То ў стане, то ў працэсе, ці Правапіс літары й перад суфіксам -ва-

Пры дапамозе суфіксаў утвараюцца новыя словы ці іх формы. Гэта датычыць усіх часцін мовы: назоўнікаў (зіма — зімовы, зімаваць, зімна), прыметнікаў (чорны — чарната, чарнець, чорна), дзеясловаў (вазіць — возчык) і г.д. Часта суфіксы ўдзельнічаюць не ва ўтварэнні новага слова, а служаць для выражэння пэўнага граматычнага значэння. Такім чынам утвараюцца формы закончанага і незакончанага трывання дзеясловаў: (што зрабіць?) засвоіць, выдаткаваць — (што рабіць?) засвойваць, выдаткоўваць.
Трыванне дзеяслова — вельмі важная для сучаснага ладу мовы катэгорыя. Яна выражае адносіны дзеяння да яго мяжы, закончанасці. Наяўнасць трывання вылучае родную мову са шматлікіх моў. З такіх, напрыклад, як лацінская, французская і інш. У гэтых мовах адсутнасць трывання кампенсуецца развітай сістэмай часу. Раней, напрыклад, і ў нас існавалі чатыры формы прошлага часу (аорыст і імперфект, перфект і плюсквамперфект), якія супалі ў сучаснай адной форме. Некаторыя са старажытных форм захаваліся ў сучасным маўленні, іншыя зніклі. Так, ад аорыста быти засталася часціца бы (б), якая сёння паказвае на ўмоўны лад: паехаў бы; ад плюсквамперфекта засталіся формы тыпу быў узяўся, былі ўзяліся. З цягам часу перфект пашырыў сваё значэнне і стаў абазначаць мінулае (працяглае і непрацяглае, закончанае і незакончанае, імгненнае ці іншае) дзеянне. У сучаснай беларускай мове слядоў ад імперфекта няма. Формы аорыста і імперфекта рана страціліся і былі заменены перфектам.
Адбіткам падобных гістарычных ваганняў з’яўляецца сучаснае напісанне дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання тыпу (што зрабіць?) наклеіць — (што рабіць?) наклейваць. Арфа-графічныя цяжкасці звязаны таксама з уплывам рускай мовы: наклеить — наклеивать. Таму ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” прадпісваецца: калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць — утойваць, супакоіць — супакойваць, засвоіць — засвойваць, узброіць — узбройваць, напаіць — напойваць, склеіць — склейваць, абнадзеіць — абнадзейваць; засеяць — засейваць, абсмяяць — абсмейваць, запаяць — запайваць, настаяць — настойваць. Гэтая норма існавала і ў “Правілах” (1959), аднак падавалася ў якасці заўвагі (с. 28).
Звернем увагу яшчэ на адну даволі яскравую асаблівасць роднай мовы. Утвораныя ад трывальных пар аддзеяслоўныя назоўнікі маюць сваю спецыфіку. Напрыклад, ад дзеясловаў забрудзіць і забруджваць утвараюцца адпаведныя назоўнікі: забруджанне і забруджванне, тады калі ў рускай мове яны супадаюць у адной форме: загрязнять і загрязнить суадносяцца з формай загрязнение. Трэба мець на ўвазе, што па-беларуску нельга сказаць: вызначыць ступень забруджвання ці забруджанне тэрыторыі спынена; адбылося забруджванне тэрыторыі ці адбываецца забруджанне тэрыторыі. Правільна: адбылося забруджанне тэрыторыі і адбываецца забруджванне тэрыторыі; вызначыць ступень забруджання ці забруджванне тэрыторыі спынена. У рускай мове: происходит (произошло) загрязнение территории. Неабходна адрозніваць формы паводле закончанасці і незакончанасці дзеяння, прадстаўленага ў аддзеяслоўных назоўніках: узбраенне і ўзбройванне, прачытанне і прачытваннне, прагляданне і праглядванне. У рускай мове для разумення сэнсу слова патрэбны больш шырокі кантэкст. Параўн.:  авалодаць — авалоданне, авалодваць — авалодванне (рус. овладеть, овладевать супадае з овладение), абвінаваціць — абвінавачанне, абвінавачваць — абвінавачванне (рус. обвинить, обвинять — обвинение), распаўсюдзіць — распаўсюджанне, распаўсюджваць — распаўсюджванне (рус. распространить, распространять — распространение), атруціць — атручэнне, атручваць — атручванне (рус. отравить, отравлять — отравление), прачытаць — прачытанне, прачытваць — прачытванне (рус. прочитать, прочитывать — прочтение), забрудзіць — забру-джанне, забруджваць — забруджванне (рус. загрязнить, загрязнять — загрязнение), адкінуць — адкіданне, адкідваць — адкідванне (рус. отбросить, отбрасывать — отбрасывание).
У беларускай мове такія назоўнікі захавалі сляды адрозненняў трывання паміж дзеясловамі, чым перадаюць важнае адценне думкі, паказваючы то на стан, то на працэс. Але ў маўленчай практыцы гэтыя формы не заўсёды распазнаюцца. Можам сустрэць: Сучаснае прачытанне (трэба: прачытванне) творчасцi Аляк-сандра Капусцiна (Роднае слова. 2004. № 12. С.14); Адпаведна павінна быць так, што чым больш машын, тым больш дрэваў, каб хаця б паспрабаваць выраўняць растучае забруджанне (трэба: забруджванне) у той час, як сёння тэндэнцыя адваротная (Архітэктура Гродна. http://harodnia.com/a168.php); Сам спявак у інтэрв’ю “La Stampa” патлумачыў, што на “сацыяльныя песні” яго натхняе тое, што зараз адбываецца ў грамадстве, — захаванне смяротнага пакарання, забруджанне (трэба: забруджванне) навакольнага асяроддзя ядзернымі адкідамі, наўмысныя лясныя пажары (https://источник/122838.html).
Своеасаблівым “апафеозам” узгаданага нераспазнавання граматычнага значэння слоў можна лічыць тэкст, недасканалы не толькі ў граматычным плане, але і ў стылістычным: Прыродныя фактары — геалагічная будова, агульная цыркуляцыя атмасферы і іншыя кампаненты краявідаў больш пераразмяркоўваюць ці акумулююць тэхнагенныя ўздзеянні, антрапагенныя ж з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі забруджвання (трэба: забруджання). Забруджванне (трэба: забруджанне) атмасфернага паветра з’яўляецца пабочным вынікам амаль што любых тэхналагічных працэсаў. Менавіта таму выкіды ад стацыянарных крыніц адыгрываюць галоўную ролю ў забруджванні (трэба: забруджанні) атмасферы. Па гарадской тэрыторыі яны размеркаваныя далёка не раўнамерна, што прыводзіць да рознай шчыльнасці забруджвання (трэба: забруджання) тэрыторыі горада. Найбольш актыўнымі пастаўшчыкамі забруджвання (трэба: забруджання) з’яўляюцца кацельні ПЭС, што напрамую звязана з тэхналогіяй вытворчасці. Вакол прадпрыемстваў гэтага тыпу зона актыўнага забруджвання (трэба: забруджання) мае тэрыторыю радыусам да 1 км і моцна залежыць ад сілы ветру. Акрамя таго, адбываецца як хімічнае, так і цеплавое забруджанне (трэба: забруджванне) паветра ў выніку высокай тэмпературы выхаду газаў. І, як вынік гэтага, шырыня зоны актыўнага забруджвання (трэба: забруджання) (http://www.maladechna.eu/2008/11/25/pavetra/). Аўтар радкоў не змог адрозніць працэс ад яго ж выніку, працягласць ад закончанасці.
Трэба перасцерагацца памылкі і ў іншых выпадках. Па-беларуску правільна пісаць: загароджваць (рус. загораживать), накочваць (рус. накатывать), настройваць (рус. настраивать), раздвойваць (рус. раздваивать), раскройваць (рус. раскраивать), растоптваць (рус. растаптывать), падкарочваць (рус. подкорачивать), памоўчваць (рус. помалкивать), перагароджваць (рус. перегораживать), разбольвацца (рус. разбаливаться), раздорваць (рус. раздаривать), сазвоньвацца (рус. созваниваться), расколваць (рус. раскалывать), дакошваць (рус. докашивать), замарожваць (рус. замораживать).

Вывучайце родную мову з “Народнай газетай”
Шаноўныя чытачы! Сёння мы прапануем трыццаты ўрок беларускага правапісу. Ваша шчырая зацікаўленасць узнятымі ў рубрыцы праблемамі наводзіць на суцешныя думкі пра тое, што лёс роднай мовы хвалюе людзей. Значыць, наша грамадства ўмацоўваецца сваёй еднасцю, выпястоўвае новыя густы, зберагае духоўныя каштоўнасці, ушаноўвае бацькоўскія традыцыі. Як клапатлівая маці люляе сваё дзіця і спадзяецца на яго светлую будучыню, так і родная Беларусь гартуе малады суверэнітэт, закладвае трывалы падмурак моцнай і квітнеючай краіны.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які пачне дзейнічаць з 1 верасня 2010 года, якраз і стане адным са складнікаў паспяховага аднаўлення духоўнай спадчыны і развіцця найвышэйшай формы праяўлення нацыянальнай культуры любога народа — літаратурнай мовы.
Кожную суботу з самымі рознымі пытаннямі і кампетэнтнымі меркаваннямі, праблемнымі сітуацыямі і выйсцем з іх вас чакае рубрыка “Пішам па-беларуску”. Яна будзе існаваць і ў наступным годзе, да моманту ўступлення закона ў дзеянне.
Пішыце, задавайце пытанні, дзяліцеся думкамі, і вы заўсёды знойдзеце надзейнага сябра!
Вядучы рубрыкі “Пішам па-беларуску” загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Зваротная сувязь

Што азначае слова мажорытарны (мажорытарная сістэма) і як яго правільна пісаць? grotki
— Правільна пісаць мажарытарны, таму што ў беларускай мове ў простых (не складаных тыпу водазабеспячэнне) словах о пішацца толькі пад націскам. Мажарытарная сістэма (з франц. majorite — большасць) — сістэма выбараў, пры якой абраным лічыцца кандыдат, які набраў устаноўленую законам большасць галасоў.

Сёння так шмат слоў з’явілася з рознымі замежнымі часткамі, што ад іх няма спасу. Як толькі ўключыш тэлевізар, на цябе гвалтам ляцяць гала-канцэрт, ток-шоу. Што пазначаюць гэтыя галы на таку? Вера Арцёмаўна Кнорына, г. Мінск, пенсіянерка
— Паважаная Вера Арцёмаўна! Дзякуй за арыгінальнае пытанне. Вы маеце рацыю, калі ў такім іранічным тоне гаворыце пра засілле ў маўленчай практыцы іншамоўных слоў, іх частак. У некаторых краінах, напрыклад Францыі, Японіі, суседняй Польшчы, за празмернае, недарэчнае ўжыванне запазычанняў на выданне накладаецца штраф. Нашаму тэлебачанню і іншым СМІ трэба быць больш абачлівымі ў падборы слоў. Здараецца так, што ток-шоу прэтэндуе на сур’ёзную аналітычную праграму, хаця сама назва вымагае іншага.
Ток-шоу (з англ. tolk show, ад tolk — размова і show — відовішча, паказ) — тэлевізійная размова журналіста з запрошанымі ў студыю вядомымі людзьмі (палітыкамі, вучонымі, артыстамі і да іх пад.).
Гала- ( з франц. gala) — першая частка складаных слоў, якая ўносіць значэнне ‘вялікі’, ‘святочны’, ‘урачысты’: гала-фестываль, гала-свята. Трэба прызнаць, што моднае на сёння запазычанне празмернае, лішкавае, накіраванае на перабольшванне таго, што адбываецца. Дастаткова зразумелымі былі б словы і без яго, бо ў словах фестываль, свята ўжо закладзены значэнні ‘вялікі’, ‘урачысты’.

Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце на e-mail: irina@ng.by ці на паштовы адрас рэдакцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter