Музыка Цоя, увертюры Россини, слова Камю - чем будет удивлять Международный фестиваль современной хореографии в Витебске

Танцы — у плюс

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) сёлета пройдзе ў трыццаць першы раз. 

Віцебск прымае фестываль у 31-ы раз.
Фота БЕЛТА

Галоўная навіна фестывалю ў тым, што ён пашырае свае межы. Па-першае, у гэтым годзе ён пройдзе не толькі ў Віцебску і Мінску, але таксама і ў Гомелі. Па-другое, на конкурс упершыню прыедзе прадстаўнік Кубы. Таксама чакаюць удзельнікаў з Расіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Кітая і іншых краін. Наогул, Міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі сёлета абяцае быць вельмі прадстаўнічым. Намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская заўважае: калі сярод удзельнікаў ёсць кітайцы, то гэта ўжо дастаткова высокі ўзровень. Прадстаўнікі гэтай краіны часцей за іншых атрымлівалі Гран-пры IFMC.

Дарэчы, у гэтым годзе свае заяўкі падалі 63 прэтэндэнты з розных краін. Але ў фінал выйшлі толькі 36 калектываў. Лепшага вызначыць прафесійнае журы на чале з вядомым харэографам Раду Паклітару. Пераможца атрымае больш за пяць тысяч долараў. Добрыя ўзнагароджанні чакаюць і іншых прызёраў.

Але конкурс — гэта толькі частка фестывалю. Адным з самых яркіх гасцей сёлета стане рымскi Spellbound Contemporary Ballet, якi перамог у італьянскім конкурсе, прысвечаным Джавані Расіні. Дарэчы, выступленні менавіта гэтага калектыву можна будзе ўбачыць у трох гарадах Беларусі. Яшчэ адзін жаданы госць фестывалю — «Балет Яўгена Панфілава». Гэтая трупа з Пермі прыедзе ў Віцебск ужо дваццаць пяты раз, але з году ў год яна прывозіць новыя цікавыя пастаноўкі. Сёлета iх будзе тры, адна з iх пабудавана на музыцы Вiктара Цоя. З нецярпеннем на фестывалі чакаюць і Маскоўскі губернскі драматычны тэатр пад кіраўніцтвам народнага артыста Расii Сяргея Бязрукава. Яго акцёры пакажуць пластычны спектакль «Калігула», у аснове якога сюжэт аднайменнай п’есы Альберта Камю. Праўда, сам Бязрукаў не прыедзе, затое адну з роляў выканае iншая кiназорка — Кацярына Шпіца.

Усё гэта, што называецца, відовішча для гледачоў, прыхільнікаў мастацтва танца. Запланаваны і мерапрыемствы для прафесіяналаў. На працягу пяцi дзён, а Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе з 21 па 25 лістапада, будзе шмат практычных і тэарэтычных майстар-класаў, творчых лабараторый, інтэрактыўных лекцый і іншага. Усё гэта не толькі надае віцебскаму фестывалю вагі ў міжнароднай супольнасці, але і дапамагае развівацца нашай сучаснай харэаграфіі.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter