Трапілі ў дзясятачку

Вызначаны 10 песен для адбору на дзіцячае «Еўрабачанне»

Вызначаны ўдзельнікі фіналу рэспубліканскага дзіцячага конкурсу «Песня для «Еўрабачання»

Прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Зарыцкім вызначыла ўдзельнікаў фіналу конкурсу «Песня для «Еўрабачання», які з’яўляецца нацыянальным адборачным турам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013». Усяго ў адрас Белтэлерадыёкампаніі паступіла 53 заяўкі. Да разгляду прафесійным журы былі дапушчаны 48. Пяць заявак (адна з Беларусі і чатыры з Расіі) былі адхілены.

— Мы атрымалі заяўкі не толькі з Беларусі, але і з Расіі: адну з Масквы, адну з горада Міжрэчанска Кемераўскай вобласці і дзве з Новасібірска, — распавяла кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013», выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь 2» Людміла Барадзіна. — Гэтыя 4 заяўкі журы не разглядала, паколькі, на жаль, яны не адпавядаюць умовам, прапісаным у Палажэнні аб правядзенні рэспубліканскага дзіцячага конкурсу «Песня для «Еўрабачання», дзе сказана, што да ўдзелу ў ім дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (не менш за два з паловай гады).

У выніку фіналістамі адборачнага тура сталі дзесяць юных выканаўцаў: Ангеліна Піпер (Брэсцкая вобл., в. Астрамечава), Ксенія Церашонак (г. Мінск), Ігар Мураўкін (Мінскі р-н, п. Калодзішчы), Руслан Асланаў (Мінскі р-н, в. Тарасава), Уладлен Іваноў (Магілёўская вобл., г. Бабруйск), Даная Шаршавіцкая (Мінская вобл., г. Барысаў), Юлія Мажылоўская (г. Мінск), Ганна Зайцава (г. Мінск), Ілья Волкаў (г. Мінск), Надзея Місякова (г. Мінск).

Як удакладнілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, фінал рэспубліканскага конкурсу пройдзе ў верасні і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Паслядоўнасць выступленняў удзельнікаў вызначыць жараб’ёўка. Пераможца фіналу прадставіць нашу краіну на Міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2013» у лістападзе ў Кіеве. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter