Тайнае і яўнае Замкавай гары

2. Як культуры стаць інвестыцыяй у будучыню?

БАДАЙ, няма на Мсціслаўшчыне тых людзей, якія б не ганарыліся гісторыяй сваёй малой радзімы. І гэта зразумела: з нараджэння чалавек тут знаходзіцца сярод велічных помнікаў архітэктуры, культуры, гісторыі. Слухае легенды пра тое, як за адну ноч для абароны ад варожых плямёнаў дзяўчынамі паселішча была насыпана вялікая гара, якая пасля атрымала назву Дзявочая. Ці як да князя Лунгвена, прамыўшага вочы вадой з цудадзейнай крыніцы, вярнуўся зрок, і ён загадаў заснаваць на гэтым месцы манастыр. Ходзячы па вуліцах, чуе, што вось тут, у будынку былога педагагічнага тэхнікума, напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя вучыўся знакаміты паэт Аркадзь Куляшоў. А тут, у гімназіі, атрымліваў адукацыю Мікалай Судзілоўскі, які ў самым пачатку ХХ стагоддзя быў абраны ў сенат Гавайскіх астравоў і стаў яго прэзідэнтам. А літаральна ў некалькіх кіламетрах ад Мсціслава, у вёсцы Малая Багацеўка, жылі браты Гарэцкія, Максім і Гаўрыіл.

Таму тут з павагай і ўважлівасцю ставяцца да захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Імкненне мясцовай улады зрабіць Мсціслаў значным турыстычным цэнтрам знайшло водгук і ў жыхароў раёна. І не толькі на словах: самі людзі выступаюць з ініцыятывамі і спрыяюць іх ажыццяўленню.

Так, некалькі пенсіянераў з вёскі Басценавічы вырашылі аднавіць даўно закрытую Свята-Пакроўскую царкву. Царква ў Басценавічах, дарэчы, уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Пабудавана яна ў канцы ХІХ стагоддя без адзінага жалезнага цвіка.

На жаль, лёс яе не вельмі шчаслівы. Вядома, да рэвалюцыі тут вяліся богаслужэнні. Але пасля падзей 1917 года будынак выкарыстоўваўся ў розных назначэннях — дзякуй, што наогул захаваўся. Напрыканцы савецкіх часоў, перад перабудовай, кажуць мясцовыя жыхары, у царкве быў склад. Пасля, калі вера ў Бога ўжо не стала ўспрымацца як нешта чужароднае, царкву злёгку адрамантавалі і вярнулі прыхаджанам. Але дзейнічаць ёй давялося зусім нядоўга: гады тры-чатыры. Нягледзячы на тое, што вёска Басценавічы па сённяшніх уяўленнях даволі буйная — двароў 200 — святара для гэтага месца не знайшлі. Царкву вымушаны былі закрыць, і будынак яе паступова стаў прыходзіць у заняпад. Асабліва пацярпелі купалы: яны проста прагнілі і праваліліся ўнутр.

Да 2000 года спробы адрамантаваць царкву пачыналіся не аднойчы, але справа чамусьці не ладзілася, і асноўная праблема была ўсё ў тых жа купалах, ніяк не атрымлівалася іх зрабіць.

Так і прастаяла царква гадоў 15 без справы, покуль тры гады таму Валянціна Кулашкіна з вёскі Басценавічы не прапанавала яе адрамантаваць, як кажуць, «усім светам». Сабралі агульны сход вёскі, на які прыехала і мясцовая ўлада: старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васілій Віцюноў, старшыня Капачоўскага сельскага Савета Аляксандр Скальзкоў. Улада абяцала дапамагаць, і, трэба сказаць, абяцанне сваё выканала.

Вылучылася і ініцыятыўная група. Акрамя Валянціны Савельеўны, актыўна дапамагаць узяўся яе муж, былы загадчык фермы Аляксей Кулашкін, і жыхарка суседняй вёскі Шыркі Антаніна Анюхоўская. Антаніна Нікіцічна 34 гады адпрацавала галоўным бухгалтарам у калгасе, так што згадзілася быць казначэям.

Адкрылі свой разліковы рахунак, пачалі збіраць грошы. Трэба сказаць, што і райвыканкам, і кіраўніцтва прадпрыемстваў раёна, і жыхары як самой вёскі, так і Мсціслава падышлі да гэтага пытання з разуменнем. На рэканструкцыю царквы выдзяляліся грошы з раённага бюджэту, дапамагалі суседнія сяльгаспрадпрыемствы. У буйных магазінах Мсціслава паставілі скрыні для збору сродкаў. А паколькі ў райцэнтр часта завітваюць турысты з суседняй Расіі, у скрынях сталі з’яўляцца не толькі беларускія, але і расійскія грошы. Жыхары Басценавічаў штомесяц ахвяравалі на рамонт храма, хто колькі можа: хто 10 тысяч, а хто і ўсе 200. А таксама дапамагалі сваімі працоўнымі рукамі, прыходзячы на суботнікі.

— Цяжка нават пералічыць усе мсціслаўскія арганізацыі, якія дапамагалі аднаўляць царкву, — масласырзавод, райпо, рэмбуд, водаканал. Толькі РУСП СГЦ «Віхра» ў агульным ліку выдзеліла 43 мільёны рублёў, — расказвае Антаніна Анюхоўская. — Жылкамунгас бясплатна зрабіў для царквы купал. А каб абабіць яго залацістай бляшанкай выклікалі спецыялістаў з Украіны. Мабыць, тых, хто застаўся ўбаку, не было ўвогуле.

Зрабіць прыйшлося многа: ад будынка засталіся амаль адны толькі сцены, падлога згніла, купал праваліўся, ні начыння, ні абразоў не было, хаця ў свой час царква магла пахваліцца адметным іканастасам, выдатным узорам беларускага стражытнага іканапісу.

Зараз царква амаль цалкам адрамантавана. Радуюць вока свежапафарбаваныя сцены, зіхаціць на сонцы бляшаны купал. Зрабілі рамонт і ўнутры памяшкання, набылі абразы... Плануецца, што на свята Пакравоў яе будуць асвяшчаць. Але службы ў ёй вядуцца ўжо амаль год: з мінулых Пакравоў — свята гэтае для царквы мае асаблівае значэнне, што звязана з яе назвай — Свята-Пакроўская.

Знайшлі і настаяцеля, айца Анатоля. Спачатку ён праводзіў службы толькі па святах, зараз прыходзіць кожны тыдзень.

— Добрую справу зрабілі людзі, пачэсную. Спадзяюся, што ў адноўленую царкву з кожным днём будзе прыходзіць усё больш вернікаў, — кажа ён.

Дарэчы, у Мсціслаўскім раёне засталося яшчэ шмат храмаў, якія патрабуюць рэканструкцыі. Сярод іх — і царква Ануфрыеўскага манастыра.

Кажуць, у пачатку ХV стагоддзя малады княжыч Юрый, сын знакамітага князя Лунгвена, гуляў у лесе недалёка ад Мсціслава і заблудзіўся. Доўга шукаў юнак дарогу да дому, але лес вакол рабіўся ўсё больш густым і цёмным. Княжыч выбіўся з сіл і хацеў есці. І тады ён стаў на калені і пачаў горача маліцца. Дзякуючы яго шчырай малітве перад ім з’явіўся стары, які паказаў юнаку дарогу з лесу. Гэты стары быў святы Ануфрый. І на гэтым месцы, дзе з’явіўся Ануфрый, удзячны за выратаванне сына князь заснаваў манастыр, які атрымаў назву Ануфрыеўскі.

Да ХVІ стагоддзя гісторыя манастыра хаваецца пад покрывам тайны, але вядома, што ўжо ў ХVІІ стагоддзі адным з першых яго пераўтварылі ва ўніяцкі. Дарэчы, у гэтым статусе ён адыгрываў у гісторыі ўніі вельмі значную ролю. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай манастыр аказваецца ў межах Расійскай імперыі. А ўжо ў першай палове XIX стагоддзя яго вярнулі Праваслаўнай царкве. Сёння манастыр знаходзіцца ў паўразбураным стане.

Але перш чым праводзіць рэканструкцыю, яго трэба сур’ёзна даследаваць, упэўнены археолагі. Дарэчы, многія лічаць, что менавіта гэтыя мясціны могуць падараваць даследчыкам шмат сюрпрызаў.

Напрыклад, вучоныя да гэтых часоў так і не змаглі разгадаць, дзе хавалі мсціслаўскіх князёў. І вельмі верагодна, што іх магільны склеп быў менавіта тут. Ускосна ўказвае на карысць гэтай версіі той факт, што менавіта ў гэтым манастыры, па звестках старажытных гісторыкаў, захоўваліся партрэты князя Юрыя і яго жонкі Сафіі. Праўда, самі партрэты да нашых часоў, як і ікона святога Ануфрыя, якая таксама захоўвалася ў манастыры, не дайшлі. Але ў XIX стагоддзі іх копіі былі надрукаваны ў адным з мастацкіх альбомаў. Так што надзеі на тое, што гэтыя творы знаходзяцца ў нейкіх недаследаваных архівах, у вучоных застаюцца.

— У Магілёўскай вобласці вельмі клапатліва ставяцца да таго, што тычыцца гісторыі культуры, што мае турыстычны патэнцыял. Таму мы імкнёмся знайсці шляхі, каб адрэстаўрыраваць гэтыя аб’екты, вярнуць людзям прыгажосць, якая была тут калісьці, захаваць яе для нашых нашчадкаў, каб яна не згубілася праз гады, — кажа намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Адзін з шляхоў бачыцца ў прыняцці праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны на Мсціслаўшчыне. І ў гэтым плане ўжо ёсць зрухі, якія дазваляюць мне спадзявацца, што яна будзе прынята. Вядома ж, прыйдзецца задзейнічаць не толькі рэспубліканскі, але і абласны, і раённы бюджэты, а таксама сродкі інвестараў.

Ад апошніх, вядома, хацелася б большай актыўнасці. Аднак праца вядзецца. У якасці прыклада — не толькі рэканструкцыя царквы ў Басценавічах. Летась раён адрэстаўрыраваў адзін з гістарычных будынкаў Мсціслава, у якім зараз размясцілася школа мастацтваў. Сёлета работы вяліся ў царкве святога Аляксандра Неўскага: рамонт закрануў не толькі аздабленне храма ўнутры, але і фасады, было праведзена залачэнне купала. На чарзе — каталіцкія храмы.

Прывядзенне ў парадак гісторыка-архітэктурных аб’ектаў павінна спрыяць развіццю турызму ў рэгіёне, упэўнена мясцовая ўлада. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць развівацца інфраструктуры і сферы паслуг, што створыць новыя працоўныя месцы і станоўча паўплывае на эканоміку. Такім чынам, упэўнены тут, правільны падыход да культуры і гісторыі можа стаць добрай інвестыцыяй у будучыню.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота БЕЛТА

(Заканчэнне будзе.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter