Таццяна Мархель: “Важна жыць у чыстым свеце”

Фільм “Яе звалі Каліна” японскі рэжысёр Акiесi Імадзэкi здымаў у Беларусі. І галоўную ролю ў ім выконвае беларуская актрыса.
Сцэна з монаспектакля “Вячэра”Фільм “Яе звалі Каліна” японскі рэжысёр Акiесi Імадзэкi здымаў у Беларусі. І галоўную ролю ў ім выконвае беларуская актрыса.

Аб тым, пра што гэты фільм, мы гутарым з актрысай Тэатра беларускай драматургіі, заслужанай артысткай Беларусі Таццянай Мархель:

— Таццяна Рыгораўна, як атрымалася, што вы сталi здымацца ў фiльме японскага рэжысёра?

— Аднойчы да нас у тэатр прыйшлi японскiя кiнематаграфiсты — пяць чалавек, і рэжысёр Імадзэкi таксама быў сярод iх. Яны расказалi, што хацелi б зняць фiльм тут, у Беларусi, запрасiлi нас на праслухоўванне. Але гэта цяжка назваць праслухоўваннем. Хутчэй, знаёмства. Пасля я прынесла дыск са сваiмi песнямi. Яны спадабалiся, i мяне зацвердзiлi на галоўную ролю.

— Беларускiя гледачы пакуль не мелi магчымасцi паглядзець фiльм на тэлеэкранах. Пра што ён?

— Жанчына, ролю якой я выконваю, жыве ў прычарнобыльскiм рэгiёне, у Хойнiцкiм раёне. Да яе прыязджае з горада ўнучка, яна хоча жыць разам з бабуляй i не разумее, чаму ёй гэтага не дазваляюць. Фiльм i заканчваецца тым, што дзяўчынка ўсё ж едзе з Мiнска жыць да бабулi. Мабыць, там яна лепш адчувае натуральнасць жыцця, бясхiтраснасць — аснову нашага быцця, якая знiкае. Я кажу ёй у фiльме: «Ты не павiнна тут жыць, ты павiнна ехаць», а яна адказвае: «А ты ж жывеш...» Самая галоўная думка фiльма: чалавек не можа быць адарваным ад сваёй зямлi, ад родных, ад продкаў. Дзiця, яшчэ чыстае душой, разумее, як важна жыць у маральна чыстым, незабруджаным свеце, асэнсоўвае наступствы Чарнобыля. Японцы ж таксама перажываюць боль пасля выпрабаванняў ядзерных бомбаў на гарадах Хiрасiма i Нагасакi. Менавiта яны, як нiхто іншы, разумеюць нашу бяду.

— Здаецца, сюжэт фільма пераклікаецца з сюжэтам спектакля “Чарнобыльская малітва” па аповесці Святланы Алексіевіч, у якім вы выконваеце ролю Жанчыны?

— Так. Людзі не павінны забываць пра гэтую трагедыю. Паставіў спектакль французскі рэжысёр Бруно Бусаголь з горада Клермон-Феран. У фінале ў мяне ёсць маналог жанчыны, якая сем гадоў жыве адна ў адселенай вёсцы. Гэта так страшна: лёс чарнобыльскай вёскі, яе жыхароў, лёс маёй гераіні… Але я іграю светла, без надрыву. Напрыклад, у заключнай сцэне расказваю, як тут хораша, як прыгожа… Коцік памёр, а яна знайшла другога — усё ж жывая душа, разам весялей. Яна радуецца таму жыццю, якое ёсць. Каб яна па-іншаму адчувала трагедыю свайго становішча, то даўно памерла б. Жыве таму, што ёй тут хораша, радасна на роднай зямлі. I птушкі спяваюць, і ўсё навокал квітнее… Песню “Ляцела зязюля каля маёй хаты”, якую я спяваю там, пачула ўпершыню ад жанчын з Лельчыцкага раёна, калі вяла тэлеперадачу “Запрашаем на вячоркі”. I вось гучыць песня ў спектаклі, а разам з ёю і галасы тых, хто ляжыць ужо на могілках, як голас зямлі. Я трымаюся да апошняга, не плачу, вельмі светла ўвасабляю гэты вобраз, але мне так страшна… Часта думаю: а ці маем мы права і ці так паказваем тое, што адбылося пасля чарнобыльскай аварыі на нашай зямлі? Хацелася б пачуць водгукі тых, хто пацярпеў і жыве.

— Цi праўда, што японцам прыйшлося перапiс-ваць сцэнарый пасля таго, як яны пазнаёмiлiся з нашай краiнай, пагутарылi з людзьмi?

— Так. Першы варыянт быў напiсаны ў Японii, а там, вядома ж, людзi мала ведаюць пра Беларусь. Таму многа было напiсана ненатуральна. Перад тым, як пачаць здымаць, яны ездзiлi ў Чарнобыль, бачылi рэактар, пабывалi ў вёсках: i ў пакiнутых, i ў тых, дзе засталiся жыхары. У iх цалкам змянiлася ўяўленне пра краіну. Увогуле японцы былi ў захапленнi ад нашай прыроды, ад людзей, з якiмi мелi зносiны.

— Як працавалася з японскай кінагрупай?

— Раней я цiкавiлася ўсходняй фiласофiяй, таму крыху ведала менталітэт гэтых людзей. Працу японскай кiнагрупы можна параўнаць з песняй: усё цiха, дакладна, без лiшнiх рухаў. Не дазвалялi асабiстым праблемам умешвацца ў кінапрацэс, вельмi ўважлiва ставiлiся да акцёраў. Працавалася з iмi лёгка.

— Чаму гэтую стужку ўбачылі толькі японскія гледачы?

— Вядома, японская і беларуская тэлеаўдыторыі — розныя. Нам патрэбны рухі, дыялогі. Фільм “Яе звалі Каліна” здымалі спецыяльна для Японіі — у ім амаль няма слоў. Японцы надзвычай сузiральныя, вялiкую ўвагу звяртаюць на гукi, прыроду. Запомнiлася, як яны здымалi трэск дроў у грубцы пры святле месяца. Менавiта ў сузіранні прыроды яны знаходзяць асалоду.

І на самой справе, калi заўважаеш прыгажосць, калi яна яшчэ натуральная, а не штучна створаная, — адчуваеш спакой, з’яўляюцца сiлы. І, галоўнае, здымаецца пласт смецця з сэрца i душы, у думках адкрываюцца iншыя, унутраныя краявiды. Пачынаеш разумець: для чаго жыве чалавек, што важна i неабходна на гэтай зямлi.

— Таццяна Рыгораўна, як вы адчуваеце: цi рэалiзавалi сябе ў гэтым фiльме?

— Тэмы пакiнутасцi, а таксама ўшанавання традыцый i павагі да свайго мiнулага, якія ўзняў Акiесi Імадзэкi ў сваiм фiльме — гэта мае тэмы. Я сыграла вясковую жанчыну. Але зусiм не простую ў псiхалагiчным плане. Нiколi не пагаджуся, што ў такiх людзей няма душэўнай тонкасцi. Пра iх часам пiшуць прымiтыўна, бо не ведаюць іх, не разумеюць. Я шмат сыграла такiх вось простых жанчын (увогуле каля 30 роляў у кiно), але кожная з iх асаблiвая. Добра, што хоць некаторыя сцэнарысты цяпер цiкавяцца сапраўдным жыццём. Сёння, на жаль, героямi ў кiно часцей становяцца забойцы і насiльнiкi. Змясцiлiся акцэнты маралi, i людзям быццам бы і нецiкава расказваць пра тых, хто не манiць i не забiвае. Але гэта не так! А каб зацiкавiцца жыццём чалавека, трэба даведацца пра яго. Я шчаслівая, што працавала з японскімі кінематаграфістамі, думаю, што фільм атрымаўся. Спа-дзяюся, гледачы ў далёкай краіне будуць думаць, радавацца і гараваць разам з маёй гераіняй, яшчэ больш палюбяць жыццё і зямлю, што дадзена лёсам.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter