
— Вечарам перад Вадохрышчам гатавалі трэцюю куццю — кашу з арэхамі і мёдам, наліснікі, бліны і іншыя стравы. А ноччу абавязкова адчынялі калодзежы. Лічылася, што вада набудзе гаючыя ўласцівасці. Раніцай гаспадыня акрапляла гэтай вадой хату і хлеў. Асвячэнне пачынала з ўваходных дзвярэй, імі ж і заканчвала. Лічылася, там знаходзіцца нячыстая энергія, ад якой трэба пазбавіцца.
Ваду захоўвалі ў шкляным посудзе побач з іконамі. На дзвярах пісалі першыя літары імёнаў вешчуноў, якія прынеслі дары Хрысту (К — Каспар, М — Мельхіёр, В — Валтасар), і лічбу новага года. Так хата ахоўвалася ад дрэннай энергіі.
— Была і такая цікавая традыцыя. Дзяўчыны ішлі да ручая, пускалі па вадзе некалькі валаскоў і казалі: «Расці каса, як быстрая раса». Гэта рабілася для таго, каб валасы раслі доўгімі і густымі, — расказвае Вольга Чобат. — Пасля Вадохрышча забаранялася мыць бялізну на працягу 12 дзён. Лічылася, што ўвесь гэты час вада валодае чароўнымі ўласцівасцямі і расходваць яе на побытавыя патрэбы не варта.

Акрамя гэтага, на Вадохрышча забаранялася шыць і вышываць — такім чынам, інакш, верылі нашы продкі, можна было зашыць вымя карове і пазбавіцца малака. Нельга было сварыцца ў гэты дзень — дрэннымі словамі можна было наклікаць няшчасце і праблемы са здароўем. А вось што можна было рабіць на свята — дык гэта купацца ў палонцы. Лічыцца, што гэты абрад ачышчае душу, насычае цела здароўем і жыццёвымі сіламі.
— Сёння мы прытрымліваемся традыцый пры святкаванні Вадохрышча. Вельмі радуе, што маладыя ў сшытачак запісваюць тонкасці абрадаў. Гэта дапаможа ў будучым не страціць культурную спадчыну, — разважае Вольга Чобат.
infong@sb.by