Тэзісы жыцця

Добрыя навіны апошнім часам неяк не затрымліваюцца ў памяці
Добрыя навіны апошнім часам неяк не затрымліваюцца ў памяці. Хаця іх шмат. Аднак дрэнныя звесткі, ідучы са шматлікіх інфармацыйных крыніц з розных куткоў свету, нібыта кувалдай “забіваюцца” ў нашу падсвядомасць. Зноў гвалтоўна і бессэнсоўна гінуць людзі.

Днямі адносна спакойная Германія ўвайшла ў спіс дзяржаў ЕС, дзе адбыліся некалькі крывавых нападаў на яе грамадзян — з удзелам відавочных паплечнікаў ісламістаў і “звычайных” вар’ятаў-адзіночак. Адзінае, што аб’ядноўвае гэтыя жахлівыя выпадкі, — усе яны ажыццёўлены мігрантамі, якіх шчыра і гасцінна прымае нямецкая зямля. Летась Германія стала ў ЕС лідарам па прытоку ўцекачоў: за апошнія дваццаць месяцаў сюды прыехала больш за 1,1 мільёна чалавек, а ў 2020 годзе колькасць бежанцаў можа ўзрасці да 3,6 мільёна. Толькі ў мінулым годзе на іх падтрымку немцы выдаткавалі не менш за 10 мільярдаў еўра. Калі прыток чужынцаў і надалей будзе браць мільённыя рубяжы, лічба ўзрасце да 55 мільярдаў. 

Германскае выданне Neue Osnabrucker Zeitung, спасылаючыся на Федэральную крымінальную паліцыю, паведаміла небяспечную навіну: сёння сярод мігрантаў знаходзіцца 410 тэрарыстаў.

У 2015 годзе ў Еўрасаюзе здарылася 211 терактаў. Гэта найвялікшы паказчык за дзевяць гадоў пачынаючы з 2006-га. Прэзідэнт Франсуа Аланд на фоне рэзанансных падзей у Францыі ўпэўнены: экстрэмісцкая групоўка “Ісламская дзяржава” аб’явіла вайну Пятай Рэспубліцы. Хваля тэрору, якая захлынула Стары Свет, надалей можа прывесці да змены існуючага міграцыйнага заканадаўства і рэзка  паўплываць на выбары, дзе моцнай папулярнасцю ў электарата будуць карыстацца нацыяналістычныя і ультраправыя партыі. 

Безумоўна, ЕС у свой час паспяхова вырашыў шэраг складаных міждзяржаўных праблем — створаны адзіная эканамічная і візавая прасторы, адкрытыя межы, адзіныя стандарты жыццядзейнасці. Аднак пакуль тут не будзе канкрэтнай палітыкі бяспекі для ўсіх краін-членаў, а з высокіх брусельскіх трыбун будуць гучаць толькі чарговыя заклікі да цеснага яднання, аб стварэнні адзіных еўрапейскіх “ЦРУ” і войска. Усё застанецца словамі.

Беларусь, улічваючы негатыўны вопыт еўрасуседзяў, стала ўмацоўвае сістэму ўласнай нацыянальнай бяспекі, забяспечваючы мір і спакой у нашай краіне.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter