Таварная песня замежнага госця

Чаму ў крамах не знайсці тапарышча айчынных вытворцаў?

Сусед па дачы Васіль пазычыў неяк малаток. І умудрыўся зламаць гэты інструмент. «Не бяда, — супакоіў суседа. — Купіцца новы».

Але навошта выкідваць грошы і купляць цалкам інструмент, калі можна набыць адну драўляную ручку? У будаўнічым супермаркеце ўсялякіх «цацак», якія так патрэбны па гаспадарцы, — безліч. Пасля блукання па зале ўрэшце рэшт знайшоў патрэбную дзеравяшку. Калі ўжо намерыўся крочыць да касы, выпадкова звярнуў увагу на этыкетку, якая была прыклеена на яе: аказваецца, гэты «шэдэўр» чырванадрэўшчыкаў быў зроблены ў Расіі.

У нашай краіне дзве пяцігодкі рэалізоўваліся дзяржаўныя галіновыя і рэгіянальныя праграмы імпартазамяшчэння. За гэты час, як сведчыць Міністэрства эканомікі, згодна з імі завершана больш чым 1200 праектаў, выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму 14 мільярдаў долараў, умоўная эканомія валютных сродкаў склала амаль чатыры мільярды. Лічбы значныя. Але, як бачым, гэта задача цалкам не выканана. Чаму?

Як вынік рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння трэба прывесці такі факт. Да развалу СССР Беларусь вырабляла прыблізна 17 працэнтаў сельгастэхнікі. А сёння прамысловасць задавальняе патрэбу ў ёй больш чым на 90 працэнтаў у коштавым вымярэнні.

Прыкра становіцца ад адной толькі думкі: камбайны рабіць навучыліся, няўжо не ў стане вырабляць усялякую драбязу? У той жа краме ўзяла верх звычайная журналісцкая цікаўнасць, і я вярнуўся назад у аддзел, тым больш успомніў, што трэба купіць яшчэ скрутачак звычайнага пакулля, каб перакрыць цечу з водаправоднага крана. Але патрэбнага тавару самастойна знайсці не ўдалося. Звярнуўся да прадаўшчыцы:

— А дзе тут можна ў вас купіць пакулле?

— Што-што? — перапытала яна.

— Ну, паклю.

— А, паклю-шмаклю, — усміхнулася дзяўчына, успомніўш вядомы мультфільм пра Нязнайку, і паказала патрэбную паліцу. — А ўвогуле, яна ўжо не ў модзе, усе карыстаюцца фум-стужкай.

Падзякаваўшы за параду, знайшоў тое самае пакулле. Вы не паверыце: на пакуначку значылася, што яно выраблена ў Польшчы. Праўда, выглядала гэтае пакулле проста выдатна і адмыслова. Хоць парык на галаву з яе рабі. Дарэчы, і «модная» фум-стужка была завезена таксама з-за межаў краіны. Далей — болей: і звычайныя тапарышчы, сякеры, калуны, рыдлёўкі, граблі, ланцугі, вушныя палачкі, пакецікі для сняданкаў і розныя іншыя зусім простыя і элементарныя рэчы на паліцах крамы, якія, на маю думку, без усялякіх цяжкасцей можна вырабляць у тых жа Пухавічах, былі родам з краін блізкіх і далёкіх. Зразумела, поўнасцю замяніць імпартныя складаныя тэхнічныя прыборы ўласнымі мы пакуль не можам. Хаця прыклады тых жа пыласосаў, пральных машын, мікрахвалевых печак, трымераў і г.д. сведчаць аб тым, што гэта пад сілу нашай прамысловасці. А вось такой драбязой, мабыць, займацца нерэнтабельна. Ці ёсць яшчэ якія абгрунтаваныя прычыны?

Чамусьці замежнікам выгадна дастаўляць і прадаваць нам свае тавары, у адрозненне ад айчынных прамыслоўцаў. Во, загадка для эканамістаў.

...Надоечы сусед Васіль прывёз ажно цэлы прычэп бярозавых дроў у калодках. Добра ведаю, што калуна ў яго няма. Думаю, ці прыйдзе пазычаць? У той жа краме бачыў калун замежнай вытворчасці. Але ж і каштуе добрых грошай: амаль паўмільёна рублёў. Думаю, Васіль мяне зразумее правільна.Такога тапарышча айчынных вытворцаў знайсці немагчыма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter