Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускія суполкі з Іркуцка дапамагаюць вытворцам з Беларусі шукаць у Прыбайкаллі новыя рынкі збыту

Тавар як вестачка з Айчыны

Не толькі дзякуючы прыгожым песням, танцам і дзяўчатам ведаюць Беларусь у свеце. Брэнды “МАЗ”, “БелАЗ”, “Беларус” ды некаторыя іншыя — працуюць на прэстыж краіны. У далёкай Індыі, напрыклад, не чулі пра “Песняроў” ды “Сяброў” — затое трактар “Беларус” там у пашане: з часоў СССР. Калі хто будзе на Гоа, напрыклад, ці ў паўднёвым штаце Керала, дзе зберагліся з даўніх часоў Аюрведычныя традыцыі, загаварыце з мясцовымі пра наш трактар — і вас прызнаюць за сваіх. Праўда, там трактары на мясцовы лад называюць неяк накшталт “механэрыя”, але ж і ў нас не звялося слоўца “механізатар”...

Падабаецца кірмаш Алёне Сіпаковай, якая ўзначальвае беларускую суполку ў Іркуцку 
Фота Алены Грыгор’евай

З Мінска да Іркуцка будзе каля 6000 кіламетраў, і ў Дэлі, калі аўтатранспартам, амаль столькі ж: 6200... А вось жа і ў Прыбайкаллі шукаюць новыя рынкі збыту нашы вытворцы. “Кірмаш-выстава беларускіх тавараў народнага спажывання, арганізаваная кампаніяй “БелВедовица” з Брэста, дабралася й да горада Іркуцка, — напісалі ў рэдакцыю нашы сябры з Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. — З 13 па 22 чэрвеня на плошчы пры Палацы спорту “Труд” сваю прадукцыю прадстаўлялі 14 прадпрыемстваў харчовай прамысловасці ды 6 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці з Беларусі. А крыху раней гэткі ж кірмаш з вялікім поспехам прайшоў у горадзе Брацку”.

Ці падабаецца сібіракам прадукцыя з маркай “Зроблена ў Беларусі”? Так! Вось і тыя, хто ладзіць кірмашы ў Прыбайкаллі, “адзначаюць стабільны і высокі попыт мясцовага насельніцтва на беларускую прадукцыю”. У цане — якасць, натуральнасць. Найбольш запатрабаваны мясны асартымент, а ўвогуле, пішуць супляменнікі, чэргі яны бачылі практычна пры кожнай гандлёвай палатцы. Звяртаюць увагу й на высокі ўзровень арганізацыі кірмашу. Скажам, гандлёвыя рады аформлены з прыгожай беларускай сімволікай, з нацыянальным каларытам і форма адзення ў кампетэнтных, добразычлівых прадаўцоў.

Кірмаш у Іркуцку адкрываўся ўрачыста, з удзелам афіцыйных асоб горада, прадстаўнікоў кампаніі “БелВедовица”, а таксама Віктара Шчацько — дарадцы з Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Краснаярску. Канцэртную праграму зрабілі мясцовыя беларусы: творчы гурт Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы”. Што ж, такая супраца бізнесу, дыпламатаў, актывістаў грамадскіх суполак заслугоўвае вялікай павагі. Гэта — досвед, варты пераймання. Здорава таксама, што пры народзе, у святочнай абстаноўцы ад імя Пасла Беларусі ў Расіі Віктар Шчацько ўручыў падзякі актывістам беларускай грамадскасці Іркуцка — за значны асабісты ўклад у захаванне і пашырэнне беларускай культурнай спадчыны ў Іркуцкай вобласці, умацаванне дружбы паміж народамі Беларусі ды Расіі. Былі адзначаны энтузіясты, некаторых з якіх і нашы чытачы ведаюць: Алег Рудакоў, Алёна Сіпакова, Наталля Барадзейка, Таццяна Гапоненка, Тамара Дзятлава, Уладзімір Кочнеў, Любоў Кулікова, Аляксей Кухта, Людміла Лаўшук, Леанід Лабейка, Ларыса Намаконава, Кацярына Агаркава, Юлія Пермінава, Ганна Радзівонава, Андрэй Рабаў, Рауль Саітгарэеў, Міхаіл Свішчук, Таццяна Сіпакова, Аляксей Церахаў, Аляксандр Федзюковіч.

Спадзяемся, усе актывісты з пералічаных, а таксама іншыя беларусы Іркуцка змаглі знайсці на кірмашы й сабе нешта — да густу. І было б цікава даведацца: што ўвогуле беларускае прадаецца там, сустракаецца на вуліцах, у кватэрах. Бо любы ж тавар, нават цукеркі, абутак, трыкатаж, ужо не кажучы пра трактары, машыны ці аўтобусы, халадзільнікі, ліфты, можна ўспрымаць у замежжы — як вестачку з Айчыны. А на заканчэнне допісу з Іркуцка дзве фразы з клічнікамі ёмка перадаюць атмасферу кірмашу: “Шэсць тысяч кіламетраў! А Беларусь — побач: ветлівая і гасцінная!”

Карысць ад кірмашу, мяркуем, і ў тым, што ён мацуе повязі супляменнікаў з Бацькаўшчынай, зямлёй продкаў. І ў лагістыцы паставак беларускай прадукцыі ў аддаленыя рэгіёны Расіі, у іншыя краіны, пэўна, варта было б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял суполак мясцовых беларусаў, іх дзелавыя, грамадскія сувязі. Можа, нехта гатовы падзяліцца досведам на гэты конт? Пішыце на электронны адрас рэдакцыі.

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter