Тэрыторыя дабрыні

На базе «БПААЦ» абмеркаваны пытанні па рэабілітацыі інвалідаў

На базе РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў

Магчымасць перамяніць сваё жыццё і пашырыць межы незалежнасці дае сёння інвалідам унікальнае прадпрыемства краіны РУП “Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр” рэспубліканскага значэння.

Лаўрэат шматлікіх дзяржаўных і міжнародных узнагарод РУП “БПААЦ” самымі значнымі і важнымі ўзнагародамі лічыць звыш 200 тысяч шчырых сардэчных удзячнасцей людзей за пратэзна-артапедычную дапамогу.

Сёння тут распрацоўваюцца і вырабляюцца сродкі рэабілітацыі, якія раней у Беларусі не выпускаліся. “Слова “імпартазамяшчэнне” ў вытворчасці тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі стала на прадпрыемстве звыклым, надзённай нормай”, — расказвае намеснік гендырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай працы РУП “БПААЦ” Таццяна Самуйлік.

Сёння прадпрыемства — гэта шматпрофільны рэспубліканскі цэнтр з аддзяленнем стацыянарнага пратэзіравання на 80 месцаў, паліклінікай на 3000 наведванняў у дзень, лячэбна-рэабілітацыйным комплексам, філіяламі ў Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, атэлье — у Бабруйску, Мазыры, Брэсце, майстэрнямі — у Лідзе, Пінску, Наваполацку. Акрамя таго, ёсць прыёмныя пункты ў Лунінцы, Глубокім, Оршы.

Учора на базе прадпрыемства прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Беларусі, старшыні Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў Анатоля Тозіка. Былі разгледжаны пытанні функцыянавання сістэмы рэабілітацыі інвалідаў у рэспубліцы і прапановы па яе ўдасканальванні, выкарыстання інфармацыйных камунікатыўных тэхналогій у атрыманні адукацыі людзьмi з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, у тым ліку інвалідаў. Таксама абмяркоўвалiся пытанні ўкаранення ў рэспубліцы суправаджальнага пражывання асоб з інтэлектуальнымі парушэннямі развіцця, аб арганізацыі суправаджэння тэлеперадач субтытрамі і выкананні рашэнняў Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў на год, які завяршаецца, і планах на 2013-ы.

На здымку: у час наведвання Цэнтра рэабiлiтацыi iнвалiдаў.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter