Татава праўда

Гэта яна вучыла мяне людскасцi, а недахопаў я ўжо набраўся сам

Гэта яна вучыла мяне людскасцi, а недахопаў я ўжо набраўся сам

Вядома ж, што як бы чалавек нi ўладкаваўся ў жыццi, а ўсё роўна цягне ў мясцiны, дзе прайшло маленства. Дзе цябе некалi песцiлi i дапамагалi моцныя татавы рукi, дзе мамiна ласка i пяшчота запаўняла сэрца ўпэўненасцю ў сваiх сiлах i здольнасцях…

Калi падумаць, то бацькоўскiя мудрасць i апека не аднойчы дапамагалi ў жыццi. Нават часам нягледзячы на нейкi ўнутраны пратэст, супрацiўленне спазнанню «татавай праўды». Бо вельмi ж ужо гэтыя бацькоўскiя словы былi неаднойчы гавораныя i такiя... цяжка выканальныя.

Рабiць дабро i жыць у згодзе з роднымi, блiзкiмi i ўсiмi iншымi людзьмi ўсё жыццё вучыў i мяне мой бацька. Нават i тады, калi я сам стаў татам, ён зноў i зноў напамiнаў гэтыя простыя бiблейскiя запаведзi: любi блiжняга, як самога сябе; паважай жонку i дзетак; не гавары брыдкiх слоў на iншых...

Прызнаюся: гэта «бацькава праўда» часам нават раздражняла, шматразовы яе паўтор iншы раз цяжыўся слухаць. Здавалася, што ён можа, гэты спрацаваны чалавек з адукацыяй у некалькi класаў, разбаўленых вайной, сказаць новага, адметнага мне, выпускнiку двух вышэйшых навучальных устаноў? Вядома ж, лiчыў сябе разумнейшым. Бо важкi аргумент i для ўдзячнасцi добраму чалавеку, i для стрымання хама нiколi не меў патрэбы насiць у кiшэнi – iмгненна знаходзiўся па сiтуацыi.

I толькi страцiўшы бацьку, пашкадаваў, што часам быў залiшне стрыманым у адносiнах да самага дарагога чалавека, саромеўся iншым разам сказаць, што шчыра люблю яго такiм, якi ён ёсць. Што гэта бацька i мацi навучылi мяне людскасцi, а недахопаў я ўжо сам «нахапаўся», пабыўшы ў свеце.

Бацька, ужо нават калi быў прызнаны медыцынскай камiсiяй iнвалiдам другой групы, усё роўна стараўся зрабiць нешта добрае на гэтым свеце для дзяцей, унукаў, iншых людзей. У сваю апошнюю вясну адважыўся паехаць з мацi ў Вiшнева, што ў Валожынскiм раёне, каб пасадзiць там дрэўца – маладую вiшаньку, на высокiм узгорку, дзе пабудаваны цудоўны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыi. Па iснуючаму паданню, у гэтым цудоўным месцы ў вiшнёвым садзе некалi з’явiлася Мацi Божая. Таму i мястэчка, кажуць, назвалi Вiшневам, а на тым месцы пабудавалi храм.

Навукоўцы сцвярджаюць: ёсць звесткi, што ўжо ў пятнаццатым стагоддзi ў Вiшневе быў пабудаваны прыгожы драўляны касцёл. Каменны будынак паставiлi пазней, у 1641 годзе. Зрабiў гэта адзiн з уладальнiкаў мястэчка – Юрый Храптовiч. Яшчэ пазней, у 1771 годзе, да касцёла дабудавалi дзве бакавыя каплiцы i зрабiлi дэкаратыўнае афармленне. заўважце, як нi лiчы, а ў наступным 2011 годзе будзе юбiлей. Кажуць, што арнаментальны роспiс храма зрабiў сусветна вядомы мастак Фердынанд Рушчыц, якi пражываў i пахаваны побач у Багданаве. I сёння мясцовыя людзi ганарацца тым, што нават у часы дзвюх сусветных войнаў, жорсткага атэiзму маглi амаль бесперашкодна прасiць Бога аб сваiх самых патаемных марах i жаданнях.

Цi не найбольшы ўрон касцёл атрымаў ад духоўнага апусташэння людзей ў двадцатым стагоддзi. Знайшлiся i такiя вандалы, што да святой крынiчкi прыганялi пасвiць кароў, як бы капытамi жывёл спрабуючы забiць яе жывучы i гаючы дар.

Не ўдалося. Уладзiслаў Завальнюк, пробашч касцёла святых Сымона i Алены ў Мiнску, прыйшоў на дапамогу. Дзякуючы яго намаганням, хочацца верыць, i цудадзейная крынiчка, i вiшнёвы сад атрымалi другое жыццё.

Сёння гэта адно з найцiкавейшых i, мяркую, што з найпрыгажэйшых месцаў для турыстаў. Тут малiлiся за зямное шчасце i дабрабыт мясцовых вернiкаў шмат цiкавых i вядомых людзей. Адным з апошнiх, напрыклад, праводзiў службу святар Уладзiслаў Чарняўскi – першы перакладчык Бiблii на беларускую мову. Яшчэ ў васьмiдзесятыя гады ён спецыяльна ездзiў у Рым да Папы, каб атрымаць яго благаслаўленне на гэтую складаную працу. Ён жа быў адным з першых святароў у Беларусi, якi пачаў праводзiць службу на роднай мове. Ведаю, што не ўсе людзi, асаблiва сталага ўзросту, аднолькава дабразычлiва ставiлiся да яго новаўвядзенняў. Але ж Уладзiслаў Чарняўскi адкрыў не аднаму маладому сэрцу дарогу да Бога. Як роднаму бацьку за гэта вельмi ўдзячны яму многiя, у тым лiку i я...

Шкадую, што толькi з гадамi зразумеў, «у чым мая сiла». Не, не ў колькасцi грошай у кашальку, не ў грамадскiм становiшчы, якiм бы высокiм яно не было... Сiла чалавека ў яго веры! Зараз я добра разумею, што падштурхнула майго знямоглага бацьку пасадзiць сваю вiшаньку на ўзгорку каля касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыi. Кожную вясну яна будзе радаваць прыхажан у час цвiцення, летам у спёку дасць цень, а восенню адорыць смачнымi ягадамi. Паслужыць людзям на доўгiя гады – так хацеў мой тата!

...З вераю i надзвычайным пачуццём радасцi кожны год збiраемся сям’ёй каля святочнага стала ў час Божага нараджэння i ўспамiнаем родных, блiзкiх, вучым дзяцей «бацькавай праўдзе», цярпенню i стрыманасцi. Упершыню ў гэтым годзе не будзе за сталом майго таты. Ён пакiнуў гэты свет, але у гэтую незвычайную святую ноч будзе побач, бо мы памятаем i любiм яго.

...Сустрэў нядаўна на вулiцы ўсю ў слязах хросную мацi Казю. Расказала, што любiмы ўнук кiнуў вучобу i з трэцяга курса ўнiверсiтэта падаўся вычыцца ў духоўную семiнарыю. «Што ж нам рабiць?» – запытала яна.

— Радуйся, — адказваю, — што Бог выбраў сабе найдастойнейшага слугу з твайго роду. Будзе каму памалiцца i добрае слова ў час суда нябеснага сказаць i за нас!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter