У замку Радзівілаў будуць даваць оперу і балет

Тэатралаў клічуць у Нясвіж

У XVIII стагоддзі, калі на землях Беларусі яшчэ не было прафесійных тэатраў, на радзівілаўскім падворку ва ўсю ігралі спектаклі. Тэатрам кіравала княгіня Францішка Уршуля Радзівіл і ён дзейнічаў як аматарскі: у спектаклях разам з прыгоннымі прымалі ўдзел члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса. Сёння замест аматараў ля Нясвіжскага палаца іграюць прафесійныя акцёры — з 2010 года тут праводзяцца “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Нясвіж з яго маляўнічым возерам, непаўторнай архітэктурай нават лішніх дэкарацый не патрабуе. Заязджаючы ў горад, ты ужо нібы трапляеш у тэатр. Таму выступленні сталічных акцёраў тут успрымаюцца так натуральна і лагічна. Зразумела, чаму на фестывальныя прадстаўленні імкнецца трапіць столькі людзей. Дарэчы, білеты на некаторыя падзеі са святочнай афішы ўжо раскуплены.


Адкрые “Вечары Вялікага тэатра” ў пятніцу, 22 чэрвеня, канцэртная праграма “Беларускі Рамантызм” у Фарным касцёле — архітэктурным помніку ранняга барока. У гэты ж дзень на сцэне ўнутранага двара замка Радзівілаў зоркі балетнай трупы Вялікага тэатра прадставяць гледачам аднаактавы балет “Санеты” і найярчэйшыя сцэны з балетаў “Лебядзінае возера” і “Карсар”.

У суботу ў Тэатральнай зале замка Радзівілаў прагучыць праграма “Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі”. Кампазіцыі XVII—XX стагоддзяў выканаюць салісты Юрый Гарадзецкі (тэнар) і Ілья Сільчукоў (барытон). Беларускую праграму зменіць “Вечар рамансаў Сяргея Рахманінава”. Пасля ва ўнутраным двары замка будзе разыграна драма кахання і смерці парыжскай куртызанкі Віялеты Валеры — тэатралаў чакае свежая пастаноўка “Травіяты” ад рэжысёра Андрэйса Жагарса.

У нядзелю прыхільнікаў танга-музыкі, гарачых паўднёвых напеваў і мелодый запросяць у Тэатральную залу на праграму “Мілонга з Серэнадай”. Завершыць фестываль традыцыйны гала-канцэрт, які парадуе вядомымі опернымі арыямі і дуэтамі, яркімі нумарамі балетных шэдэўраў, шлягерамі сусветнай музычнай спадчыны.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter