У палескіх вёсках і сёння жывуць старадаўнія абрады — менавіта жывуць, а не інсцэніруюцца

Траецкі Куст

У вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна навідавоку сапраўдны дыялог розных эпох. З аднаго боку, сучаснае жыццё з усімі рысамі і праявамі XXI стагоддзя. З другога — абрады і традыцыі, якія сёння ўспрымаюцца як “прышэльцы” з дахрысціянскіх часоў. Менавіта дыялог, а не канфлікт. Вёска, вядома, жыве па сучасных законах, але ж і не адмаўляецца ад спадчыны мінулых стагоддзяў, захоўвае вытокі народнай культуры.


Летні абыходны абрад “Куст”, які штогод ладзіцца ў свята Тройцы, — толькі адна з праяў старажытнай палескай самабытнасці. Амаль у кожнай дзятлавіцкай хаце зараз можна ўбачыць сучасны камп’ютар. Але ў кожнай тутэйшай сям’і памятаюць і пра Куста, чакаюць, калі яго зноў прывядзе на падворак спеўны жаночы гурт.

— Куста ў нас водзяць на другі дзень “Трэйцы” (як кажуць у Дзятлавічах), — заўважае дзятлавіцкая завадатарка народных абрадаў Алена Яскевіч. — Спачатку апранаем жанчыну ў кляновае лісце, каб была непазнавальная, і вядзём па вёсцы, заходзім нават у тыя двары, дзе нас не чакаюць. Куст спрыяе дабрабыту і здароўю, добраму роду і добраму ўраджаю. Як яго не чакаць?! А як “накустуемся”, ідзём да ракі і працягваем святкаваць на “радзюжцы” — разасланай даматканай коўдры ці абрусе.

Дарэчы, Кустом прынята выбіраць шчаслівую ў шлюбе і сям’і жанчыну, добрую гаспадыню і маці.

Зялёная госця

Дзве жанчыны ў кляновых вяночках спачатку вядуць Куста па шырокай неасфальтаванай вуліцы. Наведваюцца ў двары, спяваюць абрадавыя песні. Гаспадары чакаюць іх, рыхтуюць пачастункі для зялёнай госці і яе сябровак.

Арэал абраду “Куст” ахоплівае тэрыторыю так званай гістарычнай Піншчыны (раней Турава-Пінскае княства) — Іванаўскі, Пінскі, Івацэвіцкі, Столінскі, Бярозаўскі і Лунінецкі раёны. У кожным рэгіёне ў пачатку галоўнай “кустовай” песні — абавязковы зварот да гаспадара. А працяг спяваецца па-рознаму, у кожнай мясцовасці — свая паэціка, свая выканальніцкая манера. У Дзятлавічах спяваюць:

...А ў нашага Куста
Невялічкі ножкі.
Да вэн не боіцца
Вялікай дарожкі...


Сімвал роду

Куст падобны на Каляды тым, што за песні і пажаданні гаспадары дзякуюць грашамі ці нечым смачным. Хаця ладзяцца гэтыя абрады ў зусім розныя поры года. Цяпер стала абавязкам класці ў мех ці карзіну Кусту яшчэ і пляшку гарэлкі, як робіцца гэта ў зімовы Шчодры вечар. А паколькі ў Дзятлавічах у гэты час у разгары сезон клубніц, гаспадыня не забывае пакласці і пакецік спелых сакавітых ягад.

Дзякаванне ці частаванне Куста — гэта сімвалізацыя ахвяры, ахвярнасці. З удзячнасцю і надзеяй на добры ўраджай, на добрае жыццё. Куст — сімвал роду. Ахвяраванні гаспадароў — форма ўдзячнасці продкам, ад якіх вядзецца род.

Таксама, як і калядоўшчыкі, Куст можа перакрыць дарогу пешым, ці веласіпедыстам, ці нават аўтатранспарту. І тады кіроўцы павінны “адкуплівацца”. За гэта, як абярэг, яны атрымаюць галінку клёну з кустовага адзення — каб мець абарону ад злых і цёмных сіл. Транспарту ў Дзятлавічах па сучасных мерках аж занадта. І Куст, які б ні быў густы, хутка агаляецца. Вуліц і падворкаў трэба абысці таксама шмат. Вяскоўцы ва ўзросце ведаюць, што перад ганкам трэба паслаць ручнік, каб паставіць на яго Куста.

Паплылі “кустовыя” вяночкі...

Голага Куста вядуць на бераг ракі, каб кідаць у Цну вянкі. Дарычы, у недалёкай пінскай Дабраслаўцы вянкі вешаюць на калодзежнага жураўля, а ў лунінецкай Лобчы чапляюць за абраз на покуці. У Дзятлавічах жа кідаюць ажно на сярэдзіну ракі.

“Трэйца” завяршаецца на “радзюжцы”. Выстаўляюцца ўсе “кустовыя” пачастункі. А якое ж застолле без песень! І пакуль яны спяваюцца, ужо недзе далёка-далёка плывуць па Цне “кустовыя” вяночкі. З імі адплываюць з вёскі цяжкія турботы, бяда і неўраджаі. Які б ні быў на двары век, а жаданні і надзеі ў людзей заўсёды толькі на самае лепшае.

Іван Лужынскі

infong@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter