Такую назву на мясцовай мове носіць штат Керала, самы паўднёвы ў Індыі

Тайна какосавай зямлi

Такую назву на мясцовай мове носіць штат Керала, самы паўднёвы ў Індыі. Ён поўны незвычайнай экзотыкі, неверагодна яркі, шматкаляровы, стракаты. Да таго ж вельмі гасцінны, таму і нястрымна вабіць да сябе велізарную колькасць замежных турыстаў.


— Наш край называюць адной з дзесяці райскіх мясцін на зямлі, — гаварылі нам гаспадары. — Ён увесь пакрыты цудоўнымі какосавымі пальмамі, без якіх цяпер мы не ўяўляем свайго жыцця, бо гэтае дрэва дае нам ўсё…

Што гэта так, мы пераканаліся самі. Шмат ездзілі па тэрыторыі штата, плавалі па яго водах і ўсюды бачылі бясконцыя пальмавыя гаі. Яны так арганічна ўвайшлі ў мясцовы пейзаж, як, скажам, у Беларусі сосны ці бярозы. Таму і славіцца Керала сваім какосавым валакном, дае 60 (!) працэнтаў яго сусветнай вытворчасці.

— Гэтае дрэва дае нам усё, — задаволена гавораць жыхары Кералы пра какосавыя пальмы.


З мякаці арэха дастаюць каш­тоўнае какосавае масла. А сок, які ўтрымлівае ствол дрэва, ператвараецца ў пальмавае віно. Як толькі вы прыбылі ў гатэль, перш чым пачаць афармленне на засяленне, вам абавязкова паднясуць какосавы арэх з надрэзам, у якім тырчыць тоненькая трубачка. Калі ласка, частуйцеся малаком. Якая ж асалода пры страшнай гарачыні. Я з вялікім задавальненнем кожны раз выпіваў усё малако. 

Нішто з пальмы не прападае. Кветкі, зрэзаныя зверху, ідуць у салаты, вось вам і экзатычныя стравы на стале. Шкарлупіна арэха становіцца трывалым, вельмі зручным і танным посудам у паўсядзённым побыце. Яшчэ гэтая шкарлупіна — выдатная сыравіна для атрымання якаснага драўніннага вугалю. З пальмавага лісця робяць самыя розныя карзіны, капелюшы. Яшчэ — майструюць сцены хацін, дахі розных пабудоў, якія не працякаюць нават у час працяглых і густых мусонных ліўняў. Выдатны і надзвычай практычны матэрыял, у гэтым мы пераканаліся, калі некалькі дзён гасцявалі ў этнічнай вёсцы Маралы-Біч і пражывалі ў экзатычным бунгала.


Але не толькі пальмы галоў­ная адметнасць Кералы. Яе ўні­кальнасць і непаўторнасць здзіўляе і зачароўвае. Неверагодна багатая і разнастайная расліннасць. Паласа марскога ўзбярэжжа з цудоўнымі пляжамі цягнецца на 575 кіламетраў. Шыкоўныя старажытныя індыйскія храмы і палацы, у якіх да гэтага часу захавалася свая таямнічасць і неразгаданасць. Заказнікі дзікай прыроды, дзе можна пачуць, як трубяць сланы. Рысавыя плантацыі. Багацейшы фальклор, асабліва танцы, якія ў той жа вёсцы Маралы-Біч вечарам нас зачаравалі незвычайна, бо перанеслі ў свет загадкавы і нечаканы.

Нездарма калісьці партугальцы, галандцы і брытанцы вялі доўгія войны за гэтую каштоўнейшую ва ўсіх адносінах тэрыторыю. Скончылася ўсё тым, што ў XVIII стагоддзі брытанцы атрымалі над Кералай поўны кантроль.

Фото matreshkatour.com

У апошні час штатам папераменна кіруюць Індыйскі нацыянальны кангрэс і левыя партыі. Цэламу пакаленню дзяцей ра­зам з нагруднымі значкамі тут слова «Ленін» давалі як часцінку асабістага імя. Нездарма штат называлі «чырвоным». У Керале паспяхова прайшлі зямельныя рэформы, гэта адзін з самых сацыяльна развітых штатаў, адукаванасць насельніцтва тут дасягае 98 працэнтаў.

Між тым штат — самы густанаселены ў Індыі. Тут пражывае каля 32 мільёнаў чалавек, шчыльнасць — звыш 800 жыхароў на адзін квадратны кіламетр. Да таго ж гэта адзіны штат у краіне, дзе жанчын больш, чым мужчын. Сляды матрыярхальнай сістэмы засталіся да цяперашняга часу. Жанчыны займаюць асобнае месца і маюць павагу ў грамадстве. Яны і сваім абліччам такія, калі горда шпацыруюць па вуліцы ў прыгожых сары, якія не выходзяць з моды ўжо дзве тысячы гадоў. Бо такое ўбранства вельмі практычнае: хутка высыхае, добра сядзіць на любой фігуры, а верхняй часткай адрэза можна ў любы момант прыкрыць галаву ад гарачага сонца ці захінуць дзіця. Што і казаць, сары надаюць асаблівую грацыёзнасць індыянкам, якія вельмі прыгожыя ад прыроды, як і мужчыны. Да таго ж — сумленныя і нястомныя рупліўцы.


Турызм — важнейшы  складаль­нік эканомікі штата. Мясцовыя ўла­ды намагаюцца, каб максімальна выкарыстаць багацейшыя прыродныя рэсурсы Кералы для прытоку замежных гасцей. Скажам, тыя шматлікія пляжы, шчодра абла­шчаныя трапічным сонцам. Напрыклад, самы добраўпарадкаваны, з арыгінальнымі гатэлямі пляж Варкала атулены мноствам пальмаў і рысавымі палямі. Ён вядомы пад назвай Панісіні, што азначае «знішчаючы грахі». Гэта не толькі марскі курорт, але і важны індуісцкі цэнтр паломніцтва.

Зразумела, прывабнасць экзатычнай Кералы як турыстычнага краю вызначаецца інфраструктурай, якую можна лічыць добра­ўпа­радкаванай. Тры аэрапорты між­народнага значэння, выдатны чыгуначны транспарт. Каля 200 чыгуначных станцый, якія злучаюць населеныя пункты ўнутры штата.


…Мы былі ў Керале ў пачатку кастрычніка. Тут клімат трапічны, у маі — чэрвені вельмі горача і вільготна, бо сезон дажджоў. Толькі што скончыліся мусоны, акіян ля вёскі Маралы-Біч ціха плёскаўся і паступова супакойваўся.

Потым мы пераехалі ў гатэль «Лагуна Камарунам». Ён, як нам не без гонару паведамілі, будзе ўваходзіць у шырокавядомую сусветную сістэму гатэляў «Рэдзісан». Тут мы на сабе адчулі ўсю гасціннасць, ветлівасць, шчырасць індыйцаў, іх сапраўды добрую душу. Ля басейна кожны твой рух і жаданне імгненна ловяць яго работнікі і адразу падыходзяць да цябе: што госцю хочацца. У пакой, дзе я пражываў, зайшлі два незвычайна ветлівыя маладыя індыйцы і растлумачылі, што хочуць тут прыбраць і падрыхтаваць мне на ноч… пасцель. Я ўсяляк адмаўляўся ад такой нечаканай для мяне паслугі, але ж дарэмна. Хлопцы жэстамі і мімікай паказалі, што выканаюць сваю работу, калі я пайду на прагулку.

Або такі незвычайны сюрпрыз для нас у рэстаране. Вячэраем, заўтра раніцай паедзем у аэрапорт Кочын, адтуль паляцім у Бамбей. Мы вельмі стаміліся ад неміласэрнай спякоты, але ў зале, куды нас запрасілі, няма ў нашым разуменні сцен, і тут прыемная свежая прахалода. Афіцыянт Баскі, які кожны раз нас абслугоўваў, ведае, што мы з Беларусі. На дзіва ветлівы, сімпатычны, узяў заказ на стравы.


Раптам у вячэрняй цішыні па­плыла ціхая мелодыя. Затым мы пачулі знаёмыя матывы еўра­пейскай музыкі. Бачым, на адкрытай пляцоўцы сядзяць мужчына і хлопчык, іграюць і непрыкметна пазіраюць у наш бок.

Тут падыходзіць Баскі і пытаецца, ці падабаецца нам музыка. Мы адказваем станоўча, бо так і ёсць.

— Гэта музыка спецыяльна для вас, — кажа. — Вы ж заўтра ад’язджаеце, вось і хочацца вас парадаваць.

Канешне, мы дзякуем за такую да нас увагу. Адзін з нас валодае англійскай мовай, і размова ідзе на ей. У Баскі ж запас трох рускіх слоў: «вкусно», «хорошо», «спасибо». Нечакана ён пытаецца, як будзе па-беларуску «спасибо». «Дзякуй», — адказваем. Хлопец старанна заносіць гэтае слова ў сваю запісную кніжачку, нешта шэпча і задаволена вымаўляе: «Дзя-куй».

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Фота ІНДЗІГА-ТУР
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter