На Хлебный, или Ореховый Спас наши предки пекли хлеб из нового урожая, собирали орехи и готовились к зиме

Трэці Спас хлеба прыпас

Завяршае жнівеньскі цыкл свят Хлебны, або Арэхавы, Спас, які прыпадае на 29 жніўня. Па народным календары Трэці Спас азначаў заканчэнне жніва. З гэтай пары пачыналі праводзіць Дажынкі, пяклі пірагі і іншыя прысмакі з мукі новага ўраджаю.


На працягу многіх стагоддзяў асноўным прадуктам харчавання ў беларусаў быў жытні хлеб. Ім пачыналіся і заканчваліся сняданак, абед, вячэра. Хлеб суправаджаў селяніна ў поле. З хлебам і соллю сустракалі і праводзілі дарагіх гасцей, ішлі ў сваты, гулялі вяселле, адзначалі хрэсьбіны і іншыя святы. Ва ўсіх сямейных абрадах хлеб сімвалізаваў шчасце і дабрабыт. Казалі так: «Хлеб у хаце — гаспадар, на працы — сябар, у дарозе — таварыш».

У нашых продкаў з хлебам быў звязаны шэраг народных прымет і павер’яў. Напрыклад, вялікім грахом лічылася кінуць кавалак хлеба на падлогу. Калі так выпадкова здаралася, яго паднімалі і цалавалі. Крышыць хлеб таксама забаранялася. Казалі: хто так зробіць, той ніколі не будзе мець хлеба.

Па бохану прадказвалі і лёс сям’і. Па павер’ях, калі булка ў печы разваліцца на дзве палавіны — дабра ў сям’і не чакалі. Вертыкальная расколіна ў мякішы прадракала разлад, а гарызантальная азначала, што ці дачка пойдзе замуж, ці сын у прымакі.

Калі пяклі хлеб, на першай булцы гаспадыня рукой рабіла крыж, а елі такую булку заўсёды апошняй. Непажадана было пачынаць новы бохан хлеба ўвечары — лічылася, што гэта можа пазбавіць багацця. Продкі верылі: калі абнесці хлеб вакол будынка ў час пажару, агонь не будзе далей распаўсюджвацца.

У канцы жніўня паспявалі і арэхі. Таму нездарма гэта свята называюць яшчэ і Арэхавым Спасам. Хлеб і арэхі асвячалі ў царкве, частавалі імі родных і сяброў. Сустракаецца і іншая назва — Спас на палатне. Адсюль традыцыя: пачынаючы ад свята, гандлявалі даматканымі палотнамі.

У гэты дзень абавязкова ладзілі застолле. Нельга было заставацца ў адзіноце — інакш усё жыццё будзе складана знайсці сваю другую палавінку. Пасля застолля мыліся ў лазні і парыліся венікамі з галін арэшніку. Лічылася, што гэта дапаможа выгнаць усе хваробы.

На Арэхавы Спас дзяўчаты варажылі на свой лёс. Для гэтага трэба было сарваць арэх з дрэва і паспрабаваць яго: салодкі — хутка сустрэнеш каханне, няспелы — да навін, гнілы — да няўдачы, а горкі — да слёз.

Адшукаць арэхі, што зрасліся паміж сабой, лічылася вялікай удачай. Іх не елі, а захоўвалі як абярэг, які спрыяе багаццю і дабрабыту.

Пасля свята сяляне пачыналі рыхтавацца да зімы, у прыватнасці чысцілі калодзежы.

ПРЫМЕТЫ

♦ На Трэці Спас ластаўкі і жураўлі пачынаюць збірацца ў вырай. Лічылася, калі жураўлі адляцяць да 29 жніўня — на Пакровы будзе марозна.

♦ Калі ў гэты дзень дзьме вецер — зімой можна чакаць завеі і моцныя маразы.

♦ Калі на свята моцны дождж — дрэннае надвор’е захаваецца яшчэ некалькі дзён.

♦ Лічылася, калі сёлета сабралі шмат арэхаў — на будучы год будзе добры ўраджай хлеба.

АД ПРАДЗЕДАЎ

♦ Спас — на палатне, а хлеб — у гумне.

♦ Добры Трэці Спас — будзе зімой квас.

♦ Трэці Спас — трымай рукавіцы ў запас.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter