца ў першую чаргу творы беларускай мастацкай літаратуры. Вядома, “Звязда” — штодзённае ўрадавае парламенцкае выданне — будзе несумненным лідарам створанай беларускамоўнай масмедыйнай прасторы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter