Таямнічая Беларусь:

На Віцебшчыне ёсць месцы, дзе можна згубіцца ў часе, падмануць нячыстую сілу і перайсці возера, не замачыўшы спадніцы.
куды вядзе “напалеонаўская дарога”, як не збіцца са шляху ля Чортава каменя і аб чым раскажуць хвалі возера Сосна.

На Віцебшчыне ёсць месцы, дзе можна згубіцца ў часе, падмануць нячыстую сілу і перайсці возера, не замачыўшы спадніцы.

Легенды і містычныя гісторыі Прыдзвіння, вядома, не з’яўляюцца галоўнай мэтай даследаванняў кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара. Але за гады працы турыстычна-экалагічна-краязнаўчага клуба “Дзвіна” Віцебскага кадэцкага вучылішча іх сабралася больш за сотню. Горад чорных зайцоў, хвоя Ведзьміна лапа, бяздоннае Чортава возера, зачараваная Гроб-гара са скарбамі — усё гэта краязнаўца бачыў сам. Разам са сваімі гурткоўцамі ён знайшоў і апісаў каля 50 найцікавейшых прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў, якія нідзе не былі зарэгістраваныя. Сярод іх — самая вялікая ў Беларусі хвоя, камень закаханых і таямнічая “напалеонаўская дарога”.

 Знаёмцеся: Мікалай Півавар скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Працуе ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Аўтар кніг “Методыка пошукаў помнiкаў прыроды ў краязнаўчай працы”, “Турыстычна-краязнаўчыя паходы i экскурсii ў наваколлях Вiцебска”, “Даследчыкi Полацка-Вiцебскай даўнiны XVI ст. — 1944 г.”, бібліяграфічнага даведніка “Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.”. Неацэнны ўклад гэтага вучонага ў стварэнне падручніка па гісторыі і прыродазнаўстве Віцебскага раёна.

А ці быў тут Напалеон?

— Мікалай Васільевіч, для прыцягнення турыстаў стала модна ствараць брэнды, заснаваныя на мясцовых легендах з элементамі містыкі. Вам, як гісторыку, імпануе такі падыход?

— Легенды і паданні — важны элемент гісторыка-культурнай спадчыны народа, яны адлюстроўваюць лёс краіны, духоўныя каштоўнасці людзей, часта менавіта з іх пачынаецца захапленне гісторыяй роднай зямлі. Незвычайныя месцы, помнікі прыроды, таямнічыя з’явы, народныя назвы — для жыхара кожнай мясцовасці гэта звенні, што злучаюць пакаленні, дапамагаюць усвядоміць самiх сябе як частку свайго краю.
Вельмі шкада, што турпаходы для сучасных школьнікаў сталі рэдкасцю. Гэта найлепшы і найпрасцейшы спосаб далучэння да скарбаў роднага краю. А калі вы прапануеце ім экскурсію ў дом з прывідамі або да каменя закаханых, паверце, ніхто не адмовіцца. Па дарозе яны пазнаёмяцца з рэальнымі біяграфіямі і сюжэтамі, убачаць, наколькі прыгожая наша зямля, колькі таямніц адкрывае яна дапытліваму падарожніку i як яна варта таго, каб мы яе любілі. Напрыклад, на працягу аднаго выхаднога дня ў наваколлях Віцебска можна ўбачыць старажытнае гарадзішча, дуб-волат і перайсці возера Лосвіда па “напалеонаўскай дарозе”.

— Хіба французская армія была каля гэтага возера?

— Легенда распавядае, што пры адступленні імператар французаў патрапіў тут у акружэнне, і, каб выратавацца, заключыў дамову з д’яблам. Па загадзе нячыстага кожны жаўнер французскага войска, набраўшы поўную шапку зямлi, высыпаў яе ў возера, і ноччу французы перайшлі на другі бераг па падводнай сцежцы. Але вы маеце рацыю — на самай справе Напалеон ніколі не быў каля гэтага возера, паколькі дакладна вядома, што адступленне ішло праз Оршу. Часам такім чынам у памяці народнай захоўваюцца самыя яркія і цяжкія падзеі гісторыі. З тым жа поспехам яна магла быць шведскай, кацярынінскай, альгердавай, або чортавай дарогай, бо, хутчэй за ўсё, гэтая сцежка вельмі старажытнага паходжання.

Мясцовыя распавядаюць пра яе і іншыя легенды. Як бы там ні было, у Беларусі больш за 10 тысяч азёр, але нідзе няма такога цуду, каб на працягу трохсот метраў глыбіня была па калена, пры гэтым сцежка вядзе з аднаго берага на другі. У часы Вялiкай Айчыннай вайны нашы танкiсты скарысталiся мелкаводдзем i раптоўнай i хуткай атакай вызвалiлi вёску Марыямпаль. Мясцовыя жыхары заўсёды актыўна карысталiся ёю (яшчэ гадоў трыццаць таму па дарозе хадзiлi трактары i машыны). Зараз дарога зарасла трыснягом, рагозам i аерам, але захавалася сцяжына, ісці па якой пасярод высокай травы яшчэ больш цiкава.

Падарожжа ў часе

— Кажуць, ёсць пад Віцебскам месцы, дзе людзі блукаюць у прасторы і нават губляюцца ў часе. Гэта ўжо, напэўна, выдумкі?

— Чаму ж? Нездарма самы вялікі валун у Беларусі, які знаходзіцца ў Шумілінскім раёне каля вёскі Горкі, называюць не толькі Вялікім, але і Чортавым каменем. Мясцовыя жыхары кажуць, што па сцежцы, якая ідзе каля яго, ніколі не прыйдзеш туды, куды трэба. Падмануць нячыстую сілу проста: трэба ўслых сказаць назву не той вёскі, куды ідзеш, а іншай, і ў такім разе нячысцік не зможа вам перашкодзіць.

Што тычыцца загадкавых месцаў, дзе людзі губляюцца ў часе, адну такую гісторыю мне распавяла ўдзельніца падзей, вельмі сур’ёзная жанчына. Гэта здарылася летам 1941 года на рэчцы Заронаўка. Быў спякотны дзень, і яны з сяброўкамі вырашылі за гадзіну да абеду паспець выкупацца: да рэчкі хвілін дваццаць шляху — акунуцца і назад. На рацэ яны ўбачылі лодку, а ў ёй жанчыну ў белым. Калі лодка падплыла да берага, жанчына нешта сказала ім, але ніхто потым не мог успомніць, што. Дзеці, як зачараваныя, стаялі і глядзелі на яе, пакуль лодка не знікла. Так і не выкупаўшыся, яны пабеглі дадому, але аказалася, што сваякі не толькі даўно ўжо паабедалі, але яшчэ і павячэралі. Дзецям здавалася, што прайшло колькі дзясяткаў хвілін, а на самай справе іх не было некалькі гадзін. Неўзабаве пачалася вайна, і самі дзеці лічылі, што бачылі смерць.

Возера Сосна i камень закаханых

— Казкі казкамі, а ці ведаеце вы гісторыі, якія могуць быць звязаныя з рэальнымі падзеямі?

— У кожным паданнi ёсць зерне праўды. Узяць хаця б гісторыю пра камень закаханых у Доўжы — самы вялікі валун у Віцебскім раёне. Распавядаюць, што даўным-даўно жыла ў вёсцы дзяўчына — незвычайная прыгажуня. Усе хлопцы з наваколля былi закаханыя ў яе, але яна аддавала перавагу мясцоваму кавалю па прозвiшчы Сасноўскi. Але да дзяўчыны пасватаўся пан. Яна ж працягвала патаемна сустракацца з кавалём. Рабілі яны гэта каля вялізнага каменя, што ляжаў на беразе рэчкі. Даведаўся пан аб спатканні, загадаў высачыць закаханых, забіць і кінуць іх целы ў возера. І назвалі з тых часоў возера Сосна — у памяць пра каваля Сасноўскага. Народныя назвы часта бываюць далёкімі ад сапраўдных, але ў гэтым выпадку пэўная доля праўды ёсць. На Беларусі ніколі не было азёр з назвай Сосна — не ўласціва гэта нашаму краю. Слоўнік кажа, што такія назвы маглі з’яўляцца толькі ў выніку перайменаванняў у сувязі з якімі-небудзь незвычайнымі падзеямі. Такой падзеяй мог быць выпадак з закаханымі. Магчымы варыянты, але выпадак з назвай вельмі праўдападобны.

А камень ёсць i зараз. Кожны ў Доўжы можа паказаць яго вам, засталася і традыцыя прызначаць спатканні каля каменя. І дзякуй Богу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter