Талент у спадчыну
— Любоў да дрэва мне прывіў бацька, які працаваў сталяром, — расказвае пра сябе Рыгор Аляксандравіч. — Ён навучыў мяне апрацоўваць драўніну, майстраваць сваімі рукамі, не забываць традыцыі продкаў. Таму куды паступаць пасля школы, я вырашыў задоўга да яе заканчэння. Спецыяльнасць разьбяра-інкрустатара атрымаў у Бабруйскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 15.Набіраўся вопыту, адточваў майстэрства Рыгор Жук на Слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Калі зарплата перастала задавальняць, пайшоў працаваць на будоўлю. Там набыў яшчэ дзве спецыяльнасці — цесляра-бетоншчыка і маляра-аддзелачніка. Яны вельмі спатрэбіліся, калі будаваў дом.
— У 1986 годзе адкрыў кааператыў. Разам з іншымі разьбярамі па дрэве займаліся аздабленнем дзіцячых садкоў, змайстравалі свае першыя альтанкі, — працягвае экскурс у сваю працоўную біяграфію суразмоўца. — Потым арганізаваў прадпрыемства па выпуску сувеніраў. Для таго, каб працаваць, у доме пабудаваў майстэрню. А там жыццё прымусіла асвоіць яшчэ адну спецыяльнасць — зваршчыка, таму што для вырабу сувеніраў патрэбны станкі, якія нідзе не купіш. Але ў 1994 годзе сваё прадпрыемства закрыў: было складана не толькі сабраць, але і ўтрымаць калектыў. Тады былі няпростыя гады. Пасля гэтага першым у Слоніме пачаў выпускаць корпусную мэблю. Аднак пасля ў гэтым кірунку не пайшоў, застаўся разьбяром па дрэве.
Рыгор Аляксандравіч авалодаў усімі відамі і стылямі разьбы, роспісам па дрэве, графікай і жывапісам. З’явіўся ў яго і вучань: свае веды майстар перадаў сыну Дзмітрыю, які пасля заканчэння Мірскага мастацкага вучылішча паступіў у Акадэмію мастацтваў.
2005 год быў для майстра багаты на падзеі: ён уступіў у грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску» атрымаў дыплом конкурсу разьбы «Дрэва жыцця».
Нечаканая дапамога
— Потым мяне выклікалі ў выканкам і расказалі пра субсідыю. Я спытаў: «А што гэта такое? Якія трэба плаціць працэнты?» — успамінае падзеі гадавой даўнасці майстар-разьбяр. — Аказалася, што яна беспрацэнтная і беззваротная. І даюць яе на развіццё бізнесу. Мне толькі трэба зарэгістравацца рамеснікам. Я быў вельмі здзіўлены, што такое бывае. Потым дома зайшоў у інтэрнэт, пачытаў. І сапраўды ёсць такая. Знайшоў прыкладны бізнес-план. Перапісаў яго пад сябе, прынёс. Асноўны напрамак паказаў — выраб альтанак, драўляных паветак, агароджаў. З першага разу яго зацвердзілі. Ну і ўсё. На працягу месяца-паўтара атрымаў грошы. Патраціў іх на інструменты, пра якія марыў даўно, а сабраць столькі ў мяне ніяк не атрымлівалася. Часта жартую, што другая такая субсідыя мне не перашкодзіць!
Зараз Рыгор Аляксандравіч рыхтуецца да лета — робіць нарыхтоўкі не толькі альтанак, якія актыўна заказваюць вясной, але і ўсякай сувенірнай прадукцыі. Збіраецца на розныя фестывалi і святы.
— Без справы не сяджу. Узімку паднімаюся ў 7 гадзiн раніцы, летам — у 6.15. Дом пабудаваны на ўскраіне, побач чыгунка. Таму нават гадзіннікаў не трэба, арыентуюся па цягніках. Расклад у іх дакладны. Цэлы дзень я ў майстэрні — габлюю, пілую. З заказамі зараз цяжка, прыходзіцца шукаць.
На пытанне «Што ў вас ёсць дома са сваіх работ?» майстар жартуе, што гэтым летам збіраецца абвергнуць прыказку «Шавец без ботаў»:
А яшчэ ў майстра з’явілася хобі — ён заняўся пчалярствам. У планах — стварыць пчальнік і комплекс альтанак з вуллямі, бо сон на пчаліных вуллях — гэта з даўніх часоў папулярны метад лячэння чалавека.
— Збіраюся таксама працягваць адраджаць вёску Гуменікі, дзе ў нас дача, — паведамляе майстар. — Месца добрае — ёсць газ, святло, вада. Шкада толькі, што памірае: у мінулым годзе тры дамы закапалі. Разам з кумам Міхасём за два леты мы нанова адбудавалі там храм-капліцу ў гонар свяціцеля Лукі Крымскага. Збіраліся спачатку толькі абнавіць агароджу, але потым паглядзелі, а драўляны будынак зусім згніў. Так, сабраўшыся ўсёй грамадой, нам удалося яго адрадзіць. Звон у гэтай капліцы захаваўся, ён старэйшы за сам храм — быў адліты яшчэ ў часы Пятра I. Уяўляеце? На асвячэнне прыязджаў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый. Кажуць, што калі ў сяле ёсць храм, будзе і жыццё!
statkevich@sb.by
Фота з архiва героя