Таццяна ЯКУШАВА (Беларускае радыё): «Мы i сёння ўжо гучым па ўсёй краiне ў FM-дыяпазоне»

МУЗЫЧНЫЯ праекты на любы густ штодзённа прапануе Беларускае радыё — інфармацыйныя, пазнавальныя, забаўляльныя.

На канале гучыць папулярная, класічная, джазавая, народная музыка… «Мы імкнемся ахапіць практычна ўсе жанры і тэмы, але прыярытэт аддаем нацыянальнай музычнай культуры. Яе гісторыі і сучаснасці прысвечаны асобны праект «Беларуская калекцыя», які выходзіць у эфір кожны дзень з панядзелка па пятніцу. Ярка ў гэтым сезоне заявіла пра сябе «Імправізацыя», дзе адбываюцца сустрэчы з цікавымі музыкантамі і калектывамі ў рэжыме «жывога гуку»… Хутка заканчваецца чарговы вяшчальны сезон, і ўжо сёння падводзім вынікі і думаем пра тое, як і чым можам узбагаціць наш музычны эфір, — распавядае Таццяна ЯКУШАВА, загадчыца аддзела музычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Таццяна ЯКУШАВА— Таццяна, што рыхтуюць супрацоўнікі вашага аддзела да прафесійнага свята?

— Звычайна не рыхтуем штосьці адмысловае. Але прыемна, што слухачы самі падкрэсліваюць значнасць свята, дасылаючы нам шмат віншаванняў і добрых пажаданняў. Мы ўдзячны нашай аўдыторыі за такую ўвагу, бо гэта — і своеасаблівая ацэнка нашай працы, і вялікі стымул для творчага пошуку і ўдасканальвання.

— А ці будуць нейкія спецвыпускі да 9 Мая?

— Для нас 9 Мая — заўсёды асаблівы дзень. Святочны эфір напоўнім адпаведнымі перадачамі і музыкай. На працягу дня будуць гучаць лепшыя песні ваенных гадоў і тыя, што напісаны пазней, але прысвечаны гэтай хвалюючай тэме. Таксама ў эфір выйдуць спецыяльныя выпускі перадач «Рэтра», «Сустрэчы з песняй», падрыхтаваныя па пісьмах слухачоў. Больш працяглымі па часе, чым ў звычайныя дні, будуць і віншавальныя перадачы «Армейская пошта» і «Вітаем, віншуем, жадаем». Словам, святочная тэма чырвоным радком пройдзе праз увесь эфірны дзень.

— Таццяна, калі радыё прыйшло ў ваша жыццё?

— У раннім дзяцінстве. У нас дома была радыёла, слухалі не толькі любімыя пласцінкі, але і самыя розныя каналы, найперш, Беларускае радыё, радыёстанцыі «Маяк», «Юнацтва». У той час радыё адрознівалася ад тэлебачання большай разнастайнасцю, мабільнасцю. Яно прапаноўвала шырокую палітру самых розных тэм, у тым ліку і музычных. А паколькі набыць пласцінкі з запісамі любімых выканаўцаў не заўсёды ўдавалася, то радыё кампенсавала гэты недахоп. Яно давала магчымасць паслухаць усё, што заўгодна: і класіку, і эстраду, знаёміла з рознымі накірункамі, цікавымі асобамі. З задавальненнем успамінаю адну з маіх любімых перадач — «Моладзі пра музычнае мастацтва». Яна не толькі была цікавай, пазнавальнай, але і ўплывала на выхаванне густу. Тады і марыць не магла, што калі-небудзь з аўтарам гэтай перадачы Ірынай Мільто стану працаваць у адным рэдакцыйным кабінеце…

— А як трапілі на радыё? Памятаеце свой першы эфір?

— На радыё трапіла выпадкова. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі спачатку працавала выкладчыкам у Маладзечненскім музычным вучылішчы, потым — у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Але педагагічная кар’ера была нядоўгай. Неўзабаве адзін з маіх знаёмых, кампазітар Дзмітрый Далгалёў, у той час — музычны рэдактар на радыё, прапанаваў мне таксама паспрабаваць сябе ў гэтай якасці. І ўжо ў маі 1996 года ў эфір выйшаў мой першы аўтарскі праект «Зоркі сусветнай оперы». Затым былі «Песня для вас», «Эстрадная студыя», «Вячэрняя рапсодыя» і іншыя.

— Ці слухаюць вашыя праекты родныя? Якія даюць парады?

— Калі пачынала сваю дзейнасць на радыё, маім галоўным крытыкам была матуля. Яна больш за сорак гадоў адпрацавала ў школе, выкладала рускую мову і літаратуру. Маці ганарылася, што я працую на радыё, радавалася за мяне, уважліва сачыла за зместам перадач, правільнасцю вымаўлення, стылем. Яна, дарэчы, і выхавала ў мяне любоў да радыё.

А нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна, недалёка ад мястэчка Гальшаны, знакамітага сваёй гісторыяй і паданнямі...

— Таццяна, якія апошнія камандзіроўкі ў рэгіёны найбольш запомніліся?

— Нядаўна атрымала сапраўдную асалоду ад наведвання фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які гэтай вясной чарговы раз прайшоў у старажытным Полацку ў канцэртнай зале Сафійскага сабора. Прыемна, што канцэрт музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі выклікаў жывую цікавасць публікі. Гэта сведчыць пра тое, што не толькі ў сталіцы ўважліва ставяцца да даволі складаных акадэмічных жанраў. Прыемныя ўражанні ў мяне заўсёды пакідаюць і атмасфера, і падзеі нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, і «Славянскага базару ў Віцебску»…

— Як вы лічыце, ці можна звязаць паняцці «вёска» і «радыё»?

— Сёлета 119 гадоў, як вынайдзена радыё. І ўвесь гэты час яно працуе для ўсіх людзей, незалежна ад месца жыхарства. Але ж ведаю, што, напрыклад, Беларускае радыё найбольш папулярнае ў вясковых жыхароў. Магчыма, гэта можна патлумачыць вернасцю традыцыям, мовай вяшчання, разнастайнасцю эфіру, тым, што ў нас ёсць спецыяльныя перадачы для працаўнікоў вёскі (тая ж «Сельская раніца»), пастаянна гучаць навіны рэгіёнаў.  А  яшчэ  вялікае  адрозненне і перавага радыё перад іншымі сродкамі масавай інфармацыі ў тым, што яго можна слухаць, паралельна займаючыся якой-небудзь справай. Так што ў пэўным сэнсе паняцці «вёска» і «радыё» ўзаемазвязаныя. Спадзяюся, што так будзе заўсёды.

— Што вы думаеце аб развіцці культуры ў глыбінцы? З якімі праблемамі там сутыкаюцца?

— Безумоўна, у вяскоўцаў і насельнікаў невялікіх гарадоў менш магчымасцей спрычыніцца да культуры, у шырокім сэнсе слова, чым, напрыклад, у жыхароў сталіцы. Безумоўна, у сёлах людзі жывуць не толькі працай, яны таксама цікавяцца тэатральнымі і кінапрэм’ерамі, канцэртамі, але ж не кожны мае магчымасць іх наведваць. Таму ў кожным горадзе, мястэчку асабліва важна развіваць дзейнасць уласных устаноў культуры, запрашаць жыхароў у разнастайныя гурткі, самадзейныя музычныя, тэатральныя, харэаграфічныя калектывы, спрыяць таму, каб людзі самі стваралі культурнае асяроддзе. Выдатны прыклад такой зладжанай і зацікаўленай работы ўбачыла ў Глыбокім, Пружанах, Клічаве, Нясвіжы. Безумоўна, на развіццё культуры ў глыбінцы значна ўплываюць і разнастайныя фестывалі. Варта прыгадаць «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Ружанская брама», «Гальшанскі замак», музычныя святы, што ладзіць у невялікіх гарадах краіны Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Праўда, вандруючы перыядычна па Беларусі, я заўважыла адну не вельмі прыемную акалічнасць. Публіка не надта ахвотна ідзе на канцэрты беларускіх артыстаў, але раскупляе квіткі на выступленні замежных зорак, хаця яны і каштуюць значна даражэй, і якасць некаторых канцэртаў пакідае жадаць лепшага. На жаль, многія памыляюцца ў тым, што не наша — лепшае…

— Таццяна, якія праекты далі і даюць пуцёўку ў жыццё маладым талентам з глыбінкі?

— Вядома, у наш час маладым таленавітым людзям значна прасцей заявіць пра сябе, чым яшчэ некалькі гадоў таму. І ў гэтым ёсць наша заслуга. За чатыры гады існавання радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» ў ім прынялі ўдзел больш за сямісот выканаўцаў з розных куткоў краіны — навучэнцы музычных школ, студэнты сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, выхаванцы разнастайных эстрадных студый. Безумоўна, пачынаць якую-небудзь справу заўсёды няпроста. Спачатку мы самі праяўлялі ініцыятыву, тэлефанавалі ў розныя навучальныя ўстановы, звязваліся з кіраўнікамі музычных студый, расказвалі пра праект і запрашалі да ўдзелу. Сёння пра нас ужо ведаюць і цікавяцца, калі пачнецца прыём заявак на наступны конкурс.

Хачу звярнуць увагу на дэмакратычнасць і адкрытасць праекта, бо не толькі лаўрэаты, але і ўсе ўдзельнікі маюць магчымасць заявіць пра сябе ў радыёэфіры. Варта падкрэсліць і нацыянальны акцэнт. Абавязковая ўмова конкурсу — выкананне беларускамоўнай песні ў намінацыі «Эстрадны вакал» і твора беларускага кампазітара ў намінацыі «Інструментальная музыка». Пасля завяршэння чарговага праекта мы працягваем сачыць за далейшымі поспехамі нашых лаўрэатаў і дыпламантаў, запрашаем іх на інтэрв’ю, распавядаем пра новыя дасягненні. Дарэчы, некаторыя лаўрэаты нашага радыёконкурсу пацвердзілі сваё высокае званне іншымі перамогамі. Напрыклад, Алена Ланская. Сярод нашых першых лаўрэатаў скрыпачка Улада Беражная, якая зараз працягвае навучанне ў Акадэміі музыкі ў Кёльне, а таксама спявак Уладзімір Дзмітрук, на сённяшні дзень — саліст Акадэміі Пласіда Дамінга пры Лос-Анжэлескай оперы. Зараз мы рыхтуемся да правядзення чацвертага рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» і запрашаем прыняць удзел у ім, у тым ліку і творчую моладзь, якая чытае вашу газету.

— Дарэчы, які след пакінула Беларускае радыё ў жыцці вядомых музычных выканаўцаў?

— Мне здаецца, лёсы многіх вядомых выканаўцаў, асабліва эстрадных, цесна звязаны з Беларускім радыё. Больш за тое, яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму мы былі ледзьве не асноўным сродкам папулярызацыі іх творчасці. Напрыклад, у 60-я гады менавіта дзякуючы радыё ярка загучала імя цяпер ужо легенды беларускай эстрады, заслужанай артысткі Беларусі Тамары Раеўскай. У канцы 80-х пачынала свой творчы шлях Іна Афанасьева, запісы якой таксама актыўна гучалі ў нашым эфіры, у 90-я ў тым ліку і Беларускае радыё адкрыла для многіх слухачоў імя Ірыны Дарафеевай. Увогуле, практычна ўсе артысты айчыннай эстрады пастаянныя ўдзельнікі нашых перадач. Дзякуючы радыё многія прыгожыя беларускія песні атрымалі шчаслівае жыццё. Гэта творы Ісаака Любана, Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага і многіх іншых выдатных кампазітараў. Зараз гэтыя песні называюць залатой калекцыяй беларускай эстрады.

— Як даўно радуе праект «Вітаем, віншуем, жадаем»?

— Віншавальныя перадачы заўсёды існавалі на Беларускім радыё і былі асабліва запатрабаванымі ў нашай аўдыторыі. А папулярнасць праекта «Вітаем, віншуем, жадаем» прымусіла зрабіць яго штодзённым. Ад гэтага, дарэчы, колькасць заявак не паменшылася а, хутчэй, наадварот. Публіка добра ведае вядучых віншавальных праграм, асабліва Віктара Шулешку, Святлану Мятлеву, якія даволі даўно працуюць у эфіры...

— А чым унікальны праект «Галасы стагоддзяў»?

— Ён прысвечаны аўтэнтычнаму фальклору. Героі перадач — жыхары беларускай глыбінкі, якія захоўваюць старадаўнія музычныя традыцыі, зберагаюць іх для нашчадкаў. У праграме выкарыстоўваюцца музычныя запісы, зробленыя падчас вандровак па розных кутках краіны творчым калектывам праекта пад кіраўніцтвам аўтара Таццяны Песнякевіч.

— Як знаходзіце герояў праграмы «Этнафорум», «Іграй, душа»?

— Няма складанасцей у тым, каб знайсці герояў для таго ці іншага праекта. Неабходна проста цікавіцца рознымі тэмамі і ведаць, што адбываецца ў той ці іншай галіне музыкі, наогул мастацтва.

— На вашу думку, ці значна зменшыцца лік прыхільнікаў Беларускага радыё ў вёсцы, калі будуць адключаць правадное радыё?

— Мы ведаем, што многіх людзей у глыбінцы хвалюе гэтае пытанне. Безумоўна, адключэнне праваднога радыё паўплывае на колькасць нашай аўдыторыі. Верагодна, яе стане крыху меней. Але сітуацыю з правадным радыё трэба разглядаць як адкрыццё новых магчымасцей. Больш за тое, мы гучым па ўсёй краіне ў FM-дыяпазоне, і я не бачу ніякай праблемы ў тым, дзе і на якіх хвалях нас слухаць. Веру, што нашы самыя адданыя прыхільнікі застануцца разам з намі.

— Таццяна, дзякуй за цікавую размову! Усяго вам найлепшага і творчых поспехаў!

Пытанні задавала «тэлерадыёгід» «СГ» Вера ГНІЛАЗУБ
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter