Нататкі пра землякоў-беларусаў, якія цяпер жывуць у казахстанскім Усць-Каменагорску

Тры лёсы пад вятрамі вайны

Нататкі пра землякоў-беларусаў, якія цяпер жывуць у казахстанскім Усць-Каменагорску


У нашым горадзе ёсць Дом дружбы, пры ім — Беларускі этнакультурны цэнтр. Збіраюцца тут нашы суайчыннікі, дзеляцца ўспамінамі пра былое. Ёсць сярод іх і тыя, хто памятае ваенны час. Розныя дарогі вялі іх па свеце, а сустрэліся ўдалечыні ад Бацькаўшчыны — і як парадніліся. Пра некаторых старэйшых сяброў і хачу расказаць. Бо людзі ж не вечныя, а іх успаміны — каштоўныя для нашай супольнай беларускай гісторыі.



Беларускі з Казахстана (злева направа) Н. Смельц, А. Сташко, Г. Жампеісава, А. Шчэмер

Ніна Іванаўна Смельц

Мы пазнаёміліся ў 2011-м. Ніна Іванаўна расказала, што нарадзілася  9 снежні 1933 года ў Бабруйску, у сям’і кадравага афіцэра. Добра памятае дзень, калі пачалася вайна: “Яшчэ да абеду бацька прыехаў на грузавіку і загадаў маме хутка збіраць рэчы, дзяцей у дарогу — браціку было 4 гады. На пытанне, куды і чаму мы едзем, тата адказаў маме: вайна!” З імі выехалі на вакзал і іншыя сем’і вайскоўцаў. Бацька пасадзіў родных у таварны вагон і развітаўся з імі. Назаўсёды... Па дарозе цягнік бамбілі, а ў Ваўкавыску (пэўна, састаў рухаўся з боку Гродна ці з Беласточчыны — на той час гэта была беларуская тэрыторыя. — Рэд.), згадвае субяседніца, яго зусім разбілі. Дзеці з маці неяк выбраліся з вагона, кінуліся ўроссып: ляцелі бомбы з нямецкіх самалётаў. Калі Ніна ачомалася, мамы нідзе не было, як і брата. Клікала, крычала... Прыбілася да людзей, ішла з імі. На нейкім хутары яе пакінулі. Добрыя людзі паклапаціліся пра дзяўчынку. Там і жыла ў вайну, па гэты час тым сялянам вельмі ўдзячная.

Пасля вайны яе аддалі ў Слонімскі дзіцячы дом. Пачалося іншае жыццё: вучоба, заняткі музыкай і спевамі. Яна з дзяцінства любіла спяваць. І ўвесь час шукала родных: маму Анастасію Іванаўну, тату Івана Дзмітрыевіча, браціка Георгія. Толькі праз 10 гадоў маці сама знайшла яе. Ніна маці ўжо зусім не памятала, доўга да яе прывыкала. Аказалася, яны з братам выжылі, а бацька трапіў у палон, быў у Дрэздэнскім канцлагеры і памёр у 1945 годзе.

Маці з дзецьмі вярнулася ў Бабруйск, дзе дачка ў 56-м закончыла педвучылішча. Выйшла замуж за Роберта Смельца, працавала настаўніцай. У 59-м муж паехаў у Казахстан на заробкі, аказаўся ў Усць-Каменагорску. Праз год прыехала і яна, ужо з сынам. Выпадкова даведалася, што ў дзіцячы сад патрэбен выхавальнік. Пайшла туды, і сыну Сашку месца там знайшлося. Кажа: пашанцавала. Пазней паступіла ў музычную школу, за пяць гадоў навучылася граць на піяніна, стала ў дзіцячым садзе музычным кіраўніком. Там і працавала да пенсіі, да 1988 года.

У Казахстане ў сям’і нарадзіўся Вячаслаў. Сыны Ніны Іванаўны працуюць на свінцова-цынкавым камбінаце, маюць сем’і. Унучцы Яне 33 гады, унуку Арцёму — 18. Яны, а таксама праўнукі Даніла і Арсеній ведаюць пра свае беларускія родавыя карані. Радуецца, гледзячы на іх, мая субяседніца, ды шкадуе, што мужа ўжо няма на гэтым свеце. Ратуецца ад тугі, што часам падступае да сэрца, песнямі. Наведвае Дом дружбы, спявае ў фальклорным гурце “Крынічка” пры нашым цэнтры: гуртом кіруе выдатны музыка і чалавек Генадзь Кузьмін. “Тут сабраліся такія ж, як і я, “маладзіцы”, — жартуе Ніна Іванаўна. — І нам разам вельмі добра! Часта бываем на мерапрыемствах Дома дружбы, цэнтра, горада. Жывем у згодзе, павазе адзін да другога. Вывучаем і беларускую мову, і казахскую. Беларусь у сэрцах заўсёды: чытаем вершы беларускіх паэтаў, спяваем нашы песні і заўсёды жадаем Бацькаўшчыне росквіту. ”


Марат Прышчэпчык

Марат Віктаравіч Прышчэпчык


На пачатку вайны яму было 8 гадоў, сям’я жыла ў Баранавічах. “22 чэрвеня 1941 года ў 3 гадзіны 20 хвілін на горад наляцелі нямецкія самалёты-знішчальнікі і бамбавікі, — расказвае Марат Віктаравіч. — У горадзе было два ваенныя аэрадромы, немцы бамбілі і іх, і горад. Усе пахаваліся хто куды. Але часам мы, дзеці, выбягалі з хованак і назіралі, што адбываецца. Бачылі, што з нашых аэрадромаў узляцелі ўсяго два знішчальнікі, ды і тыя былі збітыя”.

Дарослыя сабралі самыя неабходныя рэчы і пешшу з дзецьмі рушылі да горада Мар’іна Горка  (прайсці трэба было кіламетраў 270), дзе жылі бабуля Марата, сваякі. Як толькі выйшлі на трасу, згадвае ён, то ўбачылі шмат разбітых машын: дарогу бамбілі фашысцкія самалёты. Вакол — целы за­гінулых сал­дат. Прайшлі кіламет­раў 20, пачулі гул: нямецкія мата­цык­лісты. Усе кіну­ліся ў куп­кі хмызняку. Зямляк пом­ніць, як тады з лесу выехаў ЗІС, у кузаве стаялі два чырвонаармейцы. Хапалі гранаты са скрынь у кузаве і з крыкамі: “За Радзіму! За Сталіна!” кідалі ў ворагаў. Тыя падпалілі смельчакоў агнямётамі. І яшчэ ў адплату за страты вырашылі пастраляць у бежанцаў. “Адзін з фашыстаў падышоў і да нас і страляе, — хвалюецца Марат Віктаравіч. — Куля слізганула па маім ілбе… Я ўскочыў і закрычаў. Ён усклікнуў “О, кляйне кіндэр!” і адышоў. Потым фашысты падабралі сваіх забітых і паехалі. Мама апрацавала мне ранку спіртам, а ў бліжэйшай вёсцы яе зашылі.”

Яны дабраліся да Мар’інай Горкі. Бацька Марата пайшоў у партызанскі атрад “Мсцівец”, дзе камандзірам быў Цімафей Андрэевіч Фралоў, дзядзька хлопчыка. Маці стала сувязной: працавала тэхнічкай у нямецкай камендатуру і папярэджвала, калі рыхтаваліся аблавы на партызан. Потым прыйшло гора і ў іх сям’ю: бацька загінуў, прыкрываючы адыход падрыўнікоў ад чыгункі, а маці ў 43-м адправілі ў канцлагер “Дахау”. Марат перабраўся ў атрад, і з братам Генам, сынам камандзіра, хадзіў хлопчык у разведку па вёсках. Прыносілі яны весткі, дзе стаяць немцы, а дзе паліцаі. Неяк зайшлі ў вёску двароў на 40. Фашысты і паліцаі тым часам даведаліся, што вяскоўцы дапамагаюць партызанам прадуктамі, напалі на людзей і павесілі на дрэвах 15 чалавек, сярод якіх жанчыны і дзеці. Хлопчыкам удалося ўратавацца.

Разведкі ў ягонай памяці — на ўсё жыццё. “Камандзір атрада даў заданне: трэба даведацца, што за ўзбраенне ў ворагаў, дзе яны спяць, — успамінае Марат Віктаравіч. — Мы з Генам узялі торбачкі, там па цыбуліне і кавалку хлеба. Ішлі як жабракі і прасілі міласціну. А самі ўважліва вывучалі, што патрэбна, запаміналі. Заўважылі, напрыклад, што ў адной вёсцы немцы спяць у школе, а паліцаі — у клубе, і ў іх ёсць танк. А нас заўважылі паліцаі. Спынілі, забралі торбачкі і павесілі на дрэва. Толькі паднімем рукі, каб зняць іх — страляюць. Так забаўляліся, пакуль не выйшаў немец і не аблаяў іх. Мы знялі торбачкі ды бягом адтуль. А ноччу партызаны знішчылі фашыстаў і іх паслугачоў, танк узарвалі. Вось так мы, дзеці, дапамагалі партызанам змагацца за родную Беларусь!”

Мінск вызвалілі 3 ліпеня 1944-га, а 16 ліпеня Марат з сябрам Генам былі на партызанскім парадзе, прысвечаным падзеі. Марат Віктаравіч гаворыць: “Цімафей Фралоў быў удзельнікам парада і ўзяў нас з сабою. Ён ішоў у калоне, а мы глядзелі. Пасля нас запрасілі ў рэстаран, узнагародзілі: дзядзька атрымаў грошы, а мы — пакункі з цукеркамі і банкі тушонкі. Радасці не было мяжы, гонар аж раздзіраў нас: мы ж таксама набліжалі Перамогу!”

Антаніна Міхайлаўна Шчэмер

“Дзіця вайны” — называе сябе Антаніна Міхайлаўна. Нарадзілася яна ў 1937-м у вёсцы Краснае на Гродзеншчыне. Успамінае пачатак вайны: “Мама, я і старэйшая сястра нібы трапілі адразу ў пекла: лінія фронту побач. Перастрэлкі, аскепкі снарадаў, кулі, разрываюцца бомбы, пажары — усё помніцца, адбілася ў свядомасці. Адзін жахліва страшны эпізод ніяк не магу забыць. У траўні 43-га фашыстам данеслі, што мужчыны нашай вёскі, па розных прычынах не мабілізаваныя, сышлі ў партызаны. За гэта пакінутых жыхароў фашысты вырашылі спаліць жыўцом. Усіх, у тым ліку і нас, карнікі сагналі ў вялікі хлеў на край вёскі. Вялікі жах у вачах  маці, немы крык дзяцей помняцца па гэты час... Дзеці хапаліся за спадніцы маці і нема крычалі, а маці прыціскалі іх да сябе і плакалі наўзрыд. Фашысты штурхалі і штурхалі жанчын і дзяцей у хлеў. Мы, дзеці, яшчэ толкам і не разумелі, што будзе з намі, але здагадваліся, што нас чакае нешта страшнае”.

На шчасце, немцы не паспелі падпаліць той хлеў. З’явіліся партызаны, пачалася перастрэлка. Жанчыны і дзеці штурхаліся, падалі адзін на аднаго, беглі хто куды. Некалькі чалавек проста затапталі. Антаніна помніць дзяўчынку: упала на маці, што сцякала крывёй, і гучна плакала. Пазней нямала жыхароў вёскі немцы павесілі і прымушалі ўсіх, у тым ліку і дзяцей, у навучанне глядзець на павешаных. Маці Антаніны старалася аберагаць дачок ад тых жахаў, ды не заўсёды ёй тое ўдавалася. “Памятаю, былі павешаны муж, жонка і іх васьмігадовы сын… — дрыжыць голас зямлячкі. — Нас гналі да таго месца і прымушалі глядзець, як яны гайдаліся… Мы ноччу потым не маглі спаць, мама доўга нас суцяшала... Цяжка было жыць у акупацыі: вопраткі не было, абутку ўвогуле ніякага. Нямецкія машыны з салдатамі часта праязджалі па вёсцы. Салдаты фатаграфавалі нас, напаўголых, мурзатых, знясіленых, і смяяліся. Па словах мамы, каб тыя здымкі паказваць у Германіі”.

Антаніна Міхайлаўна памятае, як усю вайну дзеці 4-10 гадоў дапамагалі дарослым ва ўсім, часам выконвалі і непасільную працу, і тым набліжалі доўгачаканы дзень Перамогі. Разам з маці ўбіралі ўраджай, а снапы малацілі ўручную, капалі бульбу, даглядалі жывёлу. Вясной збіралі травы, шчаўе, карані розныя, пазней — ягады, грыбы, арэхі. А пад час перастрэлак і бамбёжак хаваліся ў скляпах.
Пасля вызвалення Беларусі ад немцаў у 1944-м дзяўчынка пайшла ў першы клас. Галеча і голад, згадвае, былі паўсюль, бо, адступаючы, фашысты знішчалі і спальвалі ўсё.

Але ўсё ж паступова жыццё наладжвалася. У 1955-м яна закончыла школу, потым — медвучылішча, пачала працаваць акушэркай. У 1960-м прыехала ў Казахстан: хварэў старэйшы брат Антаніны, пасля заканчэння медінстытута накіраваны ў Усць-Каменагорск. Давялося яго даглядаць. Потым Антаніна паступіла ў Сяміпалацінскі медінстытут, які закончыла ў 1968 годзе. Два гады выкладала акушэрства ў медвучылішчы, затым пачала працаваць у радзільні, і 40 гадоў адпрацавала там акушэркай-гінеколагам. Стварыла сям’ю, мае сына і ўнучку. Антаніна Міхайлаўна гаворыць: “Я шчаслівая! Тут не грукочуць гарматы, не свішчуць кулі. Няхай заўсёды ўсміхаюцца нашы дзеці і ўнукі, хай ніколі не паўторацца жахі вайны!”

Успаміны запісала Галіна Жампеісава, Усць-Каменагорск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter