Таварыства добрых сэрцаў

27  лютага  спаўняецца  дваццаць  гадоў,  як  створана  першая  дабрачынная  грамадская  арганізацыя  —  Беларускі  дзіцячы  фонд

27  лютага  спаўняецца  дваццаць  гадоў,  як  створана  першая  дабрачынная  грамадская  арганізацыя    Беларускі  дзіцячы  фонд 

З якімі здабыткамі падышла наша арганізацыя да свайго юбілею? 

Можа, самае галоўнае і значнае тое, што нам удалося аб’яднаць вакол сябе людзей спагадлівых, добрых, душэўных. Іх тысячы нашых добраахвотных памочнікаў па ўсёй рэспубліцы. Наш фонд можна па праву назваць таварыствам добрых сэрцаў, а інакш — таварыствам верных сяброў Дзяцей. 

Працуючы ў Дзіцячым фондзе з першага дня яго ўтварэння, я з нейкага часу пачаў пісаць слова “Дзеці” з вялікай літары. Сапраўды, яны галоўныя людзі сярод нас, яны — Божыя пасланнікі на Зямлі, яны — наш найдаражэйшы скарб, яны — нашы нашчадкі, сённяшні і заўтрашні дзень Беларусі. 

Першай значнай працай нашага фонду стаў праўдзівы даклад аб становішчы Дзяцей у Беларусі. Мы ўпершыню, а было гэта ў самым пачатку перабудовы, раскрылі ўсе праблемы дзяцінства, у лічбах і фактах паказалі лжывасць савецкага лозунга “Усё лепшае — дзецям”. Аказваецца, далёка не ўсё рабілася для здароўя, выхавання, адукацыі, развіцця талентаў нашых нашчадкаў. Свой даклад мы распаўсюдзілі тады сярод кіраўнікоў урада, дэпутатаў, грамадскіх арганізацый. А самі вызначылі для сябе галоўныя прыярытэты: абараняць правы Дзяцей, дапамагаць Дзецям, якія па волі лёсу сталі сіротамі, інвалідамі, заложнікамі Чарнобыля. 

Па сённяшні дзень многія помняць нашы маштабныя акцыі. Тэлевізійны марафон “Выратуем дзяцей” праходзіў у будынку Опернага тэатра і доўжыўся чатырнаццаць гадзін. Прамы рэпартаж глядзела ўся рэспубліка. Тады, у маі 1992 года, адбыўся унікальны ўрок міласэрнасці, які закрануў ці не кожны куточак Беларусі. У гісторыі фонду застанецца і рэспубліканскі сход “Бацькі і Дзеці”, які на працягу 5 гадзін праходзіў ў Дзяржаўным цырку і трансліраваўся па нацыянальным тэлебачанні. У час сходу было сабрана 133 мільёны рублёў ахвяраванняў, якія прынародна былі ўручаны сем’ям, удзельнікам сходу. 

Ініцыятывы Беларускага дзіцячага фонду рабіліся важкімі, прыкметнымі ва ўсіх абласцях рэспублікі. Мы ўдзельнічалі ў распрацоўцы Закона “Аб правах дзіцяці”. Правялі два пасяджэнні Дзіцячага парламента. З дапамогай замежных спонсараў штогод праводзілі акцыю “Зялёны вітамін”. Забяспечвалі ўсе сіроцкія, інтэрнатныя ўстановы, шматдзетныя сем’і якасным насеннем агародніны. Акцыя праходзіла пад дэвізам: “Вітаміны дзецям — круглы год”. 

Штогод фонд арганізоўваў адпачынак Дзяцей у замежных сем’ях. Мы мелі сувязі з 15 краінамі свету. Апошнімі гадамі набывае моц і аўтарытэт наша новая ініцыятыва, падтрыманая Міністэрствам адукацыі, — адпачынак Дзяцей у беларускіх сем’ях. Штолета такой формай адпачынку ахопліваецца каля пяці тысяч чарнобыльцаў, сацыяльных сірот, выхаванцаў дзетдамоў, бедных сем’яў. 

Думаю, актывісты шматлікіх грамадскіх арганізацый рэспублікі не забыліся, што іх суполкі напачатку былі ў складзе нашага фонду як асобныя праграмы. Так, мы дапамаглі аб’яднацца былым малалетнім вязням канцлагераў, сівагаловым дзецям ваеннага ліхалецця. З дапамогай актывістаў Дзіцячага фонду створаны асацыяцыі шматдзетных сем’яў, хворых на цукровы дыябет, таварыства былых выхаванцаў дзетдамоў і школ-інтэрнатаў, аб’яднанне бацькоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. 

Безумоўна, нашым галоўным клопатам з’яўляецца канкрэтны ўдзел у лёсе Дзіцяці той ці іншай сям’і. Мы цярпліва развязваем складаныя “вузлы”, якія ўтвараюцца вакол сірот, інвалідаў, хворых. Ёсць катэгорыя Дзяцей, якіх з поўным правам можна назваць хрэснікамі Дзіцячага фонду. Сярод іх — Герман Артамонаў, якога маці кінула на полацкім вакзале. Герман з нашай дапамогай знайшоў новую сям’ю. Паспяхова закончыў школу, педуніверсітэт, а цяпер вучыцца ў аспірантуры. Яшчэ адзін мацерын “адказнік” — Юрый Радзькоў — стаў кандыдатам у майстры спорту па шахматах, закончыў інстытут фізкультуры і цяпер з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам рэспубліканскіх свят “Свет мёду і здароўя”. Ён — член праўлення нашай арганізацыі. 

Усе нашы канкрэтныя справы, як у люстэрку, адбіваюцца ў праграмах фонду, якія падказаны самім жыццём. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Дзеці Чарнобыля”, “Цёплы дом”, “Таленавітыя дзеці”, “Мы верым у цябе”, “Хуткая дапамога”, “Падорым дзецям свята”, “Нашы сэрцы — хворым дзецям”. Мэта гэтых праектаў высакародная, а справы — далёка чуваць. 

У рэспубліцы ведаюць пра нашу сумесна з Міністэрствам аховы здароўя вельмі патрэбную акцыю “Дзіцячае сэрца”. Ужо адбылося дванаццаць візітаў замежных кардыяхірургаў у нашу рэспубліку. Высокакваліфікаваную брыгаду медыкаў заўсёды ўзначальвае амерыканскі доктар Вільям Новік. Выратавана 396 хворых на сэрца дзяцей. Сотням малых пацыентаў і іх бацькам дадзены кваліфікаваныя кансультацыі. 

Дзяржаўным падыходам да справы вызначаецца наша маштабная праграма “Цёплы дом”. За апошнія сем гадоў з дапамогай замежных дабрачынных інвестараў сумесна з мясцовымі органамі ўлады мы стварылі 34 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Для іх пабудаваны катэджы, набылі мэблю, бытавую тэхніку. Адной сям’і купілі нават карову, другой — абпальваючую печ для загартоўкі мастацкіх вырабаў з гліны. А самае галоўнае, што ў гэтыя сем’і прынята на выхаванне 376 дзяцей-сірот. А гэта значыць, што ў сем’і ўзяты выхаванцы трох казённых дзетдамоў. Вось уклад Дзіцячага фонду ў дзяржаўную справу! 

Хочацца верыць, што ўдзячныя Дзеці, да лёсу якіх мы дакрануліся сваім добрым сэрцам, ніколі не забудуць людзей, якія верна стаялі і стаяць на абароне іх чалавечых правоў. 

Дзеці — нашы Спадчыннікі, Выратавальнікі і Суддзі. Дапаможам ім сёння. Яны ўславяць нас заўтра. Зробім усё, каб нашы дзеці адчулі сябе Людзьмі. І Бог аддзячыць нас за міласэрнасць! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter