Регистрация на ЦТ в самом разгаре: мы посмотрели, как она проходит

Трэба паступаць правільна

У краіне праходзіць запіс на ЦТ, ён працягнецца да 1 чэрвеня: тысячы хлопцаў і дзяўчат вызначаюцца з выбарам прадметаў, па якіх будуць здаваць сур’ёзныя экзамены. «Р» пабывала ў пункце рэгістрацыі і пагутарыла з абітурыентамі, якія зрабілі важны крок у жыцці.

Зарэгістравацца на ЦТ можна ў любым зручным для абітурыента пункце.

Зарэгістравацца на ЦТ можна ў любым зручным для абітурыента пункце — усяго іх у краіне 40. Запісвацца на праходжанне ўступных іспытаў можна кожны дзень, акрамя нядзелі і свят: з 9 да 19 гадзін, а па суботах — з 9 да 18 гадзін.

Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, раніца. Але сонных юнакоў і дзяўчат тут няма: усе бадзёрыя, некаторыя хвалююцца. Яно і зразумела: неабходна зрабіць важны выбар, ад якога залежыць далейшае жыццё. Віктар Шаўчук, адказны аператар пункта рэгістрацыі на ЦТ БДУ, расказвае:

— Асаблівага ажыятажу пакуль што няма. Больш за ўсё абітурыентаў, як і ў мінулыя гады, прыйдуць да нас у самым канцы рэгістрацыі. Але мы раім не адкладваць да апошняга — лепш запісацца на ЦТ цяпер.

Патрэбен толькі пашпарт: запаўняюцца дакументы, пасля чаго трэба заплаціць за будучы экзамен. Затым абітурыенты атрымліваюць пропуск, з якім пойдуць на тэст.

Рэгістрацыя доўжыцца каля 10 хвілін. Патрэбны толькі пашпарт: з ім запаўняюцца дакументы, пасля чаго неабходна заплаціць за экзамен. Многія маладыя людзі робяць гэта на месцы: праз інтэрнэт-банкінг. Іншыя ідуць у бліжэйшы банк і вяртаюцца ў пункт рэгістрацыі з квітанцыяй. Пасля аплаты атрымліваюць пропуск, з якім і пойдуць на тэст.

Чым бліжэй абедзенны час, тым больш жадаючых запісацца на ЦТ. Назіраю за маладымі людзьмі: усе вельмі сканцэнтраваныя, стараюцца запоўніць дакументы без памылак.

У гэтым годзе ЦТ будзе праходзіць з 11 чэрвеня па 1 ліпеня.

— Буду здаваць фізіку, матэматыку і беларускую мову, — дзеліцца планамі Максім Парфёнак. — Думаю, у мяне ўсё атрымаецца. Мару стаць ратавальнікам і дапамагаць людзям.

Ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС хоча паступіць і другі мой суразмоўца. Мікіта Палачанін прыехаў з Віцебскай вобласці. Поўны рашучасці: плануе стаць сапраўдным прафесіяналам. Акрамя тэорыі, некалькі гадоў падцягваў і сваю фізічную форму — рэгулярна займаўся спортам. Аб будучай прафесіі ведае не па чутках:

— Супрацоўнікі МНС у сям’і ёсць: брат, хросны тата. Я ведаю, што праца гэтая цяжкая і адказная, але я да ўсяго гатовы. І да стрэсаў, і да нагрузак, і да ненарміраванага графіка.

Рэгістрацыя на ЦТ доўжыцца каля 10 хвілін.

З усмешкай на твары БДУ пакідае Вікторыя Чарнагалава. Дзяўчына прызнаецца: дакументы запоўніла хутка, робіць гэта ўжо не першы раз:

— Спачатку вырашыла, што хачу стаць журналісткай. Паступіла, адвучылася трохі і зразумела — гэта не маё. Буду займацца электронным маркетынгам. Спадзяюся, маё рашэнне правільнае.

Чым бліжэй абедзенны час, тым больш жадаючых запісацца на ЦТ.

Не адразу вызначыўся з выбарам і Арцём Логвін. Запаўняе паперы і расказвае:

— Спачатку меркаваў, што я буду добрым акцёрам. Доўга займаўся ў тэатральным гуртку, але ў нейкі момант зразумеў, што памыліўся з прафесіяй. Цяпер цвёрда вырашыў стаць следчым. Хачу дапамагаць людзям. Запісаўся на ЦТ па грамадазнаўстве, рускай і англійскай мовах.

Дынаміка рэгістрацыі на ЦТ сёлета аналагічная той, што была ў 2018-м. 

Дарэчы, першае ЦТ, па беларускай мове, абітурыенты здадуць ужо 11 чэрвеня. Затым — руская мова, грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежныя мовы, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія і сусветная гісторыя. Рэзервовыя дні для здачы тэстаў — 6, 8 і 10 ліпеня. Прымаць дакументы ВНУ пачнуць з 12 ліпеня.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў таксама адзначылі, што дынаміка рэгістрацыі на ЦТ сёлета пакуль аналагічная той, што была летась. Дарэчы, у мінулым годзе зарэгістраваліся больш за 82 тысячы чалавек, з іх 48 працэнтаў абітурыентаў — па чатырох прадметах. У РІКВ нагадалі: у гэтым годзе ЦТ будзе праходзіць з 11 чэрвеня па 1 ліпеня.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter