Таямніцы “беларускага Версаля”

Першы ліст на сумесны конкурс “Народнай газеты” і выдавецтва “РыфТур” дасланы з Ружан. І гэта цалкам зразумела: менавіта палац Сапегаў і Ружанскую браму сфатаграфаваў Сяргей Плыткевіч з вышыні птушынага палёту і з інтэрвалам у пяць гадоў.

Першы ліст на сумесны конкурс “Народнай газеты” і выдавецтва “РыфТур” дасланы з Ружан. І гэта цалкам зразумела: менавіта палац Сапегаў і Ружанскую браму сфатаграфаваў Сяргей Плыткевіч з вышыні птушынага палёту і з інтэрвалам у пяць гадоў.

— Добры дзень, паважаная рэдакцыя! — піша Святлана Яўгенаўна Агеявец з Ружан. Працую бібліятэкарам у Ружанскай школе. Вырашыла прыняць удзел у конкурсе, тым больш што на фотаздымках — наш пасёлак Ружаны і славуты замак Сапегаў...

Мы рады, што новы конкурс выклікаў цікавасць чытачоў, і чакаем адказаў на заданне другога тура.

Таямніца князёўны Марыі

— Пані Марыя, хутчэй, — Ян таропка хадзіў па пакоях, зграбаў з ложкаў падушкі. — Жонцы з малымі чадамі нельга тут заставацца...

Гэтыя падушкі выратавалі жыццё Марыі і абодвум яе сынам. Бо аўтамабіль, на якім апошнія з Сапегаў уратаваліся ад вайны, быў наскрозь прабіты кулямі. Выратавальніка князёўны звалі Ян Цыдзік, ён быў кухарам Сапегаў, родам са Скідзеля. І ніколі нікому на свеце не казаў, што прыгажуня Марыя прыходзіць да яго ў чароўных снах... Але што паненцы да начных мрояў нейкага кухара!

Было гэта вельмі даўно, пры канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. А літаральна некалькі гадоў таму жыхарка Скідзеля, юная прыгажуня і студэнтка гістфака Маша, збіралася замуж. З далёкай Варшавы, ад незнаёмых людзей з беларускім прозвішчам прыйшоў ліст-віншаванне. Акрамя цёплых словаў у лісце была падказка: вясельны падарунак можна знайсці ў патаемным месцы, выняўшы пару цаглін з верхняга яруса Ружанскай брамы. Нібыта гэты падарунак — даніна павагі Машынаму дзеду Яну, які загінуў падчас Айчыннай вайны.

Маша напачатку прыняла ліст за жарт, але цікаўнасць узяла верх, і праз колькі дзён, прыхапіўшы альпінісцкі рыштунак, дзяўчына з жаніхом былі каля Ружанскай брамы. Азначаная цагліна сапраўды лёгка вывалілася, адкрыўшы шлях да тайніка. Акуратна складзеныя ў картонную скрыню, там ляжалі вясельныя строі, пара заручальных пярсцёнкаў і абразок.

Мая сястра Маша кажа, што менавіта старажытныя пярсцёнкі прынеслі шчасце і дабрабыт у яе студэнцкую сям’ю. Бо насілі іх жанчыны славутага роду, якія ведалі, што такое высакароднае каханне.

Праўда гэта ці не, але некалькі гадоў таму ў верхнім сегменце Ружанскай брамы з’явілася вялікая адтуліна. Было падобна на тое, што нехта выняў пару цаглін, дастаў змесціва тайніка і знік. Магутныя сцены надзейна хавалі сакрэт князёўны Марыі да нашых дзён.

Алеся Лебедзева, вучаніца 10-га класа

Ружаны

На мяжы Берасцейскага з Гродзенскім краем
Ёсць пасёлак, што любы так сэрцу майму.
З гістарычных крыніц звесткі розныя маем,
Чаму назву Ружаны далі людзі яму.
Па легендзе адной, у тутэйшага пана
Дзве дачкі-прыгажуні, бы кветкі, раслі.
Адну з іх звалі Ружа, а другую — Ганна.
У іх гонар і назву мястэчку далі.
Ёсць легенда другая пра назву Ружаны.
Вельмі коратка змест перадаць вам магу.
Навакольныя землі былі ўсе адданы
Ва ўласнасць панам. А на самым рагу,
Паміж межамі панскіх уладанняў застаўся
Невялікі ўчастак свабоднай зямлі.
Паступова і гэты куток абжываўся:
Людзі вольныя тут пасяліцца маглі.
Ад таго слова рог (ці то рож, як казалі)
Пачалі той куточак Рожанаю зваць.
Потым назву Ружаны паселішчу далі.
Так населены пункт наш пачаў існаваць...

Святлана АГЕЯВЕЦ

Здань шукае скарб

Вакол замка Сапегаў шмат чутак і таямніц. Кажуць, што ў яго падзямеллях замураваны куфры з каштоўнасцямі і шырокі падземны ход вядзе адтуль аж да палаца ў Косаве. І што сто гадоў таму там згубіўся хлопчык, які хацеў знайсці гэты скарб. Згубленая душа прагне спакою, таму ноччу ў замку можна пачуць дзіцячы енк.

Ганна РАПТУНОВІЧ, Мінск

 Увага! Новае заданне

Нагадваем умовы конкурсу “Старыя казкі на новы лад”

  1. Вы гледзіце на здымак, пазнаеце гістарычны аб’ект на фота Сяргея Плыткевіча і здзіўляецеся зменам, што адбыліся з гэтым аб’ектам за апошнія гады.
  2. Успамінаеце, якія легенды ці гістарычныя факты звязаны з той мясцовасцю.
  3. Складаеце яшчэ адну казку ці легенду, толькі на новы лад. Няхай гістарычныя героі ці прыдуманыя вамі персанажы з вашай лёгкай рукі апынуцца ў сучаснасці.
  4. Дасылаеце лісты з казкамі на паштовы адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а ці на электронную скрыню irina@ng.by. Не забывайце пазначаць на канверце ці ў тэме электроннага ліста “Старыя казкі на новы лад”.
  5. Самыя цікавыя казкі будуць апублікаваныя (дарэчы, каб наша бухгалтэрыя налічыла вам ганарар, паведамляйце пашпартныя дадзеныя).
  6. Па заканчэнні пяці тураў самыя таленавітыя казачнікі атрымаюць падарункі ад выдавецтва “РыфТур” і “Народнай газеты”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter