Топ-7 брэндаў, па якіх Беларусь пазнаюць у свеце.

Як адзначаюць спецыялісты, акрамя якасных прадуктаў харчавання іншаземцаў цікавіць гісторыя і культура Беларусі ва ўзаемадзеянні з іншымі краінамі, ёсць цікавасць і да сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, а таксама дасягненняў беларускай навукі.

Пакуль наша краіна знаходзіцца на стадыі распрацоўкі структуры свайго іміджа. Аднак брэнды, якія паспелі стаць папулярнымі не толькі на радзіме, ужо робяць у гэтым кірунку значны крок наперад. Як адзначаюць спецыялісты, акрамя якасных прадуктаў харчавання іншаземцаў цікавіць гісторыя і культура Беларусі ва ўзаемадзеянні з іншымі краінамі, ёсць цікавасць і да сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, а таксама дасягненняў беларускай навукі. Карэспандэнт “НГ” паспрабавала падабраць “сямёрку” выбітных брэндаў краіны.

Бульба беларуская
Хоць радзімай бульбы з’яўляецца Паўднёвая Амерыка, дзе яе вырошчвалі ацтэкі і інкі, а на тэрыторыю Беларусі гэта культура трапіла толькі ў другой палове ХVIII стагоддзя, сёння стравы з яе — на стале ў кожнага беларуса. Слова “бульба” запазычана з лацінскай мовы, у перакладзе з якой азначае “клубень”. Першапачаткова бульбу выкарыстоўвалі як лекавую і дэкаратыўную расліну. У Рэчы Паспалітай стравы з яе цаніліся як прысмакі для магнацкага роду. Упершыню бульбу пачалі вырошчваць на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны ў другой трэці XVIII стагоддзя падчас панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III. Першапачаткова беларускае сялянства ставілася да бульбы недаверліва і адмаўлялася яе вырошчваць. Толькі ў XIX стагоддзі сітуацыя стала мяняцца, і бульба зрабілася адной з самых папулярных агракультур у Беларусі.

Прыгожае тое, што зручнае
Якасць і камфорт — вось патрабаванні да прадметаў гардэробу ад сучасных моднікаў і модніц. Ісці дзеля прыгажосці на ахвяры не мае сэнсу. Таму што лёгкая прамысловасць Беларусі прапануе сёння зручную на кожны дзень бялізну і мяккі трыкатаж, што не выклікае раздражнення скуры. Вось чаму гэта айчынная прадукцыя карыстаецца вялікім попытам у Расіі. Дастойная якасць дазваляе беларускаму трыкатажу канкурыраваць з брэндамі, вядомымі ў свеце.

“Заміж персідскага ўзору”
Слуцкі пояс — элемент багатага мужчынскага касцюма польскай і літоўска-беларускай шляхты. Лічыўся прыкметай высакароднага паходжання і ўказваў на заможнасць яго ўладальніка. Назву пояс атрымаў ад назвы горада, дзе была размешчана мануфактура па іх вырабе. Слуцкія паясы ткаліся з тонкіх шаўковых залатых і срэбных ніцей. Убачыць слуцкія паясы сёння можна ў сямі музеях краіны ў Мінску, Маладзечне, Віцебску. Прыгажосцю золататканых паясоў можна любавацца і ў музеях Кракава, Варшавы, Вільнюса, Каўнаса, Львова, Масквы, Санкт-Пецярбурга. У Беларусі сёння, разам з фрагментамі, у розных станах налічваецца больш за адзінаццаць паясоў. А тых, што захаваліся цалкам, — толькі пяць. Слуцкія паясы набылі сусветную славу і сталі візітоўкай Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. У хуткім часе ў Беларусі іх выпуск будзе адноўлены.

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”
Фестываль, які пачаў сваю гісторыю амаль дваццаць гадоў таму, сёння аб’ядноўвае творчыя сілы не толькі блізкіх да сваёй культуры краін. Акрамя славянскіх, удзел у ім прымаюць выканаўцы і творчыя калектывы з розных краін і кантынентаў. На “Славянскім базары ў Віцебску” сустракаюцца не толькі артысты, але і палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы, дзелавыя людзі. Фестываль у горадзе на Дзвіне дае пуцёўку на вялікую сцэну таленавітым спевакам. Адсюль сваю кар’еру на сцэне пачалі Руслана, Філіп Жмахер, Жэлько Ёксімавіч, Паліна Смолава, Пётр Елфімаў, Ірына Дарафеева, Наталля Падольская, Алёна Ланская і іншыя.

Мірскі замак
Помнік архітэктуры ў гарадскім пасёлку Мір, што ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Асаблівую цікавасць трапіўшых на экскурсію выклікаюць такія яго каштоўнасці, як кавалерыйскі барабан XVIII стагоддзя, шпалера “Паляванне на тура” канца XVI стагоддзя, выкананая на ткацкай мануфактуры Аўдэнардзэ. Асаблівы гонар калекцыі Мірскага замка — рогі тура, што былі знойдзены ў рацэ Шчара пад Слонімам. Заварожваюць прыгажосцю куфар касанэ — сімвал багацця сям’і, веер XVIII стагоддзя.

У краі рэк, азёр, пушчаў і лясоў
Беларусь — адзін з рэдкіх куткоў некранутай прыроды ў Еўропе. Ландшафт і клімат нашай краіны спецыялісты турыстычнага бізнесу ацэньваюць як ідэальныя для адпачынку. Штогод турысты з-за мяжы прыязджаюць да нас на паляванне або рыбалку. Прываблівае ў Беларусь лыжны спорт, аграэкатурызм, а таксама мноства азёр, асабліва ў Віцебскай вобласці. Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” з’яўляецца адным з самых папулярных у рыбакоў месц — тут больш за дваццаць відаў рыбы, сярод якіх вугор, шчупак, сом, акунь, плотка і іншыя.

Кавалачак жыцця — у духмяным акрайцы
Жытнёвы хлеб, выраблены беларускімі хлебапёкамі, — брэнд-лідар сярод гандлёвых катэгорый па апытаннях у Беларусі. Шмат хто з замежных турыстаў, аднойчы прыехаўшы ў нашу краіну і пачаставаўшыся хлебам, абавязкова захоча паласавацца ім яшчэ раз.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter