У Даўгаўпілсе адначасова адзначалі шэраг знакавых для Бацькаўшчыны датаў і 22-і дзень нараджэння Культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”

Тры ў адным

У Даўгаўпілсе адначасова адзначалі шэраг знакавых для Бацькаўшчыны датаў і 22-і дзень нараджэння Культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”


У Даўгаўпілсе і дзеці далучаюцца да народных традыцый

Хоць у летнюю пару ўсё больш думак пра адпачынак, аднак актывісты беларускага руху ў Даўгаўпілсе здолелі гожа, натхнёна адсвяткаваць адразу тры знакавыя падзеі: Дзень Незалежнасці Беларусі, Купалле, дзень нараджэння суполкі “Уздым”. Творчы сезон Цэнтр беларускай культуры і суполка “Уздым” завяршылі канцэртам “Беларускае Купалле”. Ён прайшоў 2 ліпеня ў даўгаўпілскім Палацы культуры.

На пачатку свята гледачоў сустракала беларуская народная музыка: іграла кіраўніца ансамбля “Квітнеючы май” Антаніна Сівакова. Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў павіншаваў усіх са святамі. Пры тым ён падкрэсліў значную ролю Цэнтра беларускай культуры і таварыства “Уздым” у пашырэнні беларускай культуры. Сяброў “Уздыма” з 22-годдзем суполкі віншаваў і яе старшыня Валеры Амбросаў. Пасля афіцыйнай часткі ўсе акунуліся ў беларускае народнае свята летняга сонцавароту — Купалле. Нас, беларусаў, у Латвіі добра разумеюць: тут ёсць аналагічнае латышскае свята Ліга. Святочны канцэрт, у якім гучалі Купальскія матывы, вялі Купалінка (кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская) і Купаліш (Валеры Амбросаў). Пад народную песню “Ой рана на Івана” ўсіх прысутных Іванаў, Янісаў, Янаў, Ян, Іванавічаў ды Іванаўнаў адарылі вянкамі з кветак і траў — сімвалам Сонца, багацця і здароўя.


А цётка Зельніца ведае многія сакрэты кветак і траў

А далей закружыўся карагод народных песень ансамбля “Купалінка”, народных танцаў ансамбля “Лянок”, які дапаўнялі купальскія вершы, прыкметы і абрады. Спявак Павел Прозар, напрыклад, выканаў славутыя Купальскія песні. Цётка Зельніца (а то была кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка” Галіна Сантоцкая) дзялілася сакрэтамі пра лекавыя ды магічныя ўласцівасці тых кветак і траваў, якія збіраюць беларускі на Купалле ды ўплятаюць у свае вянкі са звонкімі песнямі, танцамі. Потым ансамбль сеніораў “Спадчына” завёў залу гарэзнай песняй “Зязюля”. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш пра Купалле. Вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” падарыў гледачам беларускую народную песню “Ружа кветка” і латышскую народную “Ці ж мая віна ў гэтым”.

Па нашай добрай традыцыі святочны канцэрт закончыўся супольным выкананнем гімна-песні “Беларускі дом”, якую напісалі паэт Станіслаў Валодзька і кампазітар Аляксандр Рудзь. І вясёлую народную “Цячэ вада ў ярок” разам з артыстамі спявала ўся зала.

Мы даўно заўважылі: у летнія месяцы ў арганізатараў святаў, канцэртаў заўжды ёсць рызыка, што не збярэцца зала. Аднак нашае “Беларускае Купалле”прайшло з аншлагам і гэтак паспяхова, што падумалі: а нездарма ж спрадвеку ў такую пару на Купалле “да купы”, гэта значыць разам збіраюцца нашы супляменнікі! Пэўна, душа беларуская мае ў тым патрэбу. Вось і мяркуем: можа, варта штогод зачыняць творчы сезон Цэнтра беларускай культуры такім вялікім беларускім канцэртам? Тым больш што нагодаў, каб сабрацца разам, на пачатку ліпеня сапраўды шмат.

Жанна Раманоўская,
кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, член рады суполкі “Уздым”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter