Трагедыя

У сярэдзіне 1990-х у складзе групы беларускіх журналістаў мне давялося пазнаёміцца з непаўторнай прыродай і турыстычнымі магчымасцямі адной з найпрыгажэйшых жамчужын Міжземнамор’я — Туніса.
У сярэдзіне 1990-х у складзе групы беларускіх журналістаў мне давялося пазнаёміцца з непаўторнай прыродай і турыстычнымі магчымасцямі адной з найпрыгажэйшых жамчужын Міжземнамор’я — Туніса. Тады для нас, беларусаў, гэта было сапраўдным адкрыццём, па сутнасці, незнаёмай часткі свету. Патрапіць з нашых снежаньскіх маразоў у афрыканскае лета — фантастыка! У гэтую пару года ў Тунісе зімовае сонца, празрыста іграючы ў блакітным моры, дае ўсім жадаючым магчымасць купацца і загараць. Вада — плюс дваццаць, спякота амаль пад трыццаць. Тыдзень напружаных паездак па невялікай краіне пакінуў самыя незабыўныя ўражанні: кожны дзень начлег у новым гатэлі — тры, чатыры, пяць зорак, наведванне Карфагена, Рымскіх лазняў, падземнага жытла тамтэйшых жыхароў Сахары, знаёмства са знакамітым Нацыянальным музеем Бардо. Стандартная схема маршруту на Поўначы Афрыкі.

З таго часу прайшло амаль дваццаць гадоў. Свет за гэты час даволі моцна змяніўся, не заўсёды ў лепшы бок...

Шок ад гібелі наведвальнікаў музея рымскай мазаікі ахапіў усіх. У выніку нападу ісламістаў загінулі 22 турысты, шмат параненых.

Масавае забойства замежных гасцей у гэтай краіне баевікамі “Ісламскай дзяржавы” хаця і стала нечаканасцю, але было заканамерным. Цяперашні Блізкі і Сярэдні Усход — парахавая бочка пад прыцэлам экстрэмістаў. Апрача таго, ваяўнічыя радыкалы працягваюць шукаць “балявыя кропкі” ў розных кутках свету — Капенгагене, Найробі, Парыжы, Сіднэі, каб ажыццявіць тэракты з максімальнай колькасцю ахвяр, паказаць бездапаможнасць улад, запэўніць сусветную супольнасць у сваёй асобай дзёрзкасці і беспакаранасці, максімальна запужаць людзей. І, трэба заўважыць, нягледзячы на пэўныя захады бяспекі, часта ім гэта ўдаецца.

У якасці мішэняў міжнародныя злачынцы наўмысна выбіраюць музеі, храмавыя комплексы, курорты, пасольствы, аэрапорты і гандлёвыя цэнтры. Напад на музей — адмысловае папярэджанне, вялікая трагедыя так званай “арабскай вясны”. На жаль, урад Туніса зза нестабільнасці рэгіёна не здольны ў адзін момант вырашыць “тэрарыстычную праблему”, апрача таго, краіна з улікам існуючай сітуацыі можа страціць статус турыстычнай меккі. Гэтага вельмі дамагаюцца і тэрарысты.
 
Дарэчы, шматлікія тураператары ўжо ўносяць Туніс у “чорны спіс”, прапануючы альтэрнатыўныя варыянты адпачынку. Для турыстычнай дзяржавы гэта катастрофа. Цяпер тунісцы, хутчэй за ўсё, будуць вымушаны паўтарыць шлях Егіпта, які даволі жорстка абышоўся з ісламісцкім рэжымам “Братоў-мусульман”. 29 сакавіка ў Тунісе адбудзецца міжнародны марш супраць тэрарызму.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter