Как начался 2019 год

Тое, што робіць нас людзьмі

Перагорнуты апошні аркуш старога календара — надышоў новы, 2019 год. А з ім, як заўсёды бывае ў віхуры жыцця, прыйшлі як добрыя, так і трагічныя навіны.

Не інакш як цуд адбыўся падчас навагодняй ночы: у многіх беларускіх сем’ях з’явіліся доўгачаканыя дзеці. У Мінску, як піша агенцтва “Мінск-Навіны”, нарадзіліся восем немаўлят, першай з якіх была дзяўчынка. Паводле звестак упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, у вобласці на свет з’явілася 13 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Не засталіся без пазітыўнай у гэтым плане дынамікі іншыя рэгіёны, а ўсяго за першыя суткі новага года ў Беларусі нарадзілася 36 маленькіх грамадзян.

Што тычыцца глабальнага інфармацыйнага маштабу, то паводле агенцтва Bloomberg, сёлета сусветная эканоміка ў поўнай ступені адчуе негатыўныя вынікі леташніх гандлёвых войнаў: фінансавыя рынкі ўжо ўзялі ўдар на сябе. Як канстатуе Bank of America, Merrill Lynch, кепскія звесткі аб “гандлёвай вайне” ўжо паўплывалі на чыстае падзенне індэксу S&P 500 на некалькі працэнтаў, а кітайскі фондавы рынак за апошні час страціў проста гіганцкую суму ў два трыльёна долараў. Застаецца адкрытым пытанне: ці змогуць галоўныя дзеючыя суб’екты міжнароднага права — Вашынгтон і Пекін — падпісаць адмысловае “гандлёвае пагадненне” да 1 сакавіка. Разам з тым Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост аб’ёмаў сусветнага гандлю ў 2019 годзе запаволіцца да 4 працэнтаў у параўнанні з 4,2 працэнта ў 2018-м і 5,2 — у 2017-м.

Драматычныя падзеі адбыліся 31 снежня ў брацкай Расіі: у Магнітагорску ў выніку разбурэння пад’езду жылога дома ахвярамі сталі 38 жыльцоў, лёс больш за 20 чалавек з гэтага будынку пакуль застаецца невядомым. Выратавальнікі не выключаюць, што гэта не канчатковая лічба — у зоне надзвычайнага здарэння жылі 120 чалавек. Следчы камітэт Расіі разглядае ў якасці асноўнай версію аб выбуху ў шматпавярховым доме бытавога газу. 

Презідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні губернатару Чэлябінскай вобласці Барысу Дуброўскаму, родным і блізкім загінуўшых у Магнітагорску, паведаміла прэс-служба беларускага лідара.

Да таго ў навагодні перыяд з-за апоўзня і моцных навадненняў на Філіпінах загінулі 85 чалавек, каля 20 лічацца зніклымі без вестак. У трох правінцыях гэтай краіны Азіі абвешчана надзвычайнае становішча. 

Брытанская паліцыя ў якасці тэракту кваліфікавала напад на людзей невядомага злачынца, узброенага нажом. У выніку інцыдэнту на станцыі метро ў Манчэстэры былі параненыя тры пасажыры падземкі. Аналагічную ацэнку, як тэрарыстычную атаку, далі ўлады Германіі серыі наездаў на аўтамашыне на пешаходаў у нямецкіх гарадах Батропе і Эсэне Рурскай вобласці. Пацярпелі грамадзяне Сірыі і Афганістана. Абъектам тэракту, які быў своечасова папярэджаны, стаў і аэрапорт Схіпхол у Амстэрдаме, дзе часткова эвакуіравалі пасажыраў. Адзначаецца, што адзін з іх пагражаў ажыццявіць выбух бомбы ў трэцім тэрмінале авіявакзалу (па гарачых слядах мужчыну затрымала мясцовая служба бяспекі)...

Аднак, нягледзячы на пэўны негатыў, што здарыўся напачатку новага года, для многіх з беларусаў надыходзіць чароўна-сакральны час — свята Божага Нараджэння — перыяд, напярэдадні якога кожнаму трэба больш глыбока задумацца аб духоўным, а не фізічным баку нашага жыцця. Гэта час, калі неабходна паспець зрабіць хаця б адну добрую справу і не забыць аб звычайнай міласэрнасці да бліжняга. Словам, памятаць аб усім тым, што робіць нас сапраўднымі людзьмі. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter