Интервью с писателем Владимиром Соломахой

Трэба шанаваць чалавека

На Дне беларускага пiсьменства, якi ў першыя восеньскiя выхадныя прайшоў у Шчучыне, была ўпершыню ўручаная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя. У намiнацыi «Проза» перамагла кнiга пiсьменнiка Уладзiмiра Саламахi «...I няма шляху чужога». Уладзiмiр Пятровiч — лаўрэат Дзяржаўнай прэмii, уладальнiк iншых прэстыжных узнагарод. На ягоным рахунку — шматлiкiя кнiгi прозы, публiцыстыкi, эсэiстыкi, сцэнарыi дакументальных i анiмацыйных фiльмаў.


— Уладзiмiр Пятровiч, вiншую вас з узнагародай! Раскажыце для нашых чытачоў пра кнiгу, якая яе заслужыла.

— Кнiга складаецца з чатырох аповесцей: «...I няма шляху чужога», «Апазнаецца асоба мужчыны», «Расступiся, зямля» i «Людзi i Лiк». Заглаўную пачаў пiсаць яшчэ амаль у юнацтве, як i iншыя. Яна на аснове аповесцi «Дамба». Пераапрацоўваў, дапрацоўваў, дапрацоўваю зараз i буду дапрацоўваць столькi, колькi буду адчуваць душэўную патрэбу ў гэтым. I астатнiя — таксама: змяняецца светапогляд, адбываецца пераасэнсаванне рэчаiснасцi. «...I няма шляху чужога» — першая аповесць аднаiменнай трылогii. Другая — «Не цурайся веры сваёй» — друкавалася ў мiнулым годзе ў часопiсах «Полымя» i «Нёман», а таксама ў № 8 за гэты год маскоўскага часопiса «Наш современник». Напiсана трэцяя аповесць трылогii, трымаю пакуль, на гэта свае прычыны.

— Пра што кнiга? Цi шмат там аўтабiяграфiчнага?

— Пра людзей у гранiчна складаных жыццёвых сiтуацыях, калi людзi павiнны заставацца людзьмi. Аўтабiяграфiчнае?.. Не зусiм, цi не толькi. З жыцця маiх землякоў, знаёмых i не знаёмых мне людзей. Увогуле, пра чалавека, пра людзей я пiсаў ва ўсiх сваiх кнiгах прозы. I нават ў кнiгах крытыкi i публiцыстыкi, у прыватнасцi ў «Званых i выбраных», за якую, а таксама за публiцыстыку, якой займаўся i займаюся, удастоены Дзяржаўнай прэмii. Тым не менш зварот да твораў, якiя ўвайшлi ў кнiгу «...I няма шляху чужога», пастаянны.

— I ў нашай краiне, i ў свеце вядзецца шмат спрэчак пра лiтаратурныя прэмii. Цi патрэбныя яны, наколькi аб’ектыўнае iх прысуджэнне? Можа быць, iх у нашай краiне проста занадта мала, таму вакол кожнай узнiкае нездаровы ажыятаж? Цi, наадварот, трэба перайсцi на iншую сiстэму вызначэння лепшых кнiг — бiблiятэчныя рэйтынгi, адкрытыя апытаннi?

— Час паказвае, якiя (i чые) прэмii якому творцу патрэбны. Ёсць адна сапраўдная «сiстэма» вызначэння «лепшых» кнiг — iх мастацкiя вартасцi... А ўсё астатняе, калi «мiжсабойчыкi» — было, ёсць i будзе.

— А што наконт звання народнага пiсьменнiка? Нядаўна ў «Народнай газеце» крытык Дзянiс Марцiновiч, якi таксама стаў лаўрэатам першай Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii, у сваiм артыкуле даводзiў, што званне народнага пiсьменнiка — перажытак савецкага часу, i цяпер такi статус непатрэбны. Цi так гэта?

— Дзянiс вельмi разумны i таленавiты крытык i даследчык лiтаратуры, кандыдат гiстарычных навук... А таксама — вельмi цiкавы празаiк. Так–так, чытайце яго кнiгу, уганараваную Нацыянальнай прэмiяй. А меркаваць так, як ён мяркуе, — яго права, i ў гэтым я не бачу нiчога кепскага. Праз час, можа, будзе думаць iнакш: чалавек жа сталее... Я ж, калi гавораць пра народных, бачу велiчныя постацi лiтаральна ўсiх iх. Не сумняваюся, што гранiчна выразна i лепш, чым мы, бачыць iх чытач (народ): Купала i Колас, Крапiва i Лынькоў, Мележ i Брыль, Куляшоў i Шамякiн, Макаёнак i Броўка, Панчанка i Быкаў, Чыгрынаў i Барадулiн... Увогуле ўсiх тых, хто сваiмi творамi высока над светам узняў iмя беларуса, сцвярджаючы яго чалавечую годнасць, а таксама iмя сваёй краiны. Можа, некалi мы ўбачым сярод iх i яго, Дзянiса. I не толькi яго, а i яшчэ не аднаго i не двух з тых, хто сёння ўпарта i годна пачынае працаваць у лiтаратуры: талентаў у нас хапае, iм нiхто не замiнае, наадварот, яны атрымлiваюць падтрымку i ў выдавецтвах, i ў часопiсах, i ў творчых пiсьменнiцкiх арганiзацыях, i краiне яны патрэбны... I яшчэ скажу адно: на шчасце, прырода любой чалавечай дзейнасцi толькi тады мае сэнс, калi накiравана не толькi на сваю карысць, а на карысць людзям, народу, Айчыне. I Дзянiс, прадстаўнiк цi не самага юнага пакалення нашых адметных творцаў, i мы з вамi, прадстаўнiкi старэйшых пакаленняў беларускiх пiсьменнiкаў, гэта добра разумеем i працуем, можа, не столькi для сябе, часам не атрымлiваючы нiякай матэрыяльнай выгоды (разумеем цяперашнiя выдавецкiя цяжкасцi), хоць нашы кнiгi даюць прыбытак, а з надзеяй i спадзяваннем, што гэта трэба людзям. Iнакш нi Дзянiса, нi вас, нi мяне нiхто не чытаў бы i не адзначала б дзяржава сваiмi, такiмi патрэбнымi нам, найперш у маральным плане, прэмiямi. Былi б мы з вамi ў якiм–небудзь, як я кажу, пустапарожнiм «мiжсабойчыку», цешачы сваё самалюбства: я вялiкi i важны (цi я вялiкая i важная)... А далей што?.. Ды з нас людзi б смяялiся, яны ўсё бачаць, усё разумеюць, усяму даюць беспамылковую ацэнку.

— Цi часта вы сустракаецеся з чытачамi? Для каго вы пiшаце?

— Сустракаюся кожны дзень i з пiсьменнiкамi, i з чытачамi. Хто мяне чытае?.. Таго–сяго ведаю, маю пiсьмовыя i вусныя водгукi: ад супрацоўнiка Новасiбiрскага аддзялення РАН да нашых — пенсiянеркi з Гомеля, членкара, першага прарэктара адной сталiчнай акадэмii... I П.I.Якубовiча... Дарэчы, я асаблiва ўдзячны Паўлу Iзотавiчу: аднойчы ён прачытаў часопiсны варыянт у «Нёмане» аповесцi «...I няма шляху чужога», даў ёй сваю сапраўды прынцыповую, высокаквалiфiкаваную i важную для мяне ацэнку, што на той няпросты ў маёй творчасцi час падтрымала мяне, як нiшто iншае... Ведаю, чытаюць i вяскоўцы, i гараджане. Чытаюць i студэнты. I нават тое–сёе, як мне вядома, вывучаюць... Канешне, гэта радуе, але i абавязвае: працуй...

— Новая генерацыя беларускiх пiсьменнiкаў нарадзiлася ў горадзе. Гэта ўжо нават не «сена на асфальце», пра якое пiсаў Мiхась Стральцоў, а родныя дзецi горада, якiя нiколi не жылi ў вёсцы. Цi сыдзе з нашай лiтаратуры назаўсёды вясковая тэма?

— Не дзялю лiтаратуру на вясковую i невясковую. Спробы падзяляць лiтаратуру на тую i гэтую, як я лiчу, памылковыя, а можа, мэтанакiраваныя. Трэба гаварыць пра гэта з даследчыкамi–навукоўцамi, яны супрацьпастаўляюць творцаў, чытача гэта нiяк не цiкавiць: лiтаратура ёсць лiтаратура. Тэма яе — чалавек... I тут i там... А ўсё астатняе залежыць ад таленту мастака, яго грамадзянскай пазiцыi: усе мы жывём у грамадстве, нагадаю старое i непарушнае, як свет... (iншая справа, што цяпер нямала хто вельмi хоча i iмкнецца гэта парушыць). А час ёсць час, ён шмат што мяняе ў жыццi. Мяняюцца пакаленнi творцаў, у лiтаратуру прыходзяць юныя, у iх агромнiсты багаж сучасных ведаў, сваё, часам не супадаючае з нашым бачанне свету. I гэта добра, калi яно стваральнае, а яно ў пераважнай большасцi менавiта такое. А сярод сённяшняй творчай, у тым лiку i лiтаратурнай моладзi шмат сапраўдных талентаў, якiя, несумненна, скажуць сваё адметнае слова i пра горад, i пра вёску, увогуле ж — пра чалавека i тут i там. I ў паэзii, i ў прозе, ды i ў публiцыстыцы.

— Што б вы параiлi пачынаючым пiсьменнiкам?

— Вучыцца ў класiкаў бачыць i разумець жыццё. Вучыцца ў iх пiсаць. У нашых i iншых... Шанаваць чалавека, у сабе — таксама... Вучацца ж земляробы, рабочыя, урачы, будаўнiкi... I нiчога, аказваецца, гэта толькi на карысць... Кажу гэта не толькi маладым, не такi ўжо я i важны, а i сабе... А то, здараецца, у 20 гадоў напiшам якiх 2 — 3 вершыкi цi апавяданне, i нас такiя ж, як i мы, з нашага «мiжсабойчыка» параўноўваюць з Цвятаевай, Чэхавым... Багдановiчам i Караткевiчам... Iншы раз таленты наўмысна выводзяць з лiтаратуры, гэта бачна: тады раю не паддавацца... I — бязмежнай патрабавальнасцi да свайго мастацкага слова: мудрыя людзi кажуць, калi пiсьменнiк думае, што ён ужо дасканалы, на гэтым ён i заканчваецца як творца...

— Як зрабiць, каб беларускую лiтаратуру больш чыталi?

— Яе ж чытаюць... Нагадаю, што на свяце ў Шчучыне старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай Iванавiч Чаргiнец назваў вынiкi апытання па бiблiятэках усяго толькi па кнiгах 50 лiтаратараў: 2 мiльёны запатрабаванняў за год. (Я ў тым спiсе таксама маю сваё сцiплае месца.) Творы беларускiх пiсьменнiкаў толькi за апошнi час выдадзены на 17 мовах свету. У нас лiтаратура не выведзена з адукацыi, вывучаецца ў школах i ВНУ. Мы, здаецца, адзiная краiна, дзе годна працуюць дзяржаўныя выдавецтвы, дзе поўнасцю фiнансава падтрымлiваюцца лiтаратурна–мастацкiя часопiсы i дзе пiсьменнiцкая праца запатрабавана грамадствам, дзяржавай як неад’емная частка яе духоўнага жыцця, як праца кожнага сумленнага чалавека.

rubleuskaya@sb.by

Советская Белоруссия № 177 (24807). Среда, 16 сентября 2015
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter