Чаму мясцовая жыхарка Людміла Нікіціна ўсё жыццё прысвяціла вывучэнню мінулага гэтых мясцін і чым зацікавіла аматараў неверагодных з’яў

Таямніцы Заронава

МАЛЯЎНІЧАЯ вёска Заронава на мяжы Віцебскага і Шумілінскага раёнаў у 25 кіламетрах ад абласнога цэнтра, на першы погляд, мала чым адрозніваецца ад тыповых сельскіх населеных пунктаў, хоць і мае статус аграгарадка. Аднак менавіта яна сёння ў топе самых цікавых турыстычных маршрутаў Прыдзвінскага краю. І гэтаму паспрыяла плённая праца мясцовай жыхаркі, вядомай краязнаўцы Людмілы Нікіцінай. Яна стварыла ўнікальны гісторыка-этнаграфічны музей “Гісторыя Заронаўскага краю”. Ён невыпадкова стаў турыстычнай візітоўкай Віцебскага раёна.


Скарбонка памяці

У Заронаве стала добрай традыцыяй знаёміць гасцей аграгарадка з гісторыяй краю. І ў гэтым няма роўных Людміле Нікіцінай, якая ўсё жыццё прысвяціла вывучэнню мінулага гэтых мясцін. Мой прыезд не стаў выключэннем з правілаў.

У свой аповед Людміла Канстанцінаўна арганічна ўплятае мясцовыя легенды і паданні, дасціпныя жарты, кур’ёзы з вясковага жыцця. Накіроўваемся ў музей. Цагляны домік з драўлянай прыбудовай у абрамленні кветак і яблынь адразу прываблівае ўвагу. Тут адчуваеш сябе ўтульна, нібы прыехаў на пабыўку да бабулі. У спякотны дзень пануе прыемная прахалода, а ўзімку Людміла Канстанцінаўна топіць печку і частуе наведвальнікаў няхітрымі прысмакамі народнай кухні.

У мясцовай школе, якая сёння не дзейнічае (трапіла некалькі гадоў таму пад аптымізацыю), пачала свой працоўны і творчы шлях тады яшчэ маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры родам з Палесся. Гэта быў пачатак васьмідзясятых. Пытлівую дзяўчыну паглынула гісторыя краю. Разам з вучнямі яна стала збіраць матэрыял, як жылі людзі тут раней.

Скарбонка памяці заронаўскіх жыхароў была створана ў 1986 годзе на базе інтэрната для дзяцей з аддаленых вёсак. Драўляная прыбудова з’явілася пазней, калі музей стаў пашырацца. Заронава стала для Людмілы Канстанцінаўны другой радзімай, тут стварыла сям’ю. Сёння на варце захавання музейных каштоўнасцей разам з ёй працуе сын Станіслаў.

Штогод установа, якая мае статус народнай, папаўняецца сотнямі экспанатаў. У фондзе — больш за 24 тысячы артэфактаў. Прызначэнне некаторых з іх нават адразу не ўяўляеш. Напрыклад, мудрагелістая драўляная скрыня, як высветлілася, крысалоўка. Усе экспанаты сабраныя вяскоўцамі з гарышчаў старых хат, бабуліных куфраў і дзедавых майстэрняў. Цікавасць выклікаюць не толькі прадметы народнага быту, але і савецкай рэчаіснасці: рарытэтныя тэлевізары і радыё, вінтажнае адзенне і абутак, якія некалі насілі мясцовыя моднікі. Усяго не пералічыць. Заронаўскія краязнаўцы не гоняцца за эксклюзіўнасцю, а стараюцца не згубіць ніводнага фрагмента, што можа праліць святло на гісторыю продкаў. У якасці экскурсаводаў часта выступаюць вучні Людмілы Канстанцінаўны. Дзеці ў вершаванай форме на роднай мове знаёмяць з артэфактамі. Кожны з юных краязнаўцаў абавязкова адзначыць тую рэч, якую зрабіў яго дзед або прадзед. У папаўненні этнаграфічнага скарбу ўдзельнічаюць амаль усе заронаўцы. Пра землякоў Людміла Канстанцінаўна адклікаецца з цеплынёй:

— Мяне ў ваколіцах ведаюць. Вось і нясуць усё, што знойдуць цікавага. Напрыклад, гэтае кола ад першага трактара хлопцы выцягнулі недзе з балота, што за старой фермай. Вельмі ганарымся поспехамі маёй выхаванкі Аляксандры Гвоздзевай, якая паступіла ў БДУ на факультэт міжнароднай журналістыкі. Зараз рыхтую новую змену экскурсаводаў. Дзеці з імпэтам адносяцца да музейнай справы.

Найбольшую цікавасць у гасцей выклікае аддзяленне беларускай міфалогіі. Спускаемся ў падвальнае памяшканне, прыстасаванае пад гэтую патрэбу. Першая зала ўяўляе воднае царства з яго міфалагічнымі насельнікамі: русалкай, вадзянікам, іншымі балотнымі пачварамі. Далей нас чакае сустрэча з бабай-ягой, дамавіком, які па-гаспадарску размясціўся на сялянскай печы ў выглядзе змея. Дадатковую атмасферу містычнасці ствараюць люстэркі і адпаведнае гукавое афармленне.

Экспазіцыі заронаўскага “памяшкання жахаў” пераклікаюцца з сюжэтам твора “Нячысцікі” Мікалая Нікіфароўскага. Такім чынам Людміла Канстанцінаўна вырашыла прыцягнуць не толькі дадатковую ўвагу да гісторыі свайго краю, але і папулярызаваць творчую і навуковую дзейнасць знакамітага этнографа, ураджэнца Віцебскага раёна.

У гэтым годзе музей наведалі больш за тысячу турыстаў. У мінулым — амаль дзве. Геаграфія ўражвае: Расія, Украіна, Узбекістан, краіны Прыбалтыкі, Германія, Італія, ЗША, Канада, Аўстралія… Многія з гасцей — родныя загінуўшых аборонцаў і вызваленцаў падчас баёў Вялікай Айчыннай вайны. Іх імёны былі вернуты з забыцця дзякуючы мясцовым краязнаўцам.

Мясцовы Стоўнхендж

Частыя госці на заронаўскай зямлі аматары містычных і неверагодных з’яў. Вёска атрымала шырокую папулярнасць пасля таго, як мясцовыя школьнікі выявілі загадкавыя каменныя крыжы, што, здаецца, выраслі з зямлі. Іх знайшлі выпадкова падчас уборкі могілак ад смецця.

Раней на гэтым месцы стаяла царква Святога Ануфрыя. Яе ўзарвалі бальшавікі ў 1944 годзе. Людзі разабралі храм на цэглу, таму што будаваць у пасляваенны час не было з чаго. Краязнаўца распавядае:

— Спачатку на іх ніхто не звяртаў увагі. Закапаныя ў зямлю амаль даверху, яны нагадвалі звычайныя камяні. Ішоў час, і такі камень усё больш выступаў з зямлі, агаляючы свае сапраўдныя абрысы. Заронаўцы зацікавіліся дзіўнай з’явай і выкапалі яму вакол крыжа. З цягам часу ў працэсе асядання глебы з’явіліся іншыя помнікі веры тутэйшых людзей. І хоць “рост” крыжоў тлумачыцца звычайнымі геалагічнымі працэсамі, некаторыя мясцовыя бабулькі ўпэўнены, што заронаўскі цуд з’яўляецца Божым знакам. Існуе павер’е: калі дакрануцца да крыжа левай рукой і загадаць жаданне — яно павінна спраўдзіцца.

Людміла Нікіціна лічыць, што ёсць у крыжах і пэўны сімвалічны сэнс — як прадвесце звыш. Яно заклікае людзей павярнуцца да веры і жыць, як нашыя продкі, якія стварылі гэтыя крыжы: па хрысціянскіх законах.


Настальгія

Сёння Заронава зусім не тое, што было 30 год таму, калі маладой настаўніцай прыйшла сюды працаваць Людміла Канстанцінаўна. Мае статус аграгарадка, які населены пункт набыў ў 2011 годзе па праграме адраджэння і развіцця вёскі, але за апошнія пару дзясяткаў гадоў насельніцтва зменшылася больш чым у два разы. Некалі мясцовы саўгас “Заронаўскі” грымеў на ўсю рэспубліку паказчыкамі вытворчасці. Толькі ў дзіцячы садок хадзіла каля 90 дзетак, больш за 300 вяскоўцаў працавала ў сельскай гаспадарцы, была наладжана работа швейнага цэха. У вёсцы працавалі лазня, сталоўка. Адзін з ініцыятараў стварэння мясцовага музея, дырэктар некалі перадавой гаспадаркі калгаса “Заронаўскі” Валерый Бермант дзеліцца тым, як было раней:

— Планавалі некалі пабудаваць і новы Дом культуры, і школу. У нас нават каманда па мотаболе была. Моладзь з горада ехала ўладкоўвацца на працу, а зараз, наадварот, большасць заронаўцаў вымушаны шукаць заробак у абласным цэнтры…

Сталае пакаленне працаўнікоў і мясцовай інтэлігенцыі настальгуе па былых часах, але разумее, што яны, як і маладосць, не вернуцца. Уся надзея на нешматлікую моладзь, якая шчыра прывязана да малой радзімы. Патэнцыял для адраджэння ёсць. Мясціны ўнікальныя не толькі сваёй гісторыяй, але і прыродай. Для адпачынку лепшага месца не прыдумаеш.

Дарэчы, Людміла Нікіціна прыпаднесла аднавяскоўцам у мінулым годзе прыемны падарунак. Яна напісала і выдала грунтоўную манаграфію “Мой любы край — маё Заронава”, дзе апісала гісторыю вёскі. Шмат старонак прысвечана сучасным заронаўцам, якія засталіся вернымі спадчыне продкаў.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter