Таццяна МАРХЕЛЬ: Жыву, каб працаваць.

Народная артыстка Беларусі — пра два бурачкі і моркву, нелюбоў да прамых ліній і несыграную ролю ў кіно.

Таццяна Рыгораўна ў жыцці такая ж, як і на сцэне, — прыгожая, шчырая, мудрая, а яшчэ вясёлая. Калі яна смяецца, голасна, залівіста, складана не засмяяцца самому. Галерэя жаночых вобразаў, створаных Таццянай Мархель у кіно і тэатры, увайшла ў залаты фонд беларускага кінематографа і тэатральнага мастацтва. І ўсё дзякуючы яе пранікненню ў сутнасць нацыянальнага характару, мілагучнай мове, таленавітаму выкананню старадаўніх беларускіх песень, якія яна пераняла ад мамы. Каля дваццаці роляў у кіно і амаль пяцьдзясят тэатральных зрабілі Мархель любімай актрысай людзей розных пакаленняў. Не так даўно даўняя сяброўка “Народнай газеты” атрымала ганаровае званне народнай артысткі Беларусі. З віншаваннямі і просьбай расказаць пра самыя запамінальныя моманты ў жыцці карэспандэнт “НГ” накіравалася на сустрэчу з Таццянай Рыгораўнай у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, дзе яна і працуе.

На століку ў адной з грымёрак актрыса разгортвае свой фотаальбом. На першай старонцы — фотаздымак яе мамы...
— Гэта мамачка мая, Вера Кірылаўна, — расказвае Таццяна Рыгораўна. — Адну з маіх дачок, а ў мяне двайняты, назвала ў яе гонар, а другую — у гонар маёй свякроўкі, Маняй.

— Якія рысы характару вы ўзялі ад мамы?

— Цяпер, калі я больш іграю жанчын сталага ўзросту, мамін вобраз мне вельмі дапамагае ў раскрыцці ролі. Пераймаю яе манеру размаўляць, жартаваць, рухацца. Калі суседзі ў нашай вёсцы Шпакоўшчына ў Смалявіцкім раёне, адкуль я родам, паглядзяць кіно і сустрэнуць мяне, кажуць: “Ой, ну дакладна Кірылаўна”. Мама была вельмі таленавітай. Спявала вельмі прыгожа. Як яна змагла нас выгадаваць у страшныя часы вайны? Немцы два разы палілі нашу вёску, мы ў балоце ратаваліся. Пасля вайны мама з траімі дзецьмі засталася. Бацька загінуў пад Кёнігсбергам.

— Быць адданай працы таксама яна вас навучыла?

— Так. Я з гадоў шасці пастушком была. Памятаю, як не хацелася ўставаць у пяць раніцы, каб кароў гнаць у поле. Затое як прыемна было ўвечары, калі ўжо ішлі дахаты. Пыл такі падымаецца, і яны: “Му-у-у”. Сонца садзіцца і... цішыня. Мама ў калгас хадзіла на працу і нічога за сваю працу не атрымлівала: ні капейкі, ні зярняці. Прыходзілася разлічваць толькі на свае сілы, вельмі шмат бульбы саджалі, а потым яе баранавалі, абганялі... Трымала карову, коней даглядала. Ад зары да зары. Многіх з нашай радні раскулачылі, выслалі ў Сібір, а мама засталася, бо якраз замуж выйшла. Ведаеце, раскулачаныя беларусы нават там расчышчалі лес, разводзілі гаспадарку, а іх раскулачвалі другі раз. Вось дзе неўтаймаваная прага працы! (шчыра смяецца. — Аўт.) Гэты факт мне расказалі падчас гастроляў у Іркуцку, дзе мы сустракаліся з прадстаўніком беларускай суполкі.

— Што помніцца са школьнай пары? Вам цікава было вучыцца?

— Так, вучылася з захапленнем. Вельмі любіла ўрокі рускай, беларускай літаратуры. А з матэматыкай было складана. Зусім не падабалася чарціць. Прамыя лініі і зараз не вельмі люблю. Мікалай Васілевіч — мой першы настаўнік, пазней ён стаў завучам. Хадзілі ў школу за тры кіламетры. І ў сцюжу, і ў мароз. А ўвосень, ідучы, правальваліся ў гразь амаль па горла. Мокрыя на занятках сядзелі. Потым да нас прыехала настаўніца рускай мовы з гітарай. Прыгожая-прыгожая. І спявала, памятаю, песню: “Мой Данбас, мой Данбас, свяці, мой любімы Данбас...” Што за песня была!.. Мне тады таксама захацелася навучыцца іграць на гітары, але нічога не атрымалася.

— А ў самадзейнасці прымалі ўдзел?

— Абавязкова. Выступалі ў сельскім клубе. Асабліва  акцёрскія здольнасці можна было праявіць у час вясковых вяселляў. На трэці дзень кагосьці з гасцей пераапраналі ў бабу і дзеда. Гэта была імправізацыя, сапраўдны тэатр. Мая мама таксама ўдзельнічала ў ім. Калі мужыка якога іграла, прывязвала на шыю два бурачкі і моркву, вельмі цікава атрымлівалася. Калі цяпер мы рыхтавалі “Вяселле ў Францыі”, дзе я іграла сваху, свату таксама падвязала два бурачкі і моркву. Гэта ўсё з нашага народнага гумару.

— Гляджу на сябе маладую і думаю: калі паспела “спрахнуць” жыццё? А гэта мае дзяўчаты Вера і Маня. Шыпіляты, вельмі падобныя на свайго бацьку Яўгена Шыпілу (на здымку). А зараз у мяне нарадзіўся ўнук Рыгорка, і радня зяця гаворыць: “Як ён падобны да нашага дзеда”. А мы з дачкой думаем, што ён — копія нашага бацькі. Але маўчым, няхай ім будзе прыемна.

— Складана вам было ў свой час двайнят гадаваць?

— Вельмі. Не веру, што гэта ўсё было са мной. Праз два месяцы пасля нараджэння дзяўчынак вярнулася на сцэну тэатра.  Да 50-гадовага юбілею тэатра рыхтаваўся спектакль па творы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Валерый Мазынскі сказаў: “Таня, кідай свае гаршкі, выходзь на сцэну”. Наймалі нянек на тры гадзіны, на дзве, бегла на рэпетыцыю, а пасля спяшалася дадому. Самае цікавае: раней жа не было ўльтрагукавога даследавання. Я насіла двойню і не здагадвалася пра гэта. Ад такога сюрпрызу, канечне, муж быў у шоку. Ды і ў тэатры ўсе ахнулі.

— У выхаванні дзяцей што было самым галоўным?

— Накарміць, апрануць. Калі вучыліся ў школе, пайшлі ў гурток па пашыву адзення і дзякуючы гэтаму былі добра апранутыя. Яшчэ і бабулі куртку пашылі. Дзяўчаты мае да ўсяго здатныя. Нават да сантэхнікі. Вера зараз у Маскву выйшла замуж. І кран можа парамантаваць, і каўбасу пальцам пханую зрабіць. Там радня не нарадуецца, што з беларускай ажанілі сына свайго!

— А гэта пробы на ролю Сцепаніды ў фільме “Знак бяды” па рамане Васіля Быкава. Во як я тут пахудзела! Узяла маміны ўсе рэчы: і свэдар, і хустку. Мяне запэўнілі, што праходжу на гэту ролю. А потым аказалася, што выбралі маскоўскую актрысу Ніну Русланаву. Сказалі, што ў мяне не славянскі выраз твару. Столькі плакала тады! Было адчуванне, быццам страціла вельмі блізкага чалавека.

— Часта наведваецеся ў бацькоўскую хату?

— Часта. Люблю сваю родную вёску. Цяпер там у трох кіламетрах здымачная пляцоўка “Беларусьфільма”, “Смалявуд”, як кажуць у акцёрскім асяродку. Успамінаю, як мы рыхтаваліся да Вялікадня. Па-першае, патрэбна было ўсё вымыць, нават столь. А яна ж непафарбаваная. Дзеркачом шаруеш, а вада цячэ на цябе зверху. Усе посцілкі выбіваліся ля рэчкі пранікам. Абклейвалася ўся хата, фарбавалася падлога. Есці і жывёле, і сабе варылі наперад, таму што ў першы дзень Вялікадня нічога нельга было рабіць. Мама хадзіла ў Косіна ў царкву, брала мяне, маленькую, з сабою. Пасля мама клала свянцонае яечка ў міску з вадой, і мы, дзеці, мыліся гэтай вадой. А потым разгаўляліся, абувалі чаравічкі і хадзілі да сваіх хросных па яйкі. Такі ўклад трымаў вёску ў той час.

— Што галоўнае ў акцёрскай прафесіі?

— Зразумець чалавека, якога ты будзеш іграць. Цяпер, калі дзеці выраслі, я — свабодная і жыву для таго, каб працаваць. Думаю, калі б не працавала ў тэатры, сагнулася б даўно. Пасля спектакля адчуваеш такую лёгкасць і цяпло! Мы аддаём многа энергіі гледачам, але і шмат яе атрымліваем з залы.— Якімі словамі кіруецеся па жыцці?

— “Ойча наш...” Адзін раз чытаеш, другі, і неяк лягчэй на душы становіцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter