Грошы на вецер. Чаму зацікаўленыя інвестары не спяшаюцца будаваць у Беларусi ветраныя электрастанцыі

Трэба пусцiць iдэi на вецер

Чаму вятрак не круціцца? Гэтае пытанне доўгі час мучыла ўсіх нас, пасажыраў аўтамабіля, які рухаўся ў гомельскім напрамку. Вялiкая канструкцыя стаяла ў полi i не варушылася, хоць вецер у тую хвiлiну быў даволi моцны. Гэта зусiм не рэдкасць: ветрагенератараў у краіне  няшмат, а некаторыя з iх яшчэ і прастойваюць.


Доля аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у паліўна-энергетычным балансе краіны дастаткова малая — каля шасці працэнтаў. Але львіную долю у ім займае драўніна. Усе ветраэнергетычныя ўстаноўкі краіны, а іх 72, выпрацоўваюць крыху больш за 68 МВт энергіі. Для параўнання: у Бельгii, дзе пражывае каля 11 млн чалавек, вецер у год дапамагае здабыць каля 3156 МВт. Дык, можа, ветраэнергетыка ў нашай краіне мае патрэбу ва ўдасканаленні?

Патэнцыял добры


Эксперты кажуць: жадаючых прыйсці на рынак альтэрнатыўнай энергетыкi ў нас дастаткова. Па-першае, скептыцызму адносна нашага патэнцыялу больш няма. Як мінімум, 1,5 тысячы пляцовак, акрамя тых, якія ўжо занятыя пад ветракі, лічацца прыдатнымі для ўстаноўкі турбін. Гэтыя тэрыторыі нават параўноўваюць з некаторымі раёнамі Германіі і Польшчы, дзе ветраэнергетыка ўжо сказала сваё важкае слова. Па-другое, прыцягваюць інвестараў павышаючыя каэфіцыенты нашых тарыфаў, якія ў разы вышэй, чым у іх на радзіме.

— Патэнцыял выкарыстання ветру ў нас добры. Дастаткова ўспомніць нашу першую ўстаноўку на паўтара мегавата ў Навагрудскім раёне. Яе сярэдняя магутнасць складае 33%! Дык вось, такіх паказчыкаў нават у Еўропе няма, — усклікае першы намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Віктар Акушка. — Там 20% ужо лічыцца добрым паказчыкам. І патэнцыяльныя iнвестары ўсё гэта ведаюць. 

Тым не менш, паводле слоў Віктара Акушкі, ёсць у нас штосьцi тое, што чалавека, які яшчэ ўчора быў гатовы ўкласці свае грошы, стрымлівае:

— Прыходзіць інвестар з праектам на 400 МВт, а квота, якую ён па новым заканадаўстве можа атрымаць, усяго на 12 МВт. Што яму рабіць?   

Рынак правіць баль


Кватаванне і іншыя выгады, якія дае Указ № 209, да гэтага часу выклікаюць мноства дыскусій. Напрыклад, ці варта прадастаўляць павышаючы тарыф інвестару аж на 10 гадоў? Начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці Мінэнерга Сяргей Грэбень задаецца заканамерным пытаннем: а навошта гэта трэба дзяржаве? 


— Бо праз гады, калі будзе створаны рынак электраэнергіі, — зазірае ён у будучыню, — мы ўсё яшчэ будзем вымушаныя браць у іх энергію па высокім тарыфе пры наяўнасці больш выгадных прапаноў.

Эксперты кажуць: тэрмiн акупнасцi ветраўстаноўкi 3—5 гадоў. Далей яе ўладальнік атрымлівае даход нават не ў сто, а ў 400%. Безумоўна, яму гэта выгадна. Але вось ці так ужо мы багатыя, каб плаціць яму такія грошы? Дык, можа, справа не ў квотах, а ў тарыфах, якія хоць бы пасля таго, як устаноўка акупіцца, павінны наблізіцца да рэальнасці? 

— Трэба зыходзіць ад кватавання і пры гэтым мяняць тарыфную палітыку, — выказвае меркаванне Віктар Акушка. — А менавіта паступова замяніць павышаючы каэфіцыент стымулюючым.

Дзевяць рызык


Эксперты запэўніваюць: змена тарыфаў тых, хто сапраўды хоча прыйсці на наш рынак альтэрнатыўнай энергетыкi, не палохае. Іншая справа, і пра гэта сведчаць даныя даследаванняў праекта ПРААН «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Беларусі», ёсць шэраг гарантый, якія б хацелі атрымаць інвестары. 

— Выяўлена дзевяць рызык для інвестараў: неатрыманне дазволаў, рызыка энергасістэмы пры перадачы электраэнергіі, фінансавага сектара i iншыя, — расказвае кіраўнік праекта ПРААН Марына Белавус. — Напрыклад, рызыка энергетычнага рынку, звязаная з туманнай перспектывай. Бо ўжо сёння колькасць квот ніжэй за магчымасцi інвестараў сектара ветраэнергетыкі. Сюды ж уключаны наш тарыф на аднаўляльныя крыніцы энергіі, які нестабільны і залежыць ад многіх іншых фактараў. Напрыклад, цаны на прыродны газ або курса долара. Фінансавая рызыка звязаная з абмежаваннямі фінансавання, як крэдытнага, так і ўласнага. А таксама яна звязана з адсутнасцю вопыту фінансавання такіх праектаў у банках нашай краіны.

Інвестар хацеў бы мець магчымасць пралічыць, прэтэндаваць яму на той ці іншы праект ці не варта. Але зрабіць гэтага ён сёння не можа. Што тады? Адсутнасць гарантый, а значыць, прысутнасць долі рызыкі, праект падаражае. Спачатку вятрак, потым дагавор на пастаўку энергіі — такая сённяшняя рэчаіснасць. У выніку інвестар адчувае сябе неабароненым. 

— Мы спрабавалі падпісаць умоўны дагавор на пастаўку энергіі, выконваючы ўсе нормы заканадаўства, — дзеліцца вопытам старшы юрыст фірмы Sorainen Таццяна Шышкарова. — Умоўны, таму што ўстаноўка яшчэ будуецца. Але атрымалі адмову.

Акрамя таго, паводле слоў спецыяліста, ёсць складанасці ў афармленні пакета неабходных дакументаў, якія ён вымушаны збіраць у розных ведамствах. 

— Было б лагічна стварыць нешта накшталт службы «Адно акно», — адзначыла юрыст.



Інвестар жадае яснасцi


Але што будзе, калі рызыкі скараціць да мінімуму? 

— Дзяржава будзе эканоміць, — агучвае даныя даследаванняў Марына Белавус. — Напрыклад, пры інвестыцыях у ветраэнергетыку больш за 800 мільёнаў долараў эканомія для дзяржавы перавысіць 370 мільёнаў. А эканомія на куплі прыроднага газу складзе каля 600 мільёнаў.

Ёсць яшчэ адзін важны бонус. Такі падыход, па яе словах, дасць таксама скарачэнне на 11,8 мільёна тон эквіваленту вуглякiслага газу на працягу наступных дваццацi гадоў. 

— Так мы зможам выканаць узятыя на сябе абавязкi па Парыжскім пагадненні і захаванні клімату ў цэлым, — кажа спецыяліст. — А такія скарачэнні ва ўмовах вугляроднага рынку можна манетызаваць.

Відавочна адно: інвестар гатовы ісці на ўступкі, але ён хоча яснасці. Ён чакае дакумент, які прыадкрыў бы перспектыву развіцця АКЭ на бліжэйшыя гады. Ён мае патрэбу ў простай і даступнай дакументацыі, у формах, якія павінны быць адзінымі, і, урэшце рэшт, у гарантыях таго, што энергія, якую вырабяць яго ўстаноўкі, будзе набытая па вызначаным тарыфе. Інакш планы краіны на ветраэнергетычныя ўстаноўкі так і застануцца планамі. А згодна з імі да 2020 года ў эксплуатацыю плануецца ўвесці аднаўляльных крыніц энергіі на 200 МВт, да 2030-га гэтая лічба павінна наблізіцца да 500 МВт.

veraart14@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter