Тройка ў колазвароце жыцця і дзейнасці чалавека

У працэсе фарміравання адвечнага народнага календара здарылася так, што асноўныя рытуальна-абрадавыя комплексы мелі трохчасткавую структуру.

У працэсе фарміравання адвечнага народнага календара здарылася так, што асноўныя рытуальна-абрадавыя комплексы мелі трохчасткавую структуру.

У структуры Калядаў адзначаліся тры куцці (посная — багатая — посная), што было абумоўлена пераходам з посту ў зімовы месяц. Запазычаны хрысціянскі каляндар быў больш-менш адаптаваны да матрыцы народнага перш за ўсё таму, што структурна ён шмат у чым адпавядаў свайму папярэдніку. У хрысціянскай традыцыі кожнаму з гэтых этапаў адпавядала сваё свята: Раство Хрыстова — Васілле — Вадохрышча. Святочна-абрадавы комплекс, які сімвалізаваў пераход вясны ў лета, уключаў у сябе Ушэсце, Сёмуху і Русальны тыдзень. Аналагічную структуру меў траецкі цыкл хрысціянскіх святаў, які складаўся з Узнясення, Тройцы і Духава Дня. Тры складовыя часткі мела і жніво, якое распачыналася зажынкамі, затым разгортваўся працяглы перыяд самога жніва і, нарэшце, спраўляліся дажынкі. Жнівень вядомы і як час святкавання трох (?!) Спасаў: Мядовага (14.08), Яблычнага (19.08), Хлебнага (29.08), што адпавядала тром этапам збору ўраджаю — жніва. Вельмі важным і адказным момантам у жыцці беларуса і яго сельскагаспадарчай дзейнасці было святкаванне Юр’я (6.05). Лічылася, што святы Юрый (Ягорый) “адмыкае зямлю і выпускае расу, тым самым дае новы штуршок для развіцця расліннаму свету. І ўжо за тыдзень да свята людзі пачыналі назіраць за станам зямлі, каб прадказаць час збору новага ўраджаю: “Калі першая раса выпадае за тры дні да Ягорыя, то хлеб паспее за тры дні да Іллі”. Юр’е было святам пастухоў, першага выгану жывёлы ў поле, таму перш чым адправіць карову за вароты, гаспадыня выконвала шэраг магічна-ахоўных дзеянняў, амаль у кожным з якіх тройка была вызначальнай. На ўсходзе сонца гаспадар кіраваўся да таго месца, дзе сыходзіліся тры ручаіны (калі такога не было, ваду бралі з трох калодзежаў), па цячэнні чэрпаў вядро вады, якой затым трэба было абліць жывёліну, каб яна добра даілася. А тым часам гаспадыня выганяла скаціну ў двор, брала спецыяльна прыхаванае для гэтага дня велікоднае яйка і тройчы па сонцы качала ім па спіне каровы. Калі ж пастух даваў знак выганяць жывёлу, у варотах клалі тры прадметы-сімвалы, цераз якія карова павінна была пераступіць. Сярод іх былі: замок — каб замкнуць пашчы ваўкам, велікоднае яйка — каб карова прынесла прыплод, чацвярговая соль — каб засцерагчы ад благога людскога вока. У асяроддзі беларусаў існавала вялікае мноства варожбаў-прадказанняў. Па іх маглі вызначаць час пачатку азімай сяўбы. На пачатку жніва гаспадар зрываў тры каласы і клаў іх на зямлю. Праз нейкі час яны прарасталі. Калі першы колас пусціць большыя расткі, то сяўбу пачыналі рана, адразу ж пасля Спаса (19.08), калі другі, то пасля другога этапа работ — праз два тыдні, калі больш імкліва прарастаў трэці колас, то збожжа сеялі позна — напярэдадні Другой Прачыстай (21.09). Гаспадыні выходзілі на ніву зажынаць, станавіліся тварам да сонца, маліліся і пачыналі зажынаць “бародку” са словамі: “Дай жа, Божа, каб лёгка жалось! Сярэдзінка не балела, ручанькі не млелі, ножанькі не дзервянелі, галава не гарэла!” На бародку зажыналі тры жменькі каласоў. Іх звязвалі ў снапок, клалі гаспадыні на плечы. Яна заносіла бародку дадому і клала на абразы. Калі пачыналі садзіць бульбу, то перад тым, як пасадзіць першую баразну, гаспадыня выконвала наступны рытуал. Яна брала шапку гаспадара, клала ў яе тры бульбіны, тройчы круціла шапку па сонцы і прыгаворвала : “Няхай па галаве расце!” Кідала бульбіны ў баразну і хапалася за “лыткі”, каб бульба такая ж гладкая была.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter