Драматычны калектыў Трабскага СДК вывучыў тэатральныя густы вяскоўцаў

Трабам патрэбен тэатр

Вяскоўцам пашчасціла на ўласную аматарскую трупу і таленавітага рэжысёра


Учора творчымі вечарынамі, капуснікамі і прэм’ерамі прафесійныя пляцоўкі краіны адзначылі Сусветны дзень тэатра. Не сталі выключэннем і аматары — тэатралы ў глыбінцы. Напрыклад, у Іўеўскім раёне трупы адзначылі прафесійнае свята на сцэне Трабскага сельскага дома культуры. Невыпадкова было выбрана месца для сустрэчы: СДК славіцца сваім драматычным калектывам, які ўжо 10 гадоў годна нясе званне народнага. Карэспандэнты “СГ” пацікавіліся асаблівасцямі творчай кухні аматарскага калектыву.


СТВАРЭННЕМ тэатра ў Трабах аграгарадок абавязаны мясцоваму жыхару Міхаілу Калышку. Яго шлях у культуру пачынаўся з… сельскай гаспадаркі, успамінае Міхаіл Станіслававіч:

— Працаваў механізатарам, але заўсёды адчуваў, што маё месца ў клубе. Сам баяніст-самавучка, з 1996 года быў акампаніятарам у Брагах, у тамтэйшым СДК. Кажуць, ніколі не позна заняцца любімай справай. Рызыкнуў змяніць сферу дзейнасці. Паступіў у Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, а калі на малой радзіме, у Трабах, праходзіў практыку, тагачасны дырэктар прапанавала ўладкавацца на працу ў клуб. Мая мара быць культработнікам пачала збывацца. З 2003 года я тут. Ведаў, што ў 70—80-я гады мінулага стагоддзя самадзейныя тэатралы з Трабаў ладзілі пастаноўкі, некаторыя нават дасягнулі тэлеэфіру. Таму першае, што зрабіў тут, пачаў збіраць трупу.

Акцёры, задзейнічаныя ў сакавіцкай прэм’еры “Пад маскай”: Наталля МАКУЦЭВІЧ, Караліна КАЛЫШКА, Канстанцін ВАРАБЕЙ,
Маргарыта СТЭФАНОЎСКАЯ і Святлана ДЗЯТЧЭНЯ

Задуму новаспечанага культработніка аднавяскоўцы, мякка кажучы, падтрымалі даволі стрымана. Міхаіл Станіслававіч расказвае, як ставілі самую першую п’есу — “Нечаканы візіт” Станіслава Сімановіча. На сцэне было задзейнічана шэсць акцёраў, а ў зале гледачоў і таго меней — пяцёра аднавяскоўцаў. Цяпер гэтую гісторыю толькі з цёплай усмешкай успамінае вясковы тэатрал: цяпер што ні пастаноўка — то аншлаг. Прэм’еру гэтага года па просьбах вяскоўцаў увогуле ставілі ў клубе ўжо двойчы.

Кожны год калектыў выпускае адзін спектакль. Амаль увесь рэпертуар — нацыянальная драматургія. Дарэчы, менавіта за гэта калектыў адзначаны ганаровай граматай Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. А з п’есай Сяргея Кавалёва “Стомлены д’ябал” у ліку 11 лепшых народных тэатраў рэгіёна ездзілі на “Лідскія тэатральныя сустрэчы”.

Выбар трапнай п’есы і ўдалага жанру ва ўмовах невялічкай трупы і жорскіх абмежаваных магчымасцей звычайнай сельскай сцэны — справа не такая простая, як падаецца, тлумачыць рэжысёр-пастаноўшчык:

Рэжысёр народнага драматычнага калектыву Трабскага сельскага дома культуры Міхаіл КАЛЫШКА

— Важна прадугледзець, па-першае, тэхнічныя ўмовы пляцоўкі: у нас няма задніка, ёсць толькі адна куліса, мінімум месца на дэкарацыі. З іншага боку — густавыя перавагі гледача. У клуб вясковец ідзе, каб разгрузіцца ад штодзённых клопатаў і фізічна цяжкай працы, таму і перавагу аўдыторыя аддае камедыям. Можна, канечне ж, ставіць нават і філасофскія п’есы, але ж трэба падрыхтаваць аўдыторыю і ўмець падаць драматургічны матэрыял даволі даступна. Так мы зрабілі сёлета ў творы Алега Козырава “Пад маскай”. Ідэя спектакля не такая ўжо і новая: супрацьстаянне дабра і зла.

Па сюжэце ў спектаклі з’яўляецца Сатана, які прадае розныя маскі — Кар’ера, Прыгажосць і Здароўе, Сям’я, Легкадумнасць… Імгненна на іх з’яўляюцца і пакупніцы. І д’ябал без асаблівых цяжкасцей збывае ім свой тавар з абавязковай умовай — ніколі не здымаць. Кошт нізкі: усяго адна ўмоўная адзінка — не што іншае, як душа.

Цікава, што працу над новай пастаноўкай трупа сельскіх аматараў вядзе па ўсіх канонах прафесійнага тэатра: калі рэжысёр вызначыўся з п’есай, задзейнічаныя ў ёй акцёры збіраюцца на так званую “чытку” — чытанне драматургічнага твора ўголас па ролях. Затым вучаць тэкст на памяць і рэпеціруюць. Звычайна збіраюцца па выхадных: у будні занятыя на працы.

Прафесійны склад трупы, у якой 13 чалавек, розны. Да прыкладу, Канстанцін Варабей — настаўнік рускай мовы. Сам родам з баранавіцкай вёскі Люшнява, адпрацаваў на Іўеўшчыне па размеркаванні, застаўся. Разам з новым месцам працы ў маладога педагога з’явілася і любімае хобі — тэатр. А зацягнуў Канстанціна ў трупу калега па школе Аляксандр Слабко. Гэтак жа прыйшла ў калектыў і педагог-арганізатар Наталля Макуцэвіч. Хоць сама родам з Трабаў, але раней неяк не прыглядвалася да вясковай тэатральнай пляцоўкі. Затое сапраўдны старажыл калектыву — галоўны эканаміст КСУП “Трабы” Маргарыта Стэфаноўская. Аграгарадок месцам жыхарства выпускніца Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ўраджэнка іўеўскай вёскі Магенцы абрала з-за прапановы працаўладкавацца. Тут і засталася. На ліку Маргарыты ролі ўжо ў шасці пастаноўках.

Акарамя сельскай моладзі, тэатральнай справай у Трабскім СДК займаюцца і школьнікі. У Доме культуры працуе дзіцячы аматарскі драматычны калектыў “Спадарожнік”. “Расце нам годная змена,” — спадзяюцца акцёры трабскай трупы.

ДАВЕДКА «СГ»

У сістэме Міністэрства культуры Беларусі дзейнічаюць 27 прафесійных дзяржаўных тэатраў, з іх 18 драматычных, 7 лялечных і 2 музычныя. Безліч прыхільнікаў і ўдзельнікаў збіраюць у краіне і шматлікія міжнародныя фэсты тэатральнага мастацтва. Самыя буйныя з іх — Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама” ў Мінску, а таксама міжнародныя фэсты ў абласных гарадах — “Март@кантакт" у Магілёве, “Лялькі над Нёманам” (фестываль лялечных тэатраў) у Гродне, “Белая вежа” ў Брэсце, “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі.

uskova@sb.by

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter